«Мы вельмі актыўныя»: чым займаецца педагагічны атрад «Ад світання да захаду сонца»

- 11:34Образование

Чым займаецца педагагічны атрад “Ад світання да захаду сонца”, карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказала студэнтка Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава Вольга Кошталева.

З Вольгай Кошталевай мы пазнаёміліся на занятках у школе лідараў. Яна была відавочным завадатарам, з адкрытым тварам, вясёлая, гаваркая, напоўненая новымі ідэямі і творчымі планамі. Вольга прыехала ў Мінск у школу лідараў з Віцебска. Дзяўчына вучыцца на 3 курсе юрыдычнага  факультэта Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава. Стаць юрыстам дзяўчына марыла з дзяцінства, старанна рыхтавалася да паступлення на прэстыжную спецыяльнасць, добра вучылася, удзельнічала ў рэспубліканскіх алімпіядах і была безумоўным лідарам у класе. Таму яе аднакласнікі і выбралі старастай.

— У мяне прыроджаныя лідарскія здольнасці, — смяецца Вольга. — З ранняга ўзросту я імкнулася быць першай ва ўсім, праяўляла сябе ва ўсіх пачынаннях. У школе згрупоўвала сваіх равеснікаў, натхняла іх на новую гульню, цікавую справу. Мы займаліся валанцёрствам, добраўпарадкаваннем тэрыторый, право­дзілі акцыі для ветэранаў вайны, пенсіянераў. Мае лідарскія якасці развіваліся і ва ўніверсітэце. На 1 курсе я пазнаёмілася са студэнцкім рухам і пачала з за­давальненнем у ім удзельнічаць.

Вольга заўсёды хацела паспрабаваць сябе ў ролі важатай у аздараўленчым лагеры, і жаданне паехаць да дзяцей у складзе педагагічнага атрада ў яе не сціхала. Пры падтрымцы сваіх аднакурснікаў дзяўчына арганізавала студэнцкі педагагічны атрад “Ад світання да захаду сонца”, стала камандзірам і лідарам згуртавання. Увогуле, студатрадаўскі рух аб’ядноўвае тысячы і тысячы маладых людзей і не абмяжоўваецца толькі летняй працай. Вось і атрад Вольгі круглы год удзельнічае ў розных мерапрыемствах рэспубліканскага і рэгіянальнага маштабу, у школах важацкага майстэрства, а летам — у рабоце дзіцячага аздараўленчага лагера “Чайка” ў Віцебску, абласных марафонах. На адным з іх атрад Вольгі быў удастоены дыплома Віцебскага абласнога штаба студ­атрадаў у намінацыі “Лепшы студэнцкі педагагічны атрад сярод атрадаў, сфарміраваных на базе ўстаноў вышэйшай адукацыі”.

— Наш атрад вельмі актыўны. Мы з радасцю ездзім на розныя мерапрыемствы, якія прапануе Віцебскі штаб працоўных спраў, — расказвае Вольга. — Вядзём свае старонкі ў сацыяльных сетках. Сябруем не толькі ўнутры атрада, але і па жыцці.

Сумесныя мерапрыемствы не толькі аб’ядноўваюць членаў атрада, але і адкрываюць новыя гарызонты для развіцця, даюць стымул удасканальваць сябе, нарошчваць тэмпы сваёй дзейнасці, мяняць лакацыі. А зусім нядаўна ва ўніверсітэт прыйшло паведамленне, што РІВШ запрашае ў школу лідараў, і Вользе пашчасціла паехаць у Мінск на вучобу.

— Я з радасцю ўспрыняла паездку, — дзеліцца Вольга. — А як жа інакш? Лідарства ў маёй крыві, таму вельмі цікава навучыцца новым напрамкам, асвоіць гульнятэку, камандаўтварэнне, паслухаць лекцыі аб камунікатыўнасці. Акрамя таго, я люблю такія маштабныя мерапрыемствы, дзе збіраецца моладзь з усёй краіны, дзе можна пагутарыць са старымі знаёмымі ці, наадварот, пазнаёміцца з кімсьці, абмяняцца вопытам, меркаваннямі, выказаць новыя ідэі.

Па словах дзяўчыны, уражанні ад новых сустрэч былі яркімі, а вучоба — насычанай. Атрыманыя веды будуць выкарыстоўвацца ў далейшай практыцы. Найбольш запомніліся заняткі па медыяцыі, інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогіях, тэхналогіях сучаснай сацыяльна-культурнай дзейнасці з моладдзю.

— Выкладчыкі вельмі добразычлівыя, прафесіяналы сваёй справы, — адзначыла Вольга. — Дзякуючы ім, я адчула ўпэўне­насць у сваіх сілах, прыліў энергіі і адчуванне сваёй патрэбнасці. Я абавязкова вярнуся, калі школа лідараў зноў адкрыецца.

Ала КЛЮЙКО