Якія змяненні плануецца ўнесці ў сферу працоўнага заканадаўства

- 9:00Компетентно, Новости, Приложение, Школа управления

Людміла Канановіч, старшыня Пастаяннай камісіі па працы і сацыяльных пытаннях Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу прадстаўляе праект Закона “Аб змяненні законаў па пытаннях працоўных адносін”. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Людміла Мікалаеўна, як вядома, над праектам закона ваша камісія, як і ўвесь дэпутацкі корпус, працавала доўгі час. Нядаўна ён быў прыняты ніжняй палатай, а днямі адобраны Саветам Рэспублікі. Пагадзiцеся, урэгуляванне працоўных адносін — заўсёды важная і актуальная тэма для нашага грамадства.

— Безумоўна. Сфера працы і яе далейшае развіццё непарыўна звязаны з сацыяльна-эканамічнымі адносінамі, з росквітам нашай дзяржавы ў цэлым. Змяненні, якія адбываюцца ў эканоміцы, у грамадстве, на рынку працы, вызначаюць новыя тэндэнцыі ўдасканалення працоўнага заканадаўства. Пры гэтым неабходна ўлічваць не толькі традыцыйныя, добра вядомыя каштоўнасці ў сферы працоўных адносін — абароненасць, справядлівасць, працоўныя і сацыяльныя гарантыі. Трэба ўзмацніць і элементы эфектыўнасці, гнуткасці, мабільнасці, інфармацыйнасці працоўных адносін. Усё гэта  не толькі прынясе карысць непасрэдна наймальнікам і работнікам, але і ў цэлым паспрыяе развіццю сацыяльна-эканамічнага комплексу нашай краіны.

Відавочна, што працоўнае права не павінна адставаць ад сучасных рэалій, яно павінна адпавядаць рэчаіснасці, адлюстроўваць перспектыву. І таму новыя формы арганізацыі працы павінны атрымліваць адпаведнае заканадаўчае афармленне.

— У студзені 2020 года ўжо ўносіліся пэўныя змяненні  ў Працоўны кодэкс.

— Так, Працоўны кодэкс — гэта комплексны дакумент, які рэгулюе асноўныя пытанні ўзаемаадносін паміж наймальнікамі і работнікамі. І з улікам развіцця сацыяльна-эканамічных адносін, новых патрэб грамадства, запытаў дзяржавы альбо пад уздзеяннем знешніх фактараў ён павінен пастаянна ўдасканальвацца. Згодна з гэтым, у 2020 годзе мы ўнеслі адпаведныя новаўвядзенні ў Працоўны кодэкс і замацавалі іх на заканадаўчым узроўні.

Гаворка ідзе пра дыстанцыйную работу з выкарыстаннем інфармацыйных тэхналогій, а таксама пра перавод работніка на іншую работу з яго згоды на тэрмін да шасці месяцаў у год. Таксама ў кодэксе знайшлі адлюстраванне нормы, якія прадугледжваюць парадак прадаўжэння кантрактаў на працяглыя тэрміны з тымі работнікамі, якія працуюць адказна і добрасумленна.

— З цягам часу паўстала неабходнасць у абнаўленні працоўнага заканадаўства. Што новага ў законапраекце?

— Асноўныя напрамкі работы над новым заканадаўствам уключалі пошук шляхоў стымулявання да працаўладкавання з улікам інтарэсаў работнікаў і наймальнікаў.

Сёння важна ўзмац­ніць працоўную матывацыю і дзелавую прадпрымальнасць нашых грамадзян, забяспечыць гарантыі пэўнага ўзроўню жыцця і сацыяльнай абароны насельніцтва; павысіць адукацыю і кваліфікацыю работнікаў.

Мы адкарэкціравалі азначэнне тэрмінаў “пасада служачага” і “прафесія рабочага”. Таксама ўвялі паняцце “прафесійны стандарт”. Заканадаўча была замацавана магчымасць чаргавання перыядаў выканання работы дыстанцыйна і на працоўным месцы ў арганізацыі. Пры гэтым паняцце “ўстанаўленне або адмена дыстанцыйнай работы” прызнаецца змяненнем істотных умоў працы. Пашырылася выкарыстанне электроннай формы ўзаемадзеяння наймальніка і работніка, што дае магчымасць у асобных выпадках адмовіцца ад вядзення папяровага дакументаабароту.

Дадатковы вольны ад работы дзень у тыдзень, што раней прадастаўляўся для маці (мачахі) або бацькі (айчыма), апекуна (папячыцеля), якія выхоўваюць дзіця-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў або траіх і больш дзяцей ва ўзросце да 16 гадоў, згодна з іх пісьмовай заявай, цяпер заменены скарачэннем штодзённай працягласці працы на адну гадзіну.

Устаноўлена перыядыч­насць выплаты заработнай платы работніку незалежна ад віду заключанага з ім працоўнага дагавора — не радзей як два разы на месяц.

Вызначаны нормы па рабо­чым часе адносна прадастаўлення перапынку для адпачынку і харчавання.

Адрэгуляваны магчымасц­і для прыцягнення работнікаў да работы ў дзяржаўныя святы і святочныя дні з забеспячэннем ім гарантыі абавязковага прадастаўлення іншага неаплатнага дня адпачынку за работу ў звыш­урочны час, у дзяржаўныя святы, святочныя і выхадныя дні.

Законапраектам канкрэтызуюцца асаблівасці прадастаўлення работнікам працоўных і сацыяльных адпачынкаў: пры раздзяленні працоўнага адпачынку на часткі яго працягласць будзе вызначацца на дату прадастаўлення кожнай з частак. Таксама рэгулюецца магчымасць прадастаўлення працоўнага адпачынку па пагадненні бакоў, гэта значыць, не ў адпаведнасці з графікам працоўных адпачынкаў.

Замацаваны абавязак наймальніка прадаставіць адпачынак для завяршэння кваліфікацыйнай навуковай работы (дысертацыі) на саісканне вучонай ступені доктара навук, напісання падручнікаў і па іншых уважлівых прычынах.

Прадугледжаны гарантыі для работнікаў, якія атрымліваюць адукацыю.

Замацавана рэкамендацыйная норма аб мэтазгоднасці ўключэння пазіцый аб добраахвотным пенсіённым страхаванні ў калектыўны дагавор, што дасць магчымасць пашырыць удзел наймальнікаў і работнікаў у праграмах добраахвотнага страхавання дадатковай назапашвальнай пенсіі ў страхавых арганізацыях. У праек­це закона замацаваны і прыняты шэраг іншых норм.

— Улічваючы важнасць законапраекта, наколькі была вывучана грамадская думка?

— Мы вывучалі меркаванне нашай грамадскасці, уважліва вывучалі ўсе заўвагі і прапановы, якія паступілі, магчымыя шляхі рэалізацыі прапанаваных ініцыятыў. Так, аб’ектам асаблівай увагі сталі палажэнні праекта новага закона, якія прадугледжваюць устанаўленне гарантый для работнікаў пры праходжанні дыспансерызацыі. У заканадаўства былі ўключаны нормы, якія ўстанаўліваюць, што па ўзгадненні з наймальнікам для прахо­джання дыспансерызацыі работнікі могуць вызваляцца ад работы на адзін дзень раз у тры гады з захаваннем сярэдняга заробку па месцы працы, а работнікі, якія дасягнулі ўзросту 40 гадоў, — на адзін дзень штогод.

Работнікі, якія дасягнулі агульнаўстаноўленага пенсіённага ўзросту, а таксама работнікі, якія знаходзяцца ў пяцігадовай адлегласці да дасягнення такога ўзросту, пры праходжанні дыспансерызацыі могуць вызваляцца ад работы на два дні адзін раз у год з захаваннем сярэдняга заробку па месцы работы.

Работнікі будуць вызваляцца ад работы для праходжання дыспансерызацыі ва ўзгоднены з наймальнікам дзень на падставе іх пісьмовай заявы з прадастаўленнем дакументаў, якія пацвярджаюць праходжанне дыспансерызацыі, калі гэта прадугледжана лакальнымі прававымі актамі.  Мы лічым, што вызваленне ад працы для прахо­джання дыспансерызацыі — гэта чарговы крок да рэалізацыі тых задач і механізмаў, якія ўжо функцыянуюць у краіне і адобраны Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.

Таксама праект дапоўнены палажэннямі, згодна з якімі наймальнік будзе афармляць дублікат працоўнай кніжкі, у тым ліку на падставе інфармацыі аб працоўнай дзейнасці, якая змяшчаецца ў індывідуальным (персаніфікаваным) уліку ў сістэме дзяржаўнага сацыяльнага страхавання за перыяды работы работніка з 1 студзеня 2003 года. Усе прыведзеныя палажэнні замацаваны ў новай заканадаўчай базе.

 Разам з тым норма, якая прадугледжвае магчымасць атрымліваць грашовую кампенсацыю за работу ў шкодных умовах замест малака або раўнацэнных харчовых прадуктаў, не атрымала падтрымкі і была выключана з праекта закона.

— Як вы ацэньваеце знач­насць змяненняў у сферы працы?

— Відавочна, што ў сённяшніх умовах наймальнікі і работнікі павінны ўсведамляць маштаб­насць перамен, якія адбываюцца, і быць не толькі эканамічна, але і сацыяльна адказнымі. З аднаго боку, уласнікі і работадаўцы (у цэлым дзяржава) павінны фарміраваць спрыяльнае з сацыяльна-эканамічнага пункту гледжання асяроддзе функцыянавання рынку працы. З другога боку, неабходна праводзіць эфектыўную кадравую і сацыяльную палітыку ўвогуле, накіраваную на работнікаў і сумесна з зацікаўленымі структурамі (напрыклад прафсаюзамі) прагназаваць падзеі ў сферы сацыяльна-працоўных адносін, вызна­чаць прыярытэты і сацыяльныя мэты развіцця. У сваю чаргу работнікі павінны ўсведамляць сваё месца на рынку працы і быць зацікаўленымі ў сваім прафесійным росце. Вызначальным у гэтых напрамках павінен стаць новы закон па пытаннях працоўных адносін.

Ала КЛЮЙКО
Фота прадастаўлена прэс-службай Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу