Падарожнік-даследчык Мікалай Каржанеўскі, які быў родам з Віцебскай губерні, назваў адну з адкрытых ім вяршынь у гонар любімай жонкі-настаўніцы. На розных картах Паміра больш за 100 гадоў адзін з сямітысячнікаў на тэрыторыі былога СССР так і значыўся: Пік Яўгеніі, Пік Каржанеўскай, Пік Яўгеніі Каржанеўскай альбо Pik Yevgenii Korzhenevskoy. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта «Настаўніцкай газеты».
Тысячы экспедыцыйных кіламетраў
З розных крыніц вядома, што Мікалай Каржанеўскі ў 1901 годзе скончыў Кіеўскае ваеннае вучылішча і паехаў у Туркестан, у горад Ош. Па распараджэнні штаба ваеннай акругі на падпаручніка-афіцэра з часам усклалі клопаты па арганізацыі на Паміры бесправаднога тэлеграфа.
У сям’і камандзіра батальёна Сяргея Тапарніна, у якім служыў Каржанеўскі, жыла Яўгенія: з ёй Мікалай і ажаніўся ў 1905 годзе. А праз пяць гадоў адкрыў новую вяршыню — і назваў яе ў гонар жонкі.
Што такое 30 тысяч экспедыцыйных кіламетраў, якія Мікалай Леапольдавіч на працягу жыцця адолеў, — цяжка і ўявіць. Можна хіба супаставіць: каля трох тысяч павінен адужаць той, хто захоча абысці Беларусь уздоўж дзяржаўнай мяжы. Але ж гэта — па раўніне, па жывой прасторы, а не па камяністых, пераважна безжыццёвых, заснежаных памірскіх пустэчах…
Надзвычай цёплыя сведчанні пра іх абаіх — Мікалая і Яўгенію Каржанеўскіх — адшукаў я ў кнізе Віктара Вітковіча “Круг жизни”. Згадваючы вучобу ў ташкенцкай школе імя Пржавальскага, на даваеннай Гогалеўскай вуліцы, ён піша пра настаўнікаў. Сярод любімых і ён: “З глыбокай павагай успамінаю Мікалая Леапольдавіча Каржанеўскага, вандроўніка і даследчыка горных ледавікоў, які на ўсіх нас вельмі паўплываў. У тыя бурныя гады географы часова апынуліся без справы і вядомы вандроўнік вымушаны быў пайсці ў школьныя настаўнікі. Выкладаў фізіку, але на ўроках развіваў нашу цікавасць да геаграфіі. Яго запал да падарожжаў быў такі вялікі, што нам няцяжка было яго збіць на любімы прадмет. І мы карысталіся тым: часта ўрок фізікі абрываўся і Мікалай Леапардавіч (так жартаўліва і разам з тым улюбёна мы яго звалі, пачуўшы ад яго пра тое, як аднойчы сустрэўся ў гарах са снежным леапардам) расказваў нам пра вандроўкі па Сярэдняй Азіі”.
Павучальнае апавяданне “Сторож Сарезского озера” Вітковіч выпісвае ў кнізе паводле гісторыі, расказанай падарожнікам: ён быў там у экспедыцыі ў 1913 годзе. Для назіранняў за ўзроўнем вады ў возеры, што ўтварылася пры горным абвале, там пакінулі вартаўніка — і… забыліся пра яго на 10 гадоў. Рэвалюцыя, Першая сусветная вайна… За працу яму ніхто не плаціў. А ў 1923 годзе зноў Каржанеўскага паслалі туды. “Калі экспедыцыя дабралася да сініх вод Сарэзскага возера, насустрач выйшаў той жа памірскі таджык, праўда, пастарэлы на дзесяць гадоў, і прывітаўся як ні ў чым ні бывала. Усе гады ён працягваў несці вахту, акуратна рабіў пазнакі на рэйках, а калі возера іх затапіла, паставіў новыя і рабіў пазнакі на іх. Ён цярпліва чакаў і гатовы быў даць справаздачу аб зробленым, і сапраўды даў яе адразу за дзесяць гадоў.
— З таго дня, — сказаў нам Мікалай Леапольдавіч, — людзі для мяне дзеляцца на тых, каму можна даверыць Сарэзскае возера, і на тых, каму яго даверыць нельга”.
Імя на піку. І не толькі!
Як сцвярджае Віктар Вітковіч, сам Каржанеўскі належаў да першых: верных, адказных, працавітых. Пісьменнік сцісла пераказвае біяграфію даследчыка Паміра: “Ён прыехаў у Ош. Іншыя гулялі ў карты, а ён пабудаваў на арыку турбіну і даў гораду электрычны ток. Потым пачаў здзяйсняць экскурсіі ў горы, затым — экспедыцыі. Яго адкрыцці ледавікоў зрабілі імя Каржанеўскага вядомым. Яму стала дапамагаць Расійскае геаграфічнае таварыства, Сямёнаў-Цянь-Шаньскі. Ніколі не забыць таго трапяткога пачуцця на ўроках Каржанеўскага, калі мы дакраналіся да жывога ў гісторыі. Яно прымушала нас, увесь клас, адчуваць сябе амаль што прамымі спадчыннікамі вялікіх рускіх вандроўнікаў XIX стагоддзя. Імя Каржанеўскага носяць два найбуйнейшыя ледавікі: адзін — на самым паўночным з Цянь-Шаньскіх хрыбтоў, Заілійскім, другі — на самым паўднёвым з кіргізскіх, Заалайскім”.
Гэтае імя далі ледавікам ужо іншыя даследчыкі — у знак павагі да вялікіх заслуг нашага суродзіча як нястомнага даследчыка Паміра. І шчыра захапляецца вучань сваім настаўнікам, тым, што назваў ён вяршыню ў гонар любімай — і тым праславіў яе на цэлы свет.
У 1960 годзе, праз год пасля смерці Мікалая Леапольдавіча, Віктар Вітковіч зноў трапіў у Ташкент і наведаў там Яўгенію Сяргееўну: “Ёй было пад восемдзесят, а яна толькі што вярнулася з Сырдар’і, з рыбалкі, куды ездзіла з сяброўкай. Тут жа мне і сабе наліла па чарцы чырвонага віна: успомніць Мікалая Леапольдавіча”.
У час размовы гаспадыня дома згадвае, наколькі кранула яе мужа, што кнігу “З вамі па Кіргізіі” Вітковіч заключыў прысвячэннем Каржанеўскаму: “майму школьнаму настаўніку”. У канцы 1958 года кніга выйшла, вучань даслаў яе настаўніку, той чытаў, потым заснуў — і ўжо не прачнуўся: “Вы яму перад смерцю падарылі радасць… — памаўчала і дадала: — Вы не ведаеце, як рэдка прыходзіць да людзей… Як бы гэта сказаць?.. Не афіцыйная падзяка — яму хапала яе… Не ветлівае захапленне сяброў — гэтага было таксама з лішкам… А такі вось падарунак даўняга, які жыве бог ведае дзе, вучня… Асабістай увагай мы ўсе не распешчаныя…”
Напрыканцы сустрэчы пісьменнік запытаў Яўгенію Сяргееўну, ці не спрабавалі перайменаваць вяршыню. “Яна ўсміхнулася: “Казалі мне, што намер такі быў, аднак разумны чалавек сказаў: “Няхай хоць адна жанчына ўзносіцца над светам!” — яна змоўкла, надоўга задумалася, потым устала і заспяшалася: — Ну, мне трэба праверыць сшыткі”. — “У вас вучні?” — здзівіўся я. “Так, выкладаю нямецкую мову. Грошы за ўрокі не бяру, так што ў мяне заўсёды хапае вучняў…” — светла ўсміхнулася, і мы развіталіся”.
Далей чытаем: “Я сыходзіў з дзіўным пачуццём, быццам са мной адбылося нешта незвычайнае. Зрэшты, так яно і было: я ж да самой гісторыі дакрануўся рукой”.
Вось і мы, праз такія цёплыя ўспаміны, да гісторыі дакранаемся.
Памірскія горы і беларускія раўніны
Здавалася б: якая справа беларускім настаўнікам да таго, што рабілася і робіцца на Паміры, на яго вышынях і вакол іх найменняў? Дзіўным чынам гэты “дах свету”, як называюць горы Паміра, са светам беларускім паяднаны. І ў кожнай назве, імені, кожным знаку ці сімвале ёсць свой сэнс.
Калі ў дзяцінстве я трапіў першы раз у вясковую бібліятэку, калі мне там сказалі: “Выбірай што хочаш”, то сярод іншых кніжак пабачыў і “Анекдоты пра Хаджу Насрэдзіна”. Што такое анекдоты, у гадоў 12 я нібыта ведаў, а імя Хаджы зацікавіла тату. Бо ён у 50-я гады служыў артылерыстам недзе пры пагранзаставе ў гарах Паміра, на ўсё жыццё быў тым уражаны, пра Хаджу Насрэдзіна там і чуў. Казаў: на Паміры іншыя беларускія хлопцы таксама служылі. Расказваў, як здымаўся пры “яго” пагранзаставе мастацкі фільм “Застава ў гарах”. Так што суфійская мудрасць (якая ўкладзена ў вобраз Насрэдзіна) адкрыта вялікім і малым, гараджанам і вяскоўцам. Пазней, у студэнцтве, я набыў кнігу “Аповесць пра Хаджу Насрэдзіна” Леаніда Салаўёва, якую нядаўна перачытаў. Пацікавіўся лёсам аўтара. І аказалася, сцэнарый фільма “Насрэдзін у Бухары” (1943) разам з ім пісаў Віктар Вітковіч, ён жа сцэнарыст такіх вядомых фільмаў, як “Русалачка”, “Чароўная лямпа Аладзіна”, “Авіцэна”… Ці не беларус?
Яўгенія Каржанеўская: Вы яму перад смерцю падарылі радасць. Вы не ведаеце, як рэдка прыходзіць да людзей… Як бы гэта сказаць?.. Не афіцыйная падзяка — яму хапала яе… Не ветлівае захапленне сяброў — гэтага было таксама з лішкам… А такі вось падарунак даўняга, які жыве бог ведае дзе, вучня… Асабістай увагай мы ўсе не распешчаныя…
Родавыя карані Вітковіча сербскія, продкі жылі на тэрыторыі Рэчы Паспалітай, збегшы з Сербіі ад туркаў. А яго прадзед Іван Вітковіч — асоба знакамітая: юнаком быў асуджаны, сасланы ў Орскую крэпасць, у гісторыю ўвайшоў як расійскі афіцэр, усходазнаўца, падарожнік, першы пасланнік Расіі ў Кабуле. Родам жа Вітковіч, як і Леапольд Каржанеўскі, з Ковенскай губерні, вучыўся ў гімназіі ў Крожах, дзе ў складзе суполкі “Чорныя браты” намагаўся вызваліць з турмы ў Вільні выкладчыка Сабалеўскага — удзельніка таварыства філаматаў. Да якога належалі, згадаем, Адам Міцкевіч і яго паплечнікі. Так што ўсё гэта — частка нашай гісторыі. Пра тое ёсць нямала цікавага ў згаданай кнізе Віктара Вітковіча.
Вось так праз тату, Хаджу Насрэдзіна, Салаўёва, Вітковіча… я выйшаў да Каржанеўскіх. Яшчэ згадаў, што сярод беларусаў, чые жыццёвыя дарогі мелі памірскія пазнакі, ёсць і герой Сяргей Сыч. Наш зямляк з Рэчыцы, воін-
інтэрнацыяналіст, загінуў 13 ліпеня 1993 года на 12-й пагранзаставе 117-га Маскоўскага пагранатрада. Сяргей быў адным з воінаў, хто здзейсніў подзвіг, загінуў пры выкананні службовага воінскага абавязку на таджыкска-афганскай граніцы.
Сёлета 30 гадоў з часу таго легендарнага бою ў гарах. У гонар Сяргея Сыча яго імем названа сярэдняя школа № 6 Рэчыцы, дзе ён вучыўся. Так што дакументальны фільм “12 застава”, мастацкі фільм “Ціхая застава” — гэта шчымлівыя аповеды і пра нас, беларусаў. Якім Памір даўно не чужы.
Іван ЖДАНОВІЧ