Навучыцца касіць і танцаваць народныя беларускія танцы, калоць дровы і запрагаць каня, даіць карову і іграць на народных інструментах запрашаюць на летняй пляцоўцы Давыдаўскай сярэдняй школы Светлагорскага раёна. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта «Настаўніцкай газеты».
Дырэктар установы адукацыі Святлана Маркевіч расказвае, што запусцілі тэатральны праект у перыяд работы працоўнага кругласутачнага лагера:
— Але лагер скончыўся, а пляцоўка працягвае працаваць і карыстаецца вялікай папулярнасцю як у моладзі, так і ў дарослых нашай вёскі Давыдаўкі. Тут узнавілі сцэны сельскага побыту. Нават для вясковых жыхароў сёння нязвыклай стала традыцыйная культура сенакосу. Таму на падворку «Сенажаць» кожны жадаючы можа прайсці майстар-клас па касьбе травы ручной касой. Тут жа прапануюць няхітрую сялянскую ежу — кашу і квас.
На падворку «Вячоркi» дзеці развучваюць элементы традыцыйных беларускіх танцаў «Юрачка» і «Лысы». За танцы адказвае настаўніца беларускай мовы і літаратуры Алена Лапотка. А вось да нацыянальнай музыкі далучае дзед аднаго са школьнікаў — Віктар Тарасюк. Ён жа навучыў старшакласнікаў правільна карыстацца касой.
Сярод бацькоў знайшлі прафесіянала па ручной дойцы кароў. Наталля Астапенка растлумачыла дзяўчынкам, з якога боку падыходзіць да жывёлы і як правільна з ёй мець зносіны.
Хлопцы ўзялі ў рукі сякеры і навучыліся розным спосабам колкі дроў. Такую магчымасць на падворку «Гаспадар» даў бацька аднаго з вучняў Давыдаўскай школы — Рыгор Суганяка. Ён жа паказаў падлеткам, як запрагаць каня.
— Дзеці даведаліся, што клешчы — гэта драўляная аснова хамута, — адзначае С. Маркевіч. — Самым запамінальным для іх стала катанне на калёсах. Дарэчы, некаторыя дзеці ўпершыню даведаліся пра вядомую гульню «Раўчук» і з задавальненнем уключыліся ў дзейства. Сёння вельмі важна адраджаць народныя абрады і традыцыі. Калі мы далучаем моладзь да адраджэння і захавання нацыянальнай культуры, мы пазбягаем уплыву чужой. Удзел у такіх мерапрыемствах нас усіх аб’ядноўвае і звяртае да каранёў, нацыянальных каштоўнасцей, духоўнай спадчыны Беларусі.
Наперадзе, па словах кіраўніка Давыдаўскай школы, — далучэнне да сезонных работ на падворках «Жніво» і «Ураджай», якія пачнуць працаваць крыху пазней.
Ірына АСТАШКЕВІЧ
Фота прадастаўлены школай