Як называўся Верхнядзвінск да 1962 года і адкуль пайшла такая арыгінальная назва? А на які італьянскі горад падобны Верхнядзвінск ранняй вясной і чаму? Гэтую краязнаўчую крыжаванку карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” разгадаў разам з педагогамі.
Асаблівая атмасфера
У паўночных беларускіх гарадах асаблівая атмасфера. Як Віцебск не падобны да Брэста, а Полацк да Пінска, так і Верхнядзвінск не падобны да Петрыкава або Рагачова. Каб адчуць гэтую адметнасць, дастаткова прагуляцца гадзінку-другую па гістарычным цэнтры кожнага з названых гарадоў, а яшчэ спусціцца да набярэжнай.
Шмат разоў мне даводзілася бываць на берагах Заходняй Дзвіны, Прыпяці, Дняпра, Мухаўца, Піны, і заўсёды пераконваўся — у кожнай ракі сваё аблічча. Заходняя Дзвіна, на беразе якой і знаходзіцца сучасны Верхнядзвінск, не пахваліцца настолькі забалочанымі берагамі, як Прыпяць, і настолькі пакручастымі, як Дняпро. Затое характар у гэтай ракі яшчэ той! Здаецца, спакойная, шырокая, павольная, але ў часы вясновай паводкі яна ператвараецца ў сапраўдную свавольніцу: выходзіць з берагоў, затоплівае гарады, вёскі.
У гэтым пераканаўся падчас наведвання гісторыка-краязнаўчага музея сярэдняй школы № 2 Верхнядзвінска імя Героя Савецкага Саюза Н.В.Траян. Тут захоўваюцца ўнікальныя фотаздымкі канца ХІХ стагоддзя з панарамнымі выявамі затопленых вуліц былога мястэчка. Дарэчы, гэтыя выявы ўпрыгожваюць будынкі гістарычнага цэнтра Верхнядзвінска.
Багатая экспазіцыя
Па словах кіраўніка музея Ларысы Іванаўны Дзевяковіч, да 1962 года Верхнядзвінск называўся Дрысай. А ўтварылася назва ад аднайменнага гідроніма. Там, дзе Дрыса ўпадае ў Дзвіну, і ўзнікла калісьці паселішча. Упершыню яно ўзгадваецца ў хроніцы Стрыйкоўскага ў 1386 годзе. Горад знаходзіўся ў выгадным геаграфічным становішчы, бо рэкі былі асноўнымі гандлёвымі шляхамі. Аднак размяшчэнне ў месцы злучэння дзвюх рэк часта надавала клопату мясцовым жыхарам. У горадзе нярэдкімі былі паводкі. Напрыклад, у 1855 годзе, як сведчаць дакументы, з усіх дамоў толькі сем засталіся незатопленымі.
Пра багатую гісторыю горада расказваюць шматлікія экспанаты школьнага музея. Уражвае іх колькасць (каля 3 тысяч), а таксама ўнікальнасць. Музейныя прадметы настаўнікі і вучні пачалі збіраць яшчэ ў 60-я гады. Першапачаткова музей знаходзіўся на школьнай тэрыторыі ў асобным памяшканні, пабудаваным настаўнікамі, вучнямі, бацькамі. Музейную справу актыўна вялі Міхаіл Рыц, Аляксей Бліноў, Ганна Паражынская. Яны і перадалі музейную эстафету Ларысе Дзевяковіч у 1983 годзе.
— Прадстаўленыя ў экспазіцыі матэрыялы расказваюць пра гісторыю горада пачынаючы са старажытных часоў, дапамагаюць настаўнікам у правядзенні ўрокаў гісторыі. Асабліва мы ганарымся багатай калекцыяй чорна-белых фотаздымкаў канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя, якія з’яўляюцца выдатным ілюстрацыйным матэрыялам. Размешчана экспазіцыя ў пяці залах. Сярод іх пакоі баявой славы, гісторыі горада і раёна. У другім можна азнаёміцца з ранейшымі прадметамі побыту, інфармацыяй пра знакамітых ураджэнцаў нашага краю: Івана Чэрскага, Ігната Храпавіцкага і іншых, — расказвае Ларыса Іванаўна.
Ніводная вайна, якая пракацілася па беларускіх землях, не абмінула Верхнядзвіншчыну. Інфармацыя пра ліхалецці і знайшла адлюстраванне ў музейнай экспазіцыі. Напрыклад, аповед юных экскурсаводаў пра 1812 год вядзецца праз знаёмства гасцей з Дрысенскім лагерам, які расійская армія разбіла на супрацьлеглым ад Дрысы беразе Заходняй Дзвіны. У музеі знаходзіцца план-схема лагера, партрэты военачальнікаў.
Найбольшая колькасць экспанатаў прысвечана Вялікай Айчыннай вайне. У пакоі баявой славы расказваецца пра дзейнасць падполля, партызанскіх брыгад і атрадаў, пра ўраджэнцаў раёна Герояў Савецкага Саюза, Герояў Сацыялістычнай працы. Напярэдадні Дня Перамогі 7 мая 2021 года адкрылася экспазіцыя, прысвечаная спецатраду “Баявы”.
— Матэрыялы пра гэты атрад былі перададзены з музея першай школы пасля яе рэарганізацыі. Я заканчвала гэтую школу ў далёкім 1968 годзе. Дык вось у гады майго вучнёўства гэты музей ужо існаваў. Я і не думала тады, што праз пэўны час буду кіраваць музеем. Захаваўся фотаздымак, дзе мы з аднакласнікамі стаім на фоне стэндаў. Я сябе пазнала па косках. (Усміхаецца.) Спецатрад “Баявы” быў сфарміраваны ў кастрычніку 1941 года са спартсменаў-добраахвотнікаў асобнай мотастралковай брыгады асобага прызначэння НКУС. Яны на лыжах прыйшлі ў наш край за лінію фронту. Атрад здзяйсняў працяглыя рэйды ў тыл ворага, вёў актыўную баявую і дыверсійную работу. Калісьці я з аднакласнікамі і настаўнікамі хадзіла па месцах баявой славы атрада. Потым ужо вадзіла сваіх вучняў па родным краі, — паведаміла педагог.
У музеі захоўваюцца таксама ўспаміны ветэранаў 119-й стралковай дывізіі, якая вызваляла Дрысу ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, каля 200 лістоў перапіскі з імі. Каштоўнымі з’яўляюцца і сведчанні мясцовых жыхароў пра нямецкую карную аперацыю “Зімовае чараўніцтва” ў пачатку 1943 года. Гэтыя ўспаміны зачытваюцца падчас экскурсій, на ўроках гісторыі як сведчанне генацыду беларускага народа.
Камандзіроўка з працягам
Асобны раздзел экспазіцыі — гісторыя школы, лёс яе настаўнікаў і вучняў, а таксама аповед пра Надзею Віктараўну Траян — Героя Савецкага Саюза, імя якой сёння носіць сярэдняя школа № 2 Верхнядзвінска. Пра тое, як захоўваюць памяць пра мужную разведчыцу, партызанскую медсястру, мы раскажам у наступных нумарах нашага выдання.
Ігар ГРЭЧКА
Фота аўтара