У рамках рабочай паездкі на Гомельшчыну міністр адукацыі Андрэй Іванец пабываў ва ўстановах адукацыі, дзе выхоўваюцца будучыя вайскоўцы. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта «Настаўніцкай газеты».
Андрэй Іванавіч наведаў Гомельскае кадэцкае вучылішча, дзе зараз вучыцца 163 чалавекі. З іх 37 — гэта дзяўчаты.
Афіцэр пачынаецца з кадэта
— Амаль 70% нашых выпускнікоў паступаюць ва ўстановы вышэйшай адукацыі сістэмы нацыянальнай бяспекі, — адзначыў дырэктар вучылішча Дзмітрый Грыгарэнка. — Ужо ў гэтым навучальным годзе двое кадэтаў сталі пераможцамі трэцяга этапу рэспубліканскай алімпіяды. На заключным этапе атрыманы дыплом III ступені па фізічнай культуры. Нашы выхаванцы за навучальны год заваявалі 25 дыпломаў і медалёў на спаборніцтвах рознага ўзроўню па летнім і зімовым мнагаборстве “Здароўе”, “Абаронца Айчыны”.
Дзейнасць пошукавага клуба “Пунсовыя пагоны” — асаблівая гордасць гэтай установы. Пад кіраўніцтвам настаўніка гісторыі Паўла Дзенісенкі кадэты пошукавага клуба займаюцца аднаўленнем імёнаў салдат і афіцэраў, якія аддалі жыццё пры абароне Радзімы. Менавіта кадэцкае вучылішча мае права працаваць разам з асобным 52-м спецыялізаваным пошукавым батальёнам.
— Атрымалася перапахаваць 219 байцоў Чырвонай Арміі, — расказвае Павел Уладзіміравіч. — Таксама выяўлены 892 байцы, якія не ўлічаны ў брацкіх пахаваннях часоў Вялікай Айчыннай вайны, 875 мірных жыхароў.
У межах ваенна-патрыятычнага выхавання кадэты працягваюць актыўна супрацоўнічаць з ваенна-транспартным факультэтам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту, вайсковымі часцямі 1242, 5525, 63604.
Школа жыцця
Андрэй Іванец наведаў спецыялізаваны ліцэй пры Універсітэце грамадзянскай абароны МНС, які знаходзіцца ў маляўнічым урочышчы Клёнкі пад Гомелем. Кіраўнік галіны азнаёміўся з арганізацыяй адукацыйнага працэсу, умовамі жыцця і побыту ліцэістаў, іх дасягненнямі ў спорце і творчасці. Маладыя людзі прадэманстравалі свае навыкі на спартыўных збудаваннях, дзе займаюцца пажарна-выратавальным спортам, футболам і пажарным кросфітам. Уразілі паказальныя выступленні ўзвода барабаншчыкаў і прадэманстраваныя элементы баявой работы ратавальнікаў-пажарных.
— Цяпер у ліцэі МНС праходзяць навучанне юнакі з 7 па 11 клас, — расказаў начальнік ліцэя палкоўнік Аляксей Дашкевіч. — Практычна кожны трэці навучэнец — сірата ці падлетак, які застаўся без апекі бацькоў. 60% навучэнцаў — дзеці з малазабяспечаных, няпоўных і мнагадзетных сем’яў.
За гады існавання спецыялізаванага ліцэя пры ўніверсітэце МНС установу скончылі каля 600 навучэнцаў. Многія з іх сталі прафесіяналамі-ратавальнікамі. Міністр адукацыі адзначыў, што сёння складана пераацаніць ролю такіх устаноў адукацыі:
— Гэта не проста школа жыцця. Гэта не проста падрыхтоўка дзяцей, якія ў будучыні з вялікай верагоднасцю выбіраюць прафесію, звязаную з абаронай Радзімы і выратаваннем людзей. Тут ажыццяўляецца вельмі важны элемент патрыятычнага выхавання нашай моладзі. Нават тыя дзеці, якія не выберуць для паступлення ваенізаваныя ўніверсітэты, у звычайным жыцці, я ўпэўнены, будуць прыкладам для тых, хто побач з імі. Сёння міністэрствы адукацыі і па надзвычайных сітуацыях вельмі цесна супрацоўнічаюць. Мы гатовы і далей развіваць наша ўзаемадзеянне. Дзецям хацеў бы пажадаць, каб у кожнага рэалізаваліся мары і каб тыя навыкі і веды, якія яны атрымліваюць у ліцэі, спатрэбіліся ім у жыцці — на карысць нашай Рэспублікі Беларусь.
Асаблівым — асаблівая ўвага
Андрэй Іванец таксама азнаёміўся з дзейнасцю Гомельскага абласнога цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі. Ён цікавіўся работай абласной псіхолага-медыка-педагагічнай камісіі, асаблівасцямі адукацыйнага працэсу з навучэнцамі, якія маюць цяжкія, множныя парушэнні ў псіхічным і фізічным развіцці. Андрэй Іванец звярнуў увагу на дзейнасць аб’яднання па інтарэсах для асаблівых дзяцей.
Ва ўстанове ў поўным аб’ёме прадстаўлена безбар’ернае асяроддзе для дзяцей-інвалідаў і адаптыўна-развіццёвая прастора для дзяцей з расстройствамі аўтыстычнага спектра. Таксама міністр адукацыі ацаніў базу, якая забяспечвае медыцынскую і фізічную рэабілітацыю для выхаванцаў. Падчас наведвання Андрэй Іванавіч пагаварыў з бацькамі дзяцей пра якасць арганізацыі і атрыманне адукацыі ва ўстанове.
Універсітэцкая навука
У Гомельскім дзяржаўным тэхнічным універсітэце імя П.В.Сухога Андрэй Іванец азнаёміўся з гісторыяй УВА і некаторымі лабараторыямі: аўтаматызацыі тэхнічных працэсаў, плазменных і адытыўных тэхналогій, а таксама з кабінетам мехатронікі.
З кіраўніцтвам, навукоўцамі і выкладчыкамі гутарка ішла пра перспектыўныя кірункі развіцця. На выставе вынаходстваў, метадычных распрацовак навуковых супрацоўнікаў, выкладчыкаў, аспірантаў і магістрантаў універсітэта міністр азнаёміўся з 3D-прынтарам, прызначаным для фармавання складанапрофільных дэталей для тэхналагічных механізмаў, робататэхнікай для работы ў агрэсіўных умовах, імпартазамяшчальнымі керамічнымі вырабамі з розным функцыянальным прызначэннем. Прадстаўленыя распрацоўкі створаны пры ўдзеле студэнтаў, магістрантаў і аспірантаў установы вышэйшай адукацыі — укаранёны на розных прадпрыемствах краіны. На выставе таксама былі прадстаўлены работы студэнтаў мастацкай студыі Creative Art, якая працуе на базе ўніверсітэта.
Грамадскія арганізацыі ўніверсітэта — прафсаюзны камітэт студэнтаў і БРСМ — прадставілі свае дасягненні. Байцы студэнцкіх атрадаў расказалі, што прымаюць актыўны ўдзел у маладзёжных вытворчых працоўных праектах. Сярод іх “Атлант 2022”, “БМЗ”, “МАЗ”. Маладыя людзі з задавальненнем расказалі пра дзейнасць студэнцкага савета і ўдзел у акцыях.
Ірына АСТАШКЕВІЧ
Фота аўтара