Педагогі Грыцэвіцкай школы заўсёды ў пошуку: як сарыентаваць дзіця на этнакультурныя каштоўнасці

- 12:21Репортаж

У 1869 годзе ў памятнай кнізе Віленскай акругі з’явіўся важны для развіцця адукацыі запіс: тут было адкрыта Грыцэвіцкае народнае вучылішча. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Гістарычныя старонкі

Праз 78 гадоў вучылішча стала Грыцэвіцкай сярэдняй школай. Сёння гэта найстарэйшая агульнаадукацыйная школа Клецкага раёна з багатай гісторыяй і традыцыямі.

“У 1869 годзе, калі толькі адкрылася, вучылішча размяшчалася ў грамадскім доме, — расказвае дырэктар Грыцэвіцкай сярэдняй школы Наталля Аляксандраўна Аўдзей. — Першым настаўнікам у нашай установе быў Канстанцін Міхайлавіч Прагожа, а першым законавучыцелем праваслаўнага веравызнання — святар Ян Антонавіч Малевіч. У тыя часы ў Грыцэвіцкай школе навучалася 30 дзяцей. У 1924 годзе былі адкрыты 5 і 6 класы. Пасля 1945 года пры Грыцэвіцкай сямігадовай школе быў адкрыты філіял Клецкай вячэрняй сярэдняй школы рабочай мола­дзі, які пасля быў ператвораны ў самастойную агульнаадукацыйную сярэднюю школу. За час свайго існавання школу ўзначальвалі 6 дырэктараў, два з якіх — заслужаныя настаўнікі БССР”.

Першы выпуск у Грыцэвіцкай сярэдняй школе адбыўся ў 1948 годзе. Тады пасведчанне аб агульнай сярэдняй адукацыі атрымалі 18 вучняў. Сёння ў школе вучацца 99 дзяцей, для большасці з якіх арганізаваны падвоз з 9 вёсак.

“Сёння ў нас наладжана цеснае супрацоўніцтва з дзіцячым садам, які знаходзіцца на тэрыторыі школы, — працягвае педагог. — Таму для выхаванцаў праводзяцца экскурсіі ў музей, экалагічны кабінет. Арганізацыя свят, тэатралізаваныя выступленні — усё гэта мы робім разам. У нашай школе ў шосты дзень праводзяцца спартыўна-масавыя, фізкультурна-аздараўленчыя мерапрыемствы, а таксама арганізоўваюцца кансультацыі для вучняў і бацькоў настаўнікамі-прадметнікамі і сацыяльным педагогам. Дарэчы, менавіта па суботах навучэнцы 11 класа ў межах прафесійнай пад­рыхтоўкі наведваюць Клецкі сельскагаспадарчы каледж”.

Расказваючы пра дадатковую падрыхтоўку навучэнцаў, Наталля Аляксандраўна заўважыла, што ў школе арганізаваны заняткі 26 факультатываў: 12 — прадметнага кірунку, 13 — агульнаразвіццёвага. У 10 класе праводзяцца заняткі на павышаным узроўні па матэматыцы і фізіцы, а для навучэнцаў 8—9-х класаў — дапрофільная пад­рыхтоўка па беларускай і англійскай мовах.

“Вялікую ўвагу ўдзяляем рабоце з адоранымі і высокаматываванымі вучнямі, — зазначыла Наталля Аўдзей. — Адпаведная работа таксама дае свае вынікі. Так, на працягу 2 гадоў нашы навучэнцы станавіліся прызёрамі другога этапу Рэспубліканскай алімпіяды па гісторыі Беларусі, сусветнай гісторыі і фізічнай культуры”.

Таямніцы “Батлейкі”

У храналогію ўстановы адукацыі таксама ўпісана развіццё інавацыйнай дзейнасці. Пачынаючы з 2012 года навучэнцы і педагогі Грыцэвіцкай сярэдняй школы прымаюць удзел у рэспубліканскіх інавацыйных праектах. Школа стала пляцоўкай для рэалізацыі некаторых з іх.

Першы праект, да якога далучыліся вучні і настаўнікі, быў накіраваны на ўзаемадзеянне з сям’ёй, другі быў духоўна-маральнага кірунку, а трэці прысвечаны ўкараненню этнакультурных тэхналогій для пашырэння і ўзбагачэння адукацыйнага асяроддзя ўстановы адукацыі і стаў самым працяглым.

“Інавацыйны праект прадугледжвае магчымасць далучэння да вырашэння праблемы фарміравання беларускамоўнай асобы, якая валодае высокім узроўнем этнакультурнай кампетэнцыі, — упэўнена Н.Аўдзей. — Гэта адбываецца праз выкарыстанне ў адукацыйным працэсе шматлікіх тэхналогій у спалучэнні з эфектыўным педагагічным вопытам. Для навучэнцаў удзел у праекце карысны тым, што спрыяе іх станаўленню не толькі як суб’ектаў вучэбнай дзейнасці, здольных будаваць уласную адукацыйную траекторыю і быць гатовымі да захавання і перадачы духоўна-маральнай і культурнай спадчыны. Удзел у адпаведных праектах спрыяе ўсведамленню адказнасці за лёс роднага краю”.

Педагогі Грыцэвіцкай сярэдняй школы заўсёды ў пошуку: як знайсці магчымасць сарыентаваць дзіця на сучасныя этнакультурныя каштоўнасці, як прывіць яму паважлівыя адносіны да людзей і грамадства ў цэлым і як навучыць любіць Радзіму, свой народ?

“Інавацыйны праект “Укараненне этнакультурных тэхналогій для пашырэння і ўзбагачэння адукацыйнага асяроддзя ўстановы адукацыі” — наша самая маштабная распрацоўка, — дзеліцца Наталля Аляксандраўна. — Гэты праект вельмі актуальны, бо накіраваны на фарміраванне паважлівых адносін да гісторыі роднага краю, духоўных якасцей свайго народа, нацыянальных традыцый як часткі сусветнай культуры, павагі да роднай мовы. Што тычыцца мэты праекта, то, працуючы над ім, мы імкнуліся да таго, каб сфарміра­ваць і развіць асобу вучня, здольнага распаўсюджваць і папулярызаваць беларускую нацыянальную гісторыю, культуру і мову праз эвалюцыяніраванне этнакультурных традыцый у межах адукацыйнага асяроддзя ўстановы адукацыі”.

Вярнуцца ў эпоху старадаўняй беларускай культуры, дакрануцца да жывой гісторыі беларускага народа, здзейсніць своеасаблівае падарожжа праз час дапамагае работа аб’яднання па інтарэсах “Батлейка”, якім кіруе настаўніца пачатковых класаў Наталля Іванаўна Мінец.

“У аб’яднання па інтарэсах вялікі выхаваўчы патэнцыял, — запэўнівае педагог. — Заняткі ў “Батлейцы” ўсебакова развіва­юць вучняў. З дапамогай тэатральнай педагогікі Наталля Іванаўна не толькі развівае прыродныя здольнасці дзяцей, але і выхоўвае ў іх духоўна-маральныя якасці. На сучасным этапе гэта і ёсць прыярытэтная задача для педагога”.

Значную ролю ў рэалізацыі праекта адыгрывае школьны края­знаўчы музей, якому нададзены статус “народны”. Асноўную частку музея займае раздзел “Мінулае і сучаснасць вёскі Грыцэвічы”. Сярод мноства экспанатаў  асаблівае месца ў кутку этнаграфіі займае экспазіцыя “Прыадчынім вечка бабулінага куфэрка”, дзе размешчаны 30 ручнікоў.

“Для вывучэння вуснай народнай творчасці нашага краю была арганізавана фальклорная экспедыцыя пад кіраўніцтвам загадчыка музея, — працягвае Н.Аўдзей. — Падчас яе адбылася сустрэча з жыхарамі нашай вёскі, якія шмат цікавага расказалі пра мінулае, аб якім веда­юць ад сваіх дзядуляў і бабуль. Па выніках экспедыцыі была напісана навуковая работа, за якую мы атрымалі дып­лом І ступені на рэспубліканскім конкурсе творчых і навукова-даследчых работ “Тут родныя трымаюць карані”. А пісьмо-нарыс пра малую радзіму ў гэтым жа конкурсе ў намінацыі “Край мой родны, край прыгожы” быў удастоены дыплома ІІІ ступені”.

Навучыць быць добрымі

Асаблівая роля ў выхаванні этнакультурных каштоўнасцей адводзіцца факультатыўным заняткам “Асновы праваслаўнай культуры”, якія наведваюць вучні 1—11-х класаў. Дарэчы, з 2015 года ў Грыцэвіцкай сярэдняй школе працуе раённы рэсурсны цэнтр па духоўна-маральным выхаванні.

“Падчас правядзення факультатыву праводзяцца розныя па форме заняткі, тэматычныя гутаркі, развагі, — паведамляе Наталля Аўдзей. — У нас наладжана супрацоўніцтва са Слуцка-Салігорскай епархіяй, у прыватнасці, са свяшчэннаслужыцелем айцом Валерыем”.

       

Ужо стала добрай традыцыяй адзначаць у школе сумесныя святы (Пакроў, Каляды, Вялікдзень), на якія запрашаюцца бацькі, дзеці, педагогі і прадстаўнікі царквы.

“Падчас правядзення свята “Багач” навучэнцы і бацькі прадэманстравалі свае дасягненні ў вырошчванні садова-агароднінных культур, вырабы з агародніны і садавіны, — расказвае Наталля Аляксандраўна. — У гэты ж дзень дзеці і бацькі прымалі ўдзел у гульнях і конкурсах. Штогод у кастрычніку ў нас праводзіцца тыдзень праваслаўнай культуры “Дарогаю дабра”. Але больш за ўсё ў нашай школе любяць Каляды. Айцец Валерый тлумачыць, што Каляды — гэта час, калі можна падзяліцца радасцю з іншымі, дапамагчы слабым, праявіць ветлівасць, шчодрасць і любоў. Менавіта таму ў снежні — студзені праводзім шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных Калядам. Нашы вучні больш за ўсё любяць творчы калейдаскоп “Каляды прыходзяць у дом”, а таксама шчырыя размовы з айцом Валерыем, якія атрымалі назву “Калядная гісторыя”. У межах навагодніх дабрачынных акцый пры дапамозе школьнага самакіравання былі падрыхтаваны і ўручаны падарункі мнагадзетным сем’ям — гэта якраз пра тое, як важна дапамагаць іншым”.

Арганізоўваючы работу па рэалізацыі плана рэсурснага цэнтра, у школе ўдзяляюць вялікую ўвагу асвеце законных прадстаў­нікоў. Сумесна з бацькамі падчас тэматычных пасяджэнняў былі абмеркаваны такія тэмы, як “Духоўна-маральныя асновы выхавання ў сям’і”, “Самавыхаванне і прыклад бацькоў”, “Асноўныя шляхі і ўмовы фарміравання маралі ў сям’і” і інш.

“Працуючы ў кірунку духоўна-маральнага выхавання дзяцей, мы ўсе павінны быць зацікаўлены ў гэтым, — упэўнена Наталля Аўдзей. — Напрыканцы вучэбнага года будзем складаць план работы раённага рэсурснага цэнтра па духоўна-маральным выхаванні на наступны год. Безумоўна, у расклад заняткаў клуба ўключым усё тое, што палюбілася навучэнцам. А таксама прадумаем новыя цікавыя мерапрыемствы, якія будуць спрыяць усебаковаму развіццю дзяцей”.

Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА