Як захоўваюць памяць аб педагогу Валянціне Гаховіч у СШ № 3 Навагрудка, імя якой носіць гэтая школа

- 15:12Образование

“Педагог павінен навучыць дзвюм рэчам — лётаць і не забываць пра свае карані”, — так лічыла настаўніца рускай мовы і літаратуры Валянціна Гаховіч, імя якой носіць сярэдняя школа № 3 Навагрудка. Памяць аб гэтым цудоўным педагогу захоўваюць ва ўстанове. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Установы адукацыі носяць імёны людзей, якія ўнеслі значны ўклад у гісторыю нашай радзімы. Гэта не модная тэндэнцыя, а беражлівыя адносіны да гістарычнага мінулага, захаванне гістарычнай памяці, — адзначае дырэктар школы Анжэла Прыбыльская. — Работа па ўвекавеч­ванні памяці В.Г.Гаховіч — народнага настаўніка СССР — стала для нашых вучняў сапраўднай падзеяй. У Год гістарычнай памяці мы пачалі працаваць над праектам “Старонкі гісторыі. Настаўнік, перад іменем тваім”. Выбар менавіта нашай установы невыпадковы, бо Валянціна Георгіеўна працавала ў школе амаль 40 гадоў. Летапіс яе жыцця навучэнцы і педагогі збіралі па ўспамінах вучняў і калег.

Сабраны матэрыял стаў асновай для музейнай экспазіцыі “Урок даўжынёю ў жыццё”, з якой і азнаёміліся ўдзельнікі прэс-туру. У класным памяшканні рэчы, якія захоўваюць памяць пра вялікага педагога, пра спадчыну, якую яна пакінула. Пуховая хустка, у якой настаўніца заходзіла ў клас, музычны прайгравальнік, які быў сведкам урокаў мовы і літаратуры — урокаў жыцця, шчымлівых і пранікнёных, глыбокіх і павучальных, паэтычных вечарын і іншых мерапрыемстваў, аўтаматычная чарнільная ручка, якой Валянціна Георгіеўна выстаўляла добрыя адзнакі сваім вучням…

Матэрыялы, размешчаныя на стэндах, даюць магчымасць наведвальнікам азнаёміцца з жыццёвым шляхам В.Г.Гаховіч. У далёкія 50-я гады мінулага стагоддзя пачалася яе педагагічная дзейнасць. Маладзенькая настаўніца прыцягвала ўвагу навучэнцаў і настаўнікаў асаблівай душэўнасцю, чалавечнасцю, прастатой. У цяжкі пасляваенны час жылося сціпла, небагата, але вочы Валянціны Георгіеўны заўсёды выпраменьвалі радасць, дабро, шчырасць, калі яна ўваходзіла ў клас.

В.Г.Гаховіч свята верыла ў сваіх вучняў і ў сілу ведаў. Да кожнага дзіцяці ўмела знайсці індывідуальны падыход, назаўсёды ўсяліўшы ў яго зацікаўленасць вучобай. На ўсе пытанні выхаванцаў адказвала шырока, даступна і зразумела, тым самым дапамагаючы правільна разумець жыццё, знаходзіць годнае месца ў ім. Чалавек, які валодае ўнутраным тактам, інтэлігентнасцю і абсалютнай добрасардэчнасцю, Валянціна Гео­ргіеўна ніколі не заставалася абыякавай да цяжкасцей і праблем дзяцей. Умела душэўна пагаварыць, падкупіць шчырасцю і разуменнем. Яны проста любілі свайго настаўніка за тое, што яна любіла іх.

Шмат гадоў Валянціна Гаховіч кіравала драматычным гуртком і клубам паэзіі “Душа і ліра”. Заняткі дапамагалі зблізіцца з навучэнцамі на аснове агульных духоўных каштоўнасцей, высокіх маральных ідэалаў. Для фарміравання грамадзянскіх пачуццяў, эстэтычнага выхавання педагог выкарыстоўвала багатую паэтычную спадчыну савецкіх і беларускіх паэтаў. Сама Валянціна Георгіеўна па-майстэрску, артыстычна чытала вершы і прозу. Кожны ўрок быў падарожжам у невядомае займальнае адкрыццё, падчас якога школьнікі вучыліся самастойна здабываць веды, разважаць, разбірацца ў складаных жыццёвых сітуацыях, спасцігаць асновы граматы.

Вось і сёння, дзякуючы настаўнікам і вучням, клуб паэзіі працягвае сваё жыццё: гэтак жа пранікнёна чытаюцца вершы, абмяркоўваюцца паэтычныя і празаічныя творы, вядуцца сардэчныя размовы. Фармат клуба значна шырэйшы. Мэтай яго дзейнасці стала не толькі фарміраванне культуравобразнага мыслення на аснове інтэграцыі ведаў, атрыманых на ўроках мовы і літаратуры, гісторыі, музыкі, але і ўзба­гачэнне духоўнай культуры навучэнцаў. А самае галоўнае — стварэнне творчага асяроддзя, выяўленне таленавітых навучэнцаў. Кіруе клубам настаўніца рускай мовы і літаратуры Ніна Шафар. Многія формы літаратурных мерапрыемстваў сталі традыцыйнымі і асабліва падабаюцца школьнікам. Сярод іх гурман-вечар аматараў жанру (напрыклад, байкі). Палюбіліся вучням літаратурнае кафэ (чытанне вершаў пад музыку) і паэтычны зарапад, які прысвечаны шэдэўрам паэзіі і патрабуе ад чытальніка майстэрскай дэкларацыі верша. На адным з такіх пасяджэнняў нам пашчасціла пабываць і пабачыць, з якой павагай і гордасцю сённяшнія вучні гавораць пра В.Г.Гаховіч, імкнуцца быць годнымі памяці педагога. 

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА