Хто жыве на лясной палянцы, што мы бачым на зорным небе і як трэба даглядаць кветкі — аб гэтым і іншым выхаванцы дзіцячага сада № 12 Навагрудка даведваюцца дзякуючы крэатыўнаму прадметна-прастораваму модулю “ЮнЭк”. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Дзеткі і кветкі
Дзіцячы сад адчыніў свае дзверы ў 2018 годзе. Будынак сучасны, камфартабельны і, што важна, займае вялікую плошчу. Гэта дазволіла супрацоўнікам шырока разгарнуць выхаваўчую дзейнасць па самых розных напрамках. Адзін з прыярытэтных — экалагічнае выхаванне.
— Мы ставім перад сабой мэту з малых гадоў фарміраваць асобу, здольную адчуваць і разумець знешні свет, чуйна і з любоўю адносіцца да прыроды, шанаваць і зберагаць яе. Да вырашэння гэтай няпростай задачы мы падышлі адказна і крэатыўна. Ідэі і іх практычнае ўвасабленне — гэта заслуга нашых супрацоўнікаў, — адзначае загадчыца дзіцячага сада № 12 Навагрудка Святлана Каткова.
У садку распрацавалі і рэалізавалі педагагічны праект “Фарміраванне асноў экалагічнай культуры дзяцей дашкольнага ўзросту праз выкарыстанне прадметна-прасторавага модуля “ЮнЭк”. Гэты модуль уключае ў сябе сем многафункцыянальных зон, якія размяшчаюцца ў калідорах трэцяга паверха. Хлопчыкі і дзяўчынкі розных узростаў разам з выхавальніцамі з задавальненнем бавяць тут час.
— Знаёмства з модулем для малышоў з 2 гадоў пачынаецца з зоны вады і пяску. Падчас гульні яны эксперыментуюць з прыроднымі матэрыяламі, такімі як вада, пясок, гліна, камяні, шышкі і г.д. Паступова адкрываюць для сябе і іншыя зоны, назапашваючы новыя веды і навыкі, — расказвае мая суразмоўніца.
Так, у зоне інтэрактыўных сцен юным эколагам прапаноўваецца цэлы шэраг яркіх і цікавых гульнявых макетаў. Маляўнічыя выявы палянкі і сажалкі толькі і чакаюць, каб дзеці “прымагніцілі” да іх адпаведных прадстаўнікоў фаўны. Працавіты вожык гатовы дапамагчы разабрацца, якія грыбы ядомыя (іх мацуюць яму на іголкі), а якія не. Вясёлыя божыя кароўкі трымаюць у лапках ланцужок, на якім трэба падвесіць малюнкі з правільнымі адказамі на пытанні аб жывой прыродзе.
Вельмі падабаюцца дзецям макеты “Пазнавальныя колы”. Яны ўяўляюць сабой колы рознага дыяметра, якія падзелены на некалькі сектараў з малюнкамі. Колы круцяцца адносна адно аднаго, перамяшчаючы малюнкі для пошуку патрэбнага адказу. Гэта дазваляе арганізоўваць захапляльныя дзіцячыя віктарыны.
У зоне выяўленчага мастацтва выхаванцы разглядаюць малюнкі, рэпрадукцыі мастакоў, дзякуючы якім вучацца бачыць і разумець прыгажосць прыроды. І малююць самі, толькі не на паперы, а на грыфельных дошках, якія вісяць на сценах калідора.
Ёсць тут і экалагічная бібліятэка для самых маленькіх. У ёй сабраны кнігі, энцыклапедыі, часопісы прыродазнаўчага характару, асартымент якіх час ад часу мяняюць, каб больш зацікавіць дзяцей. Як у сапраўднай чытальнай зале, стаіць стол з крэсламі. Малыш можа самастойна выбраць кнігу, разгледзець яе, а пры жаданні і ўзяць дадому. Выхавальніцы разам з дзецьмі майструюць тут кніжкі-малышкі на экалагічныя тэмы, складаюць казкі з персанажамі са свету прыроды, ствараюць памяткі дружалюбных да экалогіі паводзін.
Радуе вока ўтульны зялёны куток з хатнімі раслінамі, якія адрозніваюцца па памеры, форме лісця, асаблівасцях догляду. Дзеці з цікавасцю сочаць за ростам раслін, параўноўваюць іх паміж сабой, нават вядуць дзённік назіранняў. Але яны не толькі назіральнікі, ахвотна ўдзельнічаюць таксама ў пасадцы і доглядзе сваіх зялёных сяброў. Па словах Святланы Анатольеўны, гэта развівае ў дашкольнікаў такія каштоўныя якасці, як беражлівыя адносіны да жывога, самастойнасць, адказнасць за даручаную справу.
Проста космас!
Асаблівыя зоны выдзелены на “зялёным” трэцім паверсе пад модулі “Акіянарыум” і “Космас”.
У “Акіянарыуме” створана сапраўдная маленькая мадэль вялікага акіяна, даволі змястоўная і пазнавальная для дашкалят. Тут можна ўбачыць выявы рыб розных відаў, медуз, марскіх конікаў, чарапах, некалькі відаў водарасцей… Па камянях караскаюцца крабы і ракі, гуляюць з мячом дэльфіны… Падчас заняткаў дзеці атрымліваюць уяўленне аб асаблівасцях марскіх насельнікаў, спосабах іх перамяшчэння, маскіроўкі, узаемасувязі з іншымі прадстаўнікамі падводнага свету.
Не менш цікавай атрымалася і касмічная пляцоўка. Далёка не кожнае дзіця дашкольнага ўзросту ўяўляе сабе мадэль нашай Сонечнай сістэмы і вядомыя сузор’і, а тут іх можа пабачыць кожны. Хлопчыкам і дзяўчынкам расказваюць аб планетах, касмічных караблях, касманаўтах. Ужо склалася традыцыя адзначаць тут разам з дзецьмі Дзень касманаўтыкі. Ну а фішкай зоны “Космас” з’яўляецца выкарыстанне праектара “Зорнае неба”. Калі выхавальніца ўключае яго, дзеці кладуцца на дыванкі, могуць адпачыць і пафантазіраваць аб далёкіх зорках.
Педагагічны праект “Фарміраванне асноў экалагічнай культуры дзяцей дашкольнага ўзросту праз выкарыстанне прадметна-прасторавага модуля “ЮнЭк” заслужана адзначаны шэрагам узнагарод. У іх ліку дыплом I ступені ў Міжнародным дыстанцыйным конкурсе для педагогаў дашкольных арганізацый “Выхаванне з іскрынкай: пошук, ідэі, увасабленне”, дыплом II ступені конкурсу экалагічных праектаў абласнога фестывалю педагагічнага майстэрства “Крок у будучыню” і іншыя.
Але самая лепшая ўзнагарода для педагогаў — бачыць і чуць ад бацькоў, што дзеці ведаюць аб жывой прыродзе больш, чым многія аднагодкі, і беражліва адносяцца да яе.
Аксана МЫЦЬКО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА