Радзіма пачынаецца з цябе. Работу па ваенна-патрыятычным выхаванні моладзі абмеркавалі ў Віцебску

- 10:46Актуально, Образование

Работу па ваенна-­патрыятычным выхаванні моладзі абмеркавалі на абласным міжведамасным семінары­практыкуме ў Лужасне і Віцебску, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Двухдзённая праграма была арыентавана на вывучэнне як тэарэтычных аспектаў, так і перспектыўных практык, што пацвердзілі эфектыўнасць і вартыя далейшага маштабавання. Старт семінару далі ў Віцебскім кадэцкім вучылішчы, дзе праходзіла пленарнае пасяджэнне і разгарнуліся шматлікія тэматычныя пляцоўкі.

Выхаваўчае мерап­рыемства “Дарогамі вайны” ў фармаце інтэрактыўнай гульні прэзентавалі навучэнцы сярэдняй школы № 2 Віцебска імя Ф.Ц.Блахіна і іх кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні Іван Здзесеў. Дарэчы, каманда энтузіястаў на чале з Іванам Аляксандравічам — сёлетні пераможца рэспубліканскага мала­дзёжнага праекта “100 ідэй для Беларусі”. Яго эксперты высока ацанілі патэнцыял прапанаванага віцяблянамі інфармацыйнага партала “Ваенрук”.

Выставу метадычных распрацовак і літаратуры па грамадзянска-патрыятычным выхаванні прадставіў ВАІРА сумесна з музеем “Гісторыя Заронаўскага краю” Цэнтра дзяцей і моладзі Віцебскага раёна, Народным музеем 39-й арміі гімназіі № 5 Віцебска імя І.І.Люднікава, ваенна-патрыятычнымі клубамі “Русічы” Аршанскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа і “Пошук” Віцебскага дзяржаўнага індустрыяльна-тэхналагічнага каледжа.

— Для нас галоўнае, каб навучэнцы не забывалі свае карані, любілі Радзіму, былі гатовы яе абара­няць словам і справамі, паважалі спадчыну продкаў і подзвіг савецкіх воінаў у гады Вялікай Айчыннай вайны, дзякуючы якому мы жывём пад мірным небам, — расказаў Іван Здзесеў. — Аднак многія з маіх калег, асаб­ліва дзеючыя афіцэры ў нядаўнім мінулым, не ма­юць педагагічнага вопыту. І ў нас выклікае пэўныя цяжкасці складанне планаў-канспектаў заняткаў, сцэнарыяў мерапрыемстваў. Метадычных, інструктыўных рэкамендацый на сёння дастаткова. Затое метадычных распрацовак пакуль у наяўнасці намнога менш. Каб мець магчымасць дапамагчы адно аднаму, мы вырашылі стварыць адзі­ны інфармацыйны рэсурс. Акрамя галоўнай старонкі і стужкі навін, прадугле­джаны раздзелы “Нарматыўныя дакументы”, “Праф­арыентацыя”, “Архіўная хроніка”, “Метадычныя распрацоўкі”. Адкрыты допуск плануецца зра­біць менавіта для кіраўнікоў па ваенна-патрыятычным выхаванні пасля рэгістрацыі і мадэрацыі асабістых даных. Цяпер важна знайсці прыдатную інтэрнэт-пляцоўку для развіцця. Магчыма, напачатку мае сэнс задзейнічаць, інтэр­актыўную платформу “Патриот.by”, дзе можна размясціць наш сэр­віс у якасці асобнага раздзела. 

Па сутнасці, дэма-версія партала ўяўляе сабой буфер-накапляльнік матэрыялаў, паспяхова апрабаваных на практыцы. Зарэгістраванаму карыстальніку застаецца ўзяць канкрэтную распрацоўку і перарабіць з улікам спецыфікі сваёй установы адукацыі, пэўнага мерапрыемства. Шмат часу кіраўнікам па ваенна-патрыятычным выхаванні даводзіцца адда­ваць на папярэдні прагляд і адбор дакументальных кінастужак: ці падыхо­дзіць? Фармат падзелу згодна не толькі з тэмамі, але і ўзроставай аўдыторыяй значна паскарае працэс. Таксама плануецца сабраць архіўныя матэрыялы, каб гістарычныя дакументы шырэй прымяняліся ў адукацыйным пра­цэсе. А спецыяльны чат на партале дазволіць цэнтралізавана абменьвацца распрацоўкамі і інфармацыяй калегам з розных рэгіёнаў, лепш каардынаваць дзеянні для выканання пастаўленых дзяржавай задач.

На інавацыйным складніку ў сістэме работы спыніўся кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні Акцябрскай сярэдняй школы Віцебскага раёна імя Героя Савецкага Саюза І.П.Собалева Дзмітрый Балелаў. З 2021 года школа з’яўляецца пляцоўкай рэс­публіканскага інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі фарміравання эмацыянальна-каштоўнасных адносін да гераічнага мінулага беларускага народа праз выкарыстанне гісторыка-культурных рэсурсаў рэгіёна” і абласнога творчага праекта па грамадзянска-патрыятычным выхаванні. У прыватнасці, са школьнікамі арганізавана навучанне з дапамогай QR-кодаў на старонках інтэрактыўных заняткаў “Ад герояў былых часоў”. Навучэнцы пераходзяць па спасылцы на афіцыйны сайт установы адукацыі, дзе ў спецыяльным падраздзеле знаходзяцца ўкладкі з актуальнымі тэмамі “Вызваленне Віцебшчыны”, “Ад піянераў Вялікай Айчыннай вайны — юным піянерам БРПА”, “Без тэрміну даўнасці”, “Наша будучыня ў нашых руках”. У кожнай назапашваюцца адпаведныя фота- і відэаматэрыялы, вынікі паходаў, экспедыцый, даследчай дзейнасці, якія потым выкарыстоўваюцца ў адукацыйным працэсе і ў пазаўрочны час. Праз Telegram вядзецца пазнавальная гульня “СамСабеГід”, якая знаё­міць з родным краем, яго славутасцямі і помнікамі. У шосты школьны дзень навучэнцы выязджа­юць на практычныя заняткі на месцы баёў перыяду Вялікай Айчыннай вайны.

Кадэты пад кіраўніцтвам педагогаў паказалі выступленне на пляцы, ваенізаваную эстафету, заняткі па страявой і дапрызыўнай падрыхтоўцы. 

Як паведаміў Дзміт­рый Уладзі­міравіч, у 2022 го­дзе педагогі і школьнікі ў якасці валанцёраў ра­зам з прадстаўнікамі Полацкага кадэцкага вучылішча, віцебскімі пошукавікамі, кадэтамі Маскоўскай вобласці пад кіраўніцтвам старшыні грамадскага аб’яднання “Па­мяць і Прымірэнне” Валерыя Заг­рэкава і 52-га асобнага пошукавага батальёна Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь удзельнічалі ў пошуку і перапахаванні астанкаў чырвонаармейцаў на плацдарме ля вёскі Новікі Шапечынскага сельсавета. Ва ўстанове адукацыі рыхтуюцца да адкрыцця пошукавага ваенна-патрыятычнага атрада, знамянальная па­дзея адбудзецца ў найбліжэйшы час.

— Грамадзянска-патрыятычнае выхаванне чырвонай ніткай звязвае дзейнасць устаноў адукацыі вобласці, — падкрэсліла начальнік аддзела выхаваўчай работы галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Вольга Дарожка. — На гэта накіраваны адзіныя ўрокі інфармавання, класныя гадзіны, мерапрыемствы праекта “Школа актыўнага грамадзяніна”, дзейнасць музеяў і музейных пакояў, вахты Памяці, тэматычныя экскурсіі і экспедыцыі. Навучэнцы і педагогі даглядаюць месцы воінскіх пахаванняў, займаюцца пошукавай, даследчай дзейнасцю. На сённяшні момант больш за 130 устаноў адукацыі носяць імёны Герояў Савецкага Саюза або знакамітых землякоў. Рэалізуецца абласная грамадзянска-патрыятычная акцыя “Марафон памяці”, яе вынікі будуць урачыста падве­дзены напярэдадні Дня Перамогі. Любоў да Ра­дзімы, адказнасць за яе будучыню пачынаюцца ў сэрцы кожнага з нас. Тое, што было прадстаўлена за два дні на семінары, пац­вярджае яшчэ раз: маладое пакаленне свята шануе, працягвае і імкнецца пры­множыць традыцыі, закладзеныя нашымі дзядамі і прадзедамі.

Таццяна БОНДАРАВА
Фота аўтара