У Шчучыне ствараюць інтэрактыўны міні-­музей «Канструктар»

- 13:08Образование

Міні-­музей “Канструктар” у Шчучынскім палацы творчасці дзяцей і моладзі будзе не толькі інфармацыйным цэнтрам, але і пляцоўкай для развіцця творчых здольнасцей дзяцей. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”. 

Стварэнне міні-музея стала магчымым дзякуючы атрыманню гранта Прэзідэнта Рэс­публікі Беларусь.

Аб’яднанне па інтарэсах “РобатаЦэнтр”, якім кіруе загадчык аддзялення спартыўна-тэхнічнай творчасці палаца Ірына Поскіна, працуе ў Шчучынскім палацы творчасці некалькі гадоў. Зараз яго наведва­юць больш за 30 чалавек. У юных робататэхнікаў ужо ёсць дасягненні. На апошнім абласным робатурніры ўдзельнікі гуртка заваявалі 4 дыпломы. Ірына Канстанцінаўна ра­зам са сваімі выхаванцамі — вучнем сярэдняй школы № 2 Шчучына Цімафеем Еўтушыкам і вучнем гімназіі Валяр’янам Рыбаком — удзельнічалі ў форуме “Расія — Беларусь: моцнае партнёрства”, дзе прадстаўлялі праект міні-музея і канструктары, створаныя выхаванцамі гуртка.

Праект міні-музея мы прадстаўлялі ў Шчучыне на фестывалі падтрымкі маладзёжных ініцыятыў “Мы разам” і атрымалі сертыфікат аддзела адукацыі, спорту і турыз­му Шчучынскага рай­выканкама, — гаво­рыць намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Шчучынскага палаца творчасці дзяцей і моладзі Вікторыя Шылко. — А потым падалі дакументы на грант Прэзідэнта і атрымалі яго.

Штомесяц на рэалізацыю праекта будуць выдзяляцца сродкі ў памеры 41 базавай велічыні. Зараз ідзе распрацоўка эскізаў кабінета, дзе размесціцца музей. Пачынаюцца рамонтныя работы, закупляюцца канструктары.

Наш міні-музей бу­дзе інтэрактыўным, — гаворыць Ірына Канстанцінаўна. — Яго наведвальнікі змогуць не толькі ўбачыць розныя канструктары, але і паспрабаваць свае сілы ў канструяванні. Міні-музей будзе складацца з дэманстрацыйнай залы са сталамі, на якіх размесцяцца гатовыя LEGO-праекты, LEGO-цацкі і LEGO-робаты. Гэтыя экспазіцыі можна будзе не толькі разглядаць, але і браць у рукі, сачыць за іх работай у руху. Тут прадставім мадэлі, якія выхаванцы “РобатаЦэнтра” зрабілі на занятках або самастойна.

Тэматыка экспазіцый будзе разнастайнай: “Космас”, “Ваенная тэхніка”, “Робаты-памочнікі”, “Горад будучыні”, “LEGO-лялькі”, “Зорныя войны”.

Такі музей — гэта цудоўная адукацыйная пляцоўка, — працягвае Ірына Канстанцінаўна. — Работа с канструктарам развівае структурна-лагічнае мысленне, увагу, цярпенне, настойлівасць і мэтанакіраванасць.

Шчучынскі палац творчасці дзяцей і моладзі не толькі адукацыйная і выхаваўчая пляцоўка, гэта сапраўдны культурны цэнтр раёна. Міні-музей “Канструктар” стане яшчэ адной яго славутасцю і дасць магчымасць пашырыць творчыя гарызонты будучых канструктараў, і не толькі іх.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ