Прадстаўнікі Гомельскай вобласці заваявалі 11 дыпломаў на заключным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры, які прайшоў у Гомелі. Па 8 дыпломаў у Віцебскай і Магілёўскай абласцей і па 7 — у Гродзенскай і горада Мінска. У інтэлектуальным спаборніцтве ўдзельнічалі 114 школьнікаў з усёй краіны, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».
Начальнік упраўлення маніторынгу якасці адукацыі, старшы навуковы супрацоўнік лабараторыі гуманітарнай адукацыі Нацыянальнага інстытута адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, намеснік старшыні журы Вячаслаў Караткевіч асаблівыя словы ўдзячнасці выказаў настаўнікам, якія рыхтавалі дзяцей да алімпіяды:
— Вам, педагогі, нізкі паклон за вашу працу. Яна сапраўды адчуваецца. Вы лепшыя з найлепшых настаўнікаў. Памятайце, што перамог той, хто адкрыў для сябе нешта новае. Спадзяюся, што гэтае свята ведаў было для кожнага адкрыццем.
Алімпіяда прайшла ў два туры: у першым школьнікі рабілі пісьмовую работу, а ў другім — пісалі водгук на літаратурны твор. Дацэнт кафедры беларускага мовазнаўства філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, кандыдат філалагічных навук, дацэнт Марына Свістунова падкрэсліла, што ганарыцца моладдзю і нават тымі, хто не змог паказаць сябе ва ўсёй моцы:
— Не трэба адчайвацца. Мы бачылі, што ў вас велічэзны патэнцыял, і вашы крылы яшчэ абавязкова раскрыюцца. Мы ў гэта шчыра верым.
Галоўны спецыяліст упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Ірына Булаўкіна выказала ўдзячнасць арганізатарам алімпіяды ў Гомелі:
— Вы арганізавалі ўсё на высокім прафесійным узроўні. Шаноўныя члены журы, вы працавалі плённа і натхнёна. Вам было цяжка, але вы выбралі лепшых з лепшых. Паважаныя настаўнікі, шчасця, моцнага здароўя вам і цярпення. Як бы ні склаўся ваш лёс, дарагія ўдзельнікі, які б шлях вы ні выбралі, самае галоўнае — каб вы выбралі тую сцежку, якая прыносіла б вам задавальненне і натхненне.
Абсалютныя пераможцы: у 9 класе — Алеся Гамідава, навучэнка сярэдняй школы № 202 Мінска імя В.М.Гінтаўта (настаўніца Таццяна Байраш). У 10 класе — Ангеліна Нарук з сярэдняй школы № 22 Гомеля (настаўніца Наталля Фяськова). Сярод вучняў 11 класа — Софія Акуневіч, прадстаўніца сярэдняй школы № 90 імя У.І.Стэльмашонка Мінска (настаўніца Алена Вацьковіч).
Ірына Уладзіміраўна ўручыла спецыяльны прыз міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь у намінацыі “За творчы беларусазнаўчы патэнцыял” вучаніцы 9 класа гімназіі № 1 Брэста імя Абаронцаў Брэсцкай крэпасці Вікторыі Гапасюк. Вучань 9 класа Маложынскай сярэдняй школы Брагінскага раёна Сцяпан Харко з рук выконваючага абавязкі намесніка начальніка галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта, начальніка аддзела дашкольнай, агульнай сярэдняй, спецыяльнай і прафесійнай адукацыі Ірыны Драбышэўскай атрымаў спецыяльны прыз Гомельскага аблвыканкама ў намінацыі “Лепшы сельскі школьнік з Гомельскай вобласці”.
Дыпломы І ступені ўдзельнікам Рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры ўручала прафесар кафедры беларускага мовазнаўства філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, доктар філалагічных навук, прафесар Ірына Гапоненка. У ролі старшыні журы яна ўпершыню. Гаворыць, пераканалася, што ўсе юныя алімпіяднікі — суперзоркі:
— Вельмі прыемна, што такія дзеці ў нас ёсць. Яны ўмеюць думаць і ўмеюць адстойваць сваё меркаванне. Тыя, хто прайшоў алімпіяды, потым — сярод самых лепшых студэнтаў. Яны заўсёды больш упэўненыя. Куды б гэтыя дзеці ні пайшлі далей вучыцца, ім абавязкова спатрэбіцца гэты найкаштоўнейшы вопыт удзелу ў алімпіядзе.
Для знаўцаў роднай мовы ў Гомелі была арганізавана культурная праграма. Школьнікі сустрэліся са старшынёй Гомельскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Уладзімірам Гаўрыловічам, наведалі Алею Герояў і палацава-паркавы ансамбль. У Гомельскім абласным драматычным тэатры паглядзелі спектакль паводле аповесці Васіля Быкава “Пайсці i не вярнуцца”.
Ірына АСТАШКЕВІЧ
Фота аўтара