Перспектывы функцыянавання аграрных класаў абмеркавалі на Магілёўшчыне

- 15:48Образование

Асноўныя аспекты дзейнасці профільных класаў аграрнай накіраванасці разглядаліся падчас тэматычнага абласнога форуму. На базе Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі прадметна гутарылі педагогі, прафесары і выкладчыкі, кіраўнікі сельскагаспадарчых арганізацый, прадстаўнікі мясцовай выканаўчай улады, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

У фармаце круглага стала прысутныя вызначалі ключавыя напрамкі ўдасканалення прафарыентацыйнай работы, форм узаемадзеяння сельгасарганізацый і навучальных устаноў.

Дарэчы, зараз па вобласці ў агракласах вучацца 725 хлопцаў і дзяўчат. Значная іх частка была запрошана на форум. Маладыя людзі змаглі азнаёміцца з лабараторыямі, выставачнымі павільёнамі і комплексамі БДСГА, а таксама праявіць сябе ў міжнароднай алімпіядзе «Тэрыторыя аграведаў».

Падобны форум ладзім ужо не ўпершыню. Працуем сумесна з педагогамі з суседніх рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі. Такія сустрэчы міжнароднага ўзроўню вельмі важныя, бо яны дазваляюць дэталёва абмеркаваць актуальныя задачы падрыхтоўкі кадраў для аграпрамысловага комплексу. Непасрэдна для моладзі магчымасцю паказаць сябе з’яўляецца наша алімпіяда. Сёлета спаборніцтва аб’яднала звыш 300 вучняў аграрных класаў з Беларусі і Расіі. Падчас форуму мы ўрачыста ўзнагародзілі пераможцаў. Адметна і тое, што адным з мерапрыемстваў стаў старт новай праграмы павышэння кваліфікацыі для педагогаў, якія працуюць у профільных класах аграрнай накіраванасці і вядуць адпаведныя факультатывы. Яе асаблівасць у тым, што навучанне ажыццяўляецца сумесна МДАІРА і БДСГА. Свой прафесійны ўзровень ужо змаглі павысіць 25 настаўнікаў, — паведаміў рэктар Магілёўскага дзяржаўнага абласнога інстытута развіцця адукацыі Міхаіл Жудро.

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота прадастаўлены МДАІРА