Метадычная работа ў гімназіі № 1 Ваўкавыска мае сваю спецыфіку і адрозніваецца ад традыцыйнай дзейнасці, якая ажыццяўлялася ў нашых школах гадамі і вядома кожнаму вопытнаму педагогу. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта «Настаўніцкай газеты».
– Традыцыйныя формы і спосабы метадычнай работы не прыносілі жаданага выніку, — расказвае намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце гімназіі Алена Аскірка. — У выніку мы адмовіліся ад метадычных аб’яднанняў, бо яны не апраўдвалі сябе: людзі працуюць адно з адным, прызвычайваюцца, і ім, па сутнасці, няма чым падзяліцца. Зараз у нас дзейнічаюць метадычныя фарміраванні рознага плана: і лабараторыі, і школы, і педагагічныя студыі, і творчыя групы. На падставе рашэння педсавета, па выніках метадычнай работы за год мы вызначаем тыя праблемы, якія існуюць, або пытанні, якія на сёння найбольш актуальныя, і вызначаем напрамкі дзейнасці: кожны настаўнік для сябе выбірае, што яму цікава і чым ён будзе займацца. Сёння ў гімназіі дзейнічаюць лабараторыі “Функцыянальная дасведчанасць”, “Адукацыйны эфект рэфлексіўнага навучання”, педагагічная студыя “ІТ на вучэбных занятках: ад тэорыі да практыкі”, творчая група “Даследаванне ўрока” і інш. Паспяхова працуе школа ўдасканалення педагагічнага майстэрства “Падрыхтоўка да кваліфікацыйнага экзамену на вышэйшую катэгорыю”. Дарэчы, сёлета два педагогі здалі кваліфікацыйны экзамен і яшчэ адзін рыхтуецца да яго.
Пры гэтым ва ўстанове адукацыі ажыццяўляецца вельмі вялікая папярэдняя работа. Праводзіцца дыягностыка запытаў педагогаў, цяжкасцей, з якімі яны сутыкаюцца, потым вылучаюцца ключавыя моманты, якія аб’ядноўваюць людзей, і выносяцца на абмеркаванне. І толькі пасля гэтага выбіраюцца тыя напрамкі, якія будуць сапраўды цікавыя і запатрабаваныя. Дыягностыка, дарэчы, праходзіць на працягу года.
Стала добрай традыцыяй правядзенне кожным фарміраваннем метадычнага тыдня, дзе педагогі прадстаўляюць свае напрацоўкі. У гэтым навучальным годзе прайшлі чатыры такія тыдні (па даследаванні ўрока, па функцыянальнай дасведчанасці, па ІТ і метадычная мазаіка па рабоце з адоранымі дзецьмі).
— На метадычным тыдні самае галоўнае для настаўніка — не проста годна выступіць перад калегамі, а зрабіць гэта так, як ніхто яшчэ не рабіў: паказаць сродкі па тэме, што вывучаецца, або тэхналогію, якая выкарыстоўваецца, і прадэманстраваць, чаму навучыліся за пэўны перыяд. Няма проста даклада, выступлення або паведамлення. Усё адбываецца ў інтэрактыўным рэжыме, ва ўзаемадзеянні. Так, на адным з мерапрыемстваў педагогі правялі ўрок для дарослых: на аснове малавядомых дзіцячых казак паказалі, як можна падрыхтаваць дзіця да напісання сачынення з выкарыстаннем афарызмаў. Вынікі перасягнулі ўсе чаканні, — падкрэслівае Алена Мікалаеўна.
Практыка паказвае, што новы фармат метадычнай работы намнога больш эфектыўны за звычайны. Па-першае, кожны педагог выбірае для сябе тое, што яму цікава, а па-другое, кожны хварэе душой за тое, як арыгінальна на метадычным тыдні прадставіць свае напрацоўкі.
Вопыт метадычнай работы гімназіі № 1 Ваўкавыска прызнаны перадавым на Гродзеншчыне. Пяты год установа з’яўляецца раённым рэсурсным цэнтрам па метадычнай рабоце, а з 2022 года — яшчэ і абласным. Кіруе ім Алена Аскірка.
Пяць разоў настаўнікі гімназіі станавіліся пераможцамі абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года”, трое з іх — Алена Аскірка, Ірына Клак, Людміла Заяц — з’яўляюцца фіналістамі заключнага этапу гэтых спаборніцтваў розных гадоў, а Людміла Заяц стала пераможцай конкурсу ў 2017 годзе ў намінацыі “Пачатковыя класы”.
У межах работы рэсурснага цэнтра ў гімназіі праходзяць адукацыйныя мерапрыемствы для педагогаў раёна, вобласці. Педагогі Ірына Клак, Людміла Заяц, Галіна Аксаміт, Алена Аскірка працуюць у якасці выкладчыкаў у Гродзенскім абласным ІРА на павышэнні кваліфікацыі педагогаў, праводзяць майстар-класы, урокі для дарослых.
— На базе гімназіі праходзіць навучанне намеснікаў дырэктара, якія курыруюць метадычную работу, а таксама рэзерву кадраў раёна. На некалькі дзён кіраўнікі з дапамогай прафсаюзнай арганізацыі выязджаюць у санаторый, дзе для іх арганізуецца навучанне па самых розных тэмах: работа з кадрамі, арганізацыя метадычнай работы, ахова працы і інш., — расказвае аб напрамках работы цэнтра Алена Аскірка. — Мы вучым і будучых удзельнікаў конкурсу “Настаўнік года”. Як толькі сфарміравана раённая каманда, традыцыйна праходзіць семінар для яе ўдзельнікаў. Мы прэзентуем настаўнікам асноўныя мерапрыемствы, іх асаблівасці, расстаўляем акцэнты. Безумоўна, адказнасць вельмі вялікая, бо мы працуем не толькі са сваімі настаўнікамі, але і з педагогамі з іншых устаноў адукацыі: што мы ім данясём, з тым яны пойдуць далей. Сёлета ў нас сапраўды добра атрымалася: з раёна дзве настаўніцы — Аксана Свістунова і Ксенія Арцюх — прайшлі на рэспубліканскі этап. Настаўніца геаграфіі гімназіі Таццяна Гарбачэўская заняла 2-е месца на вобласці. Мы выступілі годна. Конкурс “Настаўнік года” дазваляе раскрыцца асобе педагога: непрыметны на першы погляд, але правільна матываваны чалавек дасягае поспехаў. Пакуль Таццяна Іванаўна рыхтавалася да конкурсу, здала кваліфікацыйны экзамен на вышэйшую катэгорыю. Чалавек проста развіваўся на вачах. Дарэчы, з 2009 года прадстаўнікі нашай гімназіі кожны год удзельнічаюць у конкурсе і, як правіла, даходзяць да рэспубліканскага этапу. Увогуле, правільна пабудаваная метадычная работа дазваляе вырасціць з маладога спецыяліста прафесіянала, які будзе прымаць удзел у конкурсе педагагічнага майстэрства.
Трансляцыя вопыту і навучанне маладых спецыялістаў (на базе ўстановы адукацыі дзейнічае раённая школа маладога настаўніка) таксама у прыярытэце. Практыка паказвае, што маладыя спецыялісты прыходзяць з універсітэта без пэўнай метадычнай асновы. Яны добра ведаюць свой прадмет, але выкладаць яго дзецям для іх часта праблематычна. Таму ў аснове навучання маладых педагогаў практыка-арыентаваны, дзейсны падыход: ад метадычных асноў, планавання ўрока і інш. да глабальных рэчаў.
Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота аўтара