“Кожны чалавек, незалежна ад таго, колькі яму гадоў, дзе жыве і які ў яго сацыяльны статус, здольны змяніць свет да лепшага”, — лічыць настаўніца англійскай мовы мікашэвіцкай школы № 2 Юлія Алесік, якая разам з вучнямі ўдзельнічае ў дабрачынных праектах. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Двайная карысць
Упершыню пра існаванне сацыяльна-экалагічнага праекта “Новае жыццё ў абмен на накрыўкі” Юлія Алесік даведалася ад маці адной са сваіх вучаніц у 2019 годзе. Зацікавілася сама і прапанавала далучыцца школьнікам.

— Мы арганізавалі невялікую валанцёрскую групу з 12 чалавек і пачалі актыўна расказваць пра праект. Для гэтага падрыхтавалі наглядны матэрыял, з якім дзеці прыходзілі на класныя і інфармацыйныя гадзіны, расказвалі навучэнцам пра тое, як можна без асаблівых намаганняў аказваць дапамогу хворым дзецям і адначасова вырашаць экалагічныя праблемы. Затым сярод вучняў малодшых класаў правялі конкурс малюнкаў, а для сярэдняга і старшага звяна — конкурс на выраб лепшага кантэйнера для збору пластыкавых накрывак. Было вельмі прыемна назіраць, з якім энтузіязмам і захапленнем дзеці прымалі ўдзел у іх. Нас падтрымала адміністрацыя школы, і мы атрымалі афіцыйны дазвол аддзела па адукацыі Лунінецкага райвыканкама на ўсталяванне першых кантэйнераў па зборы накрывак у нашай установе, — прыгадвае Юлія Сяргееўна.
Першыя поспехі падштурхнулі добраахвотнікаў дзейнічаць далей, каб ахапіць дабрачыннасцю як мага больш людзей. Дамовіліся з дырэктарам Сінкевіцкай сярэдняй школы і прыехалі туды не з пустымі рукамі.
— Валанцёры падчас сустрэчы прадэманстравалі відэаролік аб дзейнасці праекта, патлумачылі сваю матывацыю, прывезлі кантэйнер і інфармацыйныя лістоўкі, якія былі перададзены школе для арганізацыі збору пластыкавых накрывак у аграгарадку. Так мы выйшлі за межы горада Мікашэвічы, — расказвае настаўніца.
Дзякуючы мясцовай газеце, пра дзейнасць актывістаў даведалася вялікая колькасць жыхароў Лунінецкага раёна. Члены мікашэвіцкага клуба пенсіянераў “Натхненне” і прадстаўнікі клуба маладых інвалідаў “Самі” прапанавалі школьнікам сваю дапамогу ў сартаванні і падрыхтоўцы сабраных накрывак да транспарціроўкі. Каб пераняць вопыт валанцёраў 2-й мікашэвіцкай школы, адміністрацыя гімназіі Жыткавіч імя А.А.Ліхоты запрасіла іх да сябе ў госці. У выніку імі было прынята рашэнне правесці аналагічную работу ў сваім горадзе.
— Асабіста мяне гэты праект зацікавіў тым, што дазваляе кожнаму займацца дабрачыннасцю без асаблівых намаганняў і фінансавых выдаткаў. Кожны можа далучыцца да акцыі. Напрыклад, усталяваць у сваім пад’ездзе кантэйнер ці пластыкавую бутэльку для збору накрывак, сабраць іх і прынесці ў школу. Мне падабаецца, што людзі адгукаюцца, пазітыўна рэагуюць на прапанову, тым самым праяўляючы свае лепшыя чалавечыя якасці. Рэалізацыя праекта нясе двайную карысць. Мы вырашаем экалагічную праблему, дорачы другое жыццё пластыку: з яго зробяць посуд, цацкі. А атрыманыя грошы за другасную сыравіну пераводзяцца хворым дзеткам. Што тычыцца ўдзелу школьнікаў, шчыра скажу, цяжкасцей з гэтым не ўзнікала ніколі. Я не прымушала ніводнага з нашых актывістаў далучацца да нас, бо дабрачыннасць — справа добраахвотная. Дзецям падабаецца, а мне прыемна, што ў іх фарміруецца ўсведамленне таго, што часам нават, здавалася б, нязначны добры ўчынак аднаго чалавека можа стаць важнай дапамогай для другога, а мноства такіх маленькіх добрых спраў складваюцца ў адну вялікую, — дзеліцца разважаннямі Юлія Сяргееўна.
Праект працягваецца і сёння. Валанцёры плануюць зняць чарговы відэаролік для сацыяльных сетак і з ім удзельнічаць у раённым этапе рэспубліканскага экалагічнага конкурсу “Мінута для будучыні” ў намінацыі “Добрыя навіны”.
— Калі праект ужо працуе, ён патрабуе не так шмат часу. Ды і хіба можа быць шкада часу і сіл на добрыя справы і ўчынкі? Канечне, не! Нам дапамагаюць бацькі вучняў — адвозяць сабраныя накрыўкі ў Мінск на перапрацоўчыя прадпрыемствы. Такім чынам, абсалютна кожны чалавек, незалежна ад таго, колькі яму гадоў, дзе жыве і які сацыяльны статус мае, здольны змяніць свет да лепшага, — пераканана настаўніца.

Дай лапу!
Цікавасць да валанцёрства ў мікашэвіцкай школе № 2 не абмяжоўваецца праектам “Новае жыццё ў абмен на накрыўкі”.
— Сёлета ў рамках тыдня замежных моў мы правялі дабрачынны кірмаш у дапамогу бяздомным жывёлам “Дай лапу”. Там былі прадстаўлены розныя тавары, зробленыя рукамі дзяцей, а таксама печыва, пірожныя, кексы і іншыя прысмакі, згатаваныя вучнямі, бацькамі і настаўнікамі. Школьнікаў перапаўнялі станоўчыя эмоцыі: радасць, энтузіязм і жаданне дапамагчы братам нашым меншым. Намаганні вучняў у арганізацыі і правядзенні кірмашу, а таксама збор сродкаў для дапамогі бяздомным жывёлам з’яўляюцца выдатным прыкладам сацыяльнай адказнасці. Дзякуючы ўсім удзельнікам акцыі, мы сабралі крыху больш за 812 рублёў, а таксама некалькі пакетаў корму для сабак і катоў. Атрыманыя сродкі былі накіраваны на дапамогу жывёлам. Хочацца верыць, што наш кірмаш натхніць і іншых на добрыя справы, — спадзяецца Юлія Алесік.
За час існавання праекта мікашэвіцкія школьнікі сабралі і адправілі на перапрацоўку больш за 300 кілаграмаў пластыку. Атрыманыя сродкі былі пералічаны дзецям-інвалідам.
Дзеці-валанцёры
Яна:
— Калі Юлія Сяргееўна расказала на класнай гадзіне аб праекце і прапанавала запусціць яго ў нашым горадзе, мы пагадзіліся. І не пашкадавалі. Гэта вельмі цікавая і карысная дзейнасць. Мая сям’я таксама падтрымлівае валанцёрства: дома даўно стаіць пяцілітровая бутэлька, у якую мы скідваем накрыўкі. Потым я адношу іх у кантэйнер, які ўсталяваны ў школе.

Ліза:
— Я толькі ў 2023 годзе далучылася да праекта і вельмі рада гэтаму. Мне падабаецца з карысцю праводзіць час. Але больш за ўсё я задаволена тым, што магу аказваць дапамогу дзецям, якім яна так неабходна.
Дзіма:
— Мае родныя заўсёды імкнуцца прымаць удзел у самых розных дабрачынных акцыях. Калі я расказаў ім пра “Новае жыццё ў абмен на накрыўкі”, яны падтрымалі маё жаданне далучыцца да праекта. Збіраць накрыўкі зусім нескладана, а праз некаторы час гэта становіцца добрай звычкай: перш чым выкінуць бутэльку — зняць накрыўку. Вельмі радуе, што жыхары нашага горада не застаюцца ўбаку. Прыемна назіраць, як паступова напаўняюцца кантэйнеры, якія стаяць у грамадскіх месцах.
Хрысціна:
— Для мяне ўдзел у праекце — гэта не фармальнасць. Я ганаруся тым, што мы робім. Хачу, каб як мага больш неабыякавых людзей далучаліся да нас. Вельмі радуюць моманты, калі даведваюся, што збор сродкаў для хворага хлопчыка ці дзяўчынкі закрыты, неабходная сума сабрана. Вы нават не ўяўляеце, якое моцнае пачуццё шчасця перапаўняе мяне ў такія моманты: я таксама маю дачыненне да гэтай добрай справы.
Марына ЖДАНАВА





