Кафедры рыторыкі і методыкі выкладання мовы і літаратуры філфака БДУ споўнілася 35 гадоў. Да гэтай даты прымеркавана правядзенне ІІ Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Аксіялогія філалагічнай адукацыі ў кантэксце падрыхтоўкі педагога будучыні», якая была арганізавана ў вочна-дыстанцыйным фармаце і аб’яднала каля 80 вучоных і выкладчыкаў з Беларусі, Расіі, Узбекістана, Кыргызстана і Кітая, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».
На адкрыцці мерапрыемства дэкан факультэта, кандыдат філалагічных навук, дацэнт Сяргей Важнік адзначыў, што кафедра стваралася на аснове зліцця двух кафедраў — методыкі выкладання рускай мовы і літаратуры і методыкі выкладання беларускай мовы і літаратуры. Яе заснавальніцай была доктар педагагічных навук, прафесар, член-карэспандэнт Акадэміі адукацыі Рэспублікі Беларусь, заслужаны дзеяч навук Беларусі Ларыса Мурына. Яна і кіравала ёю доўгі час. Вялікі ўклад у развіццё кафедры ўнесла беларускі метадыст Зінаіда Варановіч.
— Кафедру рыторыкі і методыкі выкладання і Нацыянальны інстытут адукацыі аб’ядноўвае многае: і агульныя навуковыя тэмы, і выкананне важных дзяржаўных задач у галіне адукацыі. І найперш людзі, дзякуючы якім распрацаваны канцэпцыі вучэбных прадметаў (па рускай і беларускай мове і літаратуры), адукацыйныя стандарты, вучэбныя праграмы, вучэбна-метадычныя комплексы па вучэбных прадметах і для правядзення факультатыўных заняткаў. У іх стварэнні прымалі ўдзел Ларыса Гамеза, Ірына Саматыя, Вольга Праскаловіч, Ірына Саніковіч, Таццяна Ігнатовіч, Вольга Царова, Ірына Таяноўская і іншыя супрацоўнікі кафедры, — падкрэсліла намеснік дырэктара па навукова-даследчай рабоце Нацыянальнага інстытута адукацыі, доктар педагагічных навук, дацэнт Вольга Зелянко. — Мы сумесна стваралі кантрольна-вымяральныя матэрыялы, якія шматразова перавыдаваліся — так іх любяць настаўнікі. Разам распрацоўвалі электронныя адукацыйныя рэсурсы, якія сёння прадстаўлены на нацыянальным адукацыйным партале. Уся краіна актыўна карыстаецца імі. Сумесна распрацоўвалі дыдактычныя і дыягнастычныя матэрыялы серыі «Кампетэнтнасны падыход», якая дазваляе настаўнікам рыхтаваць вучняў да ўдзелу ў міжнародных праграмах ацэнкі якасці адукацыі. Таксама мы стварылі ўнікальную праграму «Нацыянальнае даследаванне якасці адукацыі», якая ўпершыню будзе працаваць у нашай краіне з лістапада 2023 г. Аўтарства гэтых зборнікаў таксама належыць супрацоўнікам кафедры.
Работнікі кафедры прымаюць удзел у распрацоўцы вучэбных і вучэбна-метадычных матэрыялаў, падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў па мовах і літаратуры для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, якія патрэбны як вучням, так і настаўнікам. Так, у лінейцы новых вучэбных дапаможнікаў па беларускай мове сярод аўтараў — супрацоўнік кафедры І. Саматыя, па беларускай літаратуры — В. Праскаловіч.
С. Важнік уручыў медаль, прымеркаваны да стагоддзя БДУ, ветэрану кафедры рыторыкі і методыкі выкладання Таццяне Зыль.
На канферэнцыі былі разгледжаны пытанні, звязаныя з прафесійна-метадычнай адукацыяй, аксіялагічнымі аспектамі прафесійнай кампетэнтнасці педагога, лінгвадыдактычнымі і рытарычнымі асновамі педагога будучыні, інавацыйнымі тэхналогіямі фарміравання каштоўнасных арыенціраў у працэсе філалагічнай адукацыі.
Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота аўтара