У дзіцячым садзе гарадскога пасёлка Мір працуюць не проста творчыя педагогі, а сапраўдныя чараўніцы і майстрыхі. Прадметна-развіццёвае асяроддзе, створанае іх рукамі, уражвае сваёй маштабнасцю. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
“У 2016 годзе наша ўстанова адукацыі пераехала ў новы будынак з камфортнымі групавымі памяшканнямі, басейнам, універсальнай, спартыўнай, харэаграфічнай, трэнажорнай заламі. І перад калектывам паўстала задача стварэння прадметна-развіццёвага асяроддзя, якое будзе спрыяць гарманічнаму развіццю дзяцей”, — пачала наша знаёмства загадчыца ўстановы Наталля Купрыенка.
Трэба адзначыць, што калектыў з пастаўленай задачай справіўся на ўсе сто. Рацыянальна арганізаванае асяроддзе, насычанае разнастайнымі прадметамі і гульнявымі матэрыяламі, дае магчымасць уключаць у актыўную пазнавальна-творчую дзейнасць усіх дзяцей у групе.
У дзіцячым садзе функцыянуе 6 груп, 3 з якіх інтэграванага навучання і выхавання, адна група з беларускай мовай навучання. Адукацыйны працэс ажыццяўляюць 14 педагагічных работнікаў. З іх 8 выхавальнікаў дашкольнай адукацыі, настаўнік-дэфектолаг, педагог-псіхолаг, кіраўнік фізічнага выхавання, музычны кіраўнік. 75% педагогаў маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю.
Навучанне і выхаванне ў дзіцячым садзе вядзецца па некалькіх напрамках, якія і сталі асновай для арганізацыі існуючага прадметна-развіццёвага асяроддзя.
Эканамічнае выхаванне пачынаецца з сям’і, а ў дзіцячым садзе можна і трэба развіваць першасныя эканамічныя навыкі. У Мірскім дзіцячым садзе рэалізоўваецца інавацыйны праект “Укараненне методыкі фарміравання асноў эканамічнай культуры ў дзяцей дашкольнага ўзросту”, у якім актыўна ўдзельнічае выхавальніца Святлана Круглік.
“Інавацыйны праект дае магчымасць нашым дзеткам спазнаваць навакольны прадметны свет з яго духоўнымі і матэрыяльнымі каштоўнасцямі. У працэсе пазнання дашкольнікі пачынаюць усведамляць, што ў кожную рэч або прадмет укладзена праца чалавека. Мы вучымся разумець і берагчы навакольны прадметны свет, паважаць людзей, якія ўмеюць добра працаваць, быць упэўненымі ў сабе, валодаць сваімі пачуццямі і эмоцыямі, разумець, суперажываць і ўзаемадзейнічаць з іншымі людзьмі”, — адзначыла Святлана Уладзіміраўна.
І канечне, каб стварыць умовы для фарміравання асноў эканамічнай культуры выхаванцаў, вялікая ўвага ва ўстанове ўдзялялася ўдасканаленню прадметна-прасторавага асяроддзя. У групах створаны зоны эканомікі, у якіх акумуляваны разнастайны дыдактычны, дэманстрацыйны, ілюстрацыйны матэрыял для азнаямлення дзяцей з такімі паняццямі, як грошы, тавары, эканомія і беражлівасць.
З 2019 года дзіцячы сад удзельнічае ў рэалізацыі адукацыйнага праекта “Зялёныя школы”. Для развіцця навыкаў экалагічнай культуры ва ўстанове створана экалагічнае прадметна-развіццёвае асяроддзе. Педагогамі назапашаны тэматычныя метадычныя і інфармацыйныя матэрыялы. Заўсёды пад рукой сцэнарыі гульняў, свят, экалагічных квестаў, канспекты заняткаў, віктарын, пашпарты маршрутаў станцый экалагічнай сцежкі і шмат іншага. А скарбонка педагогаў папоўнілася метадычнымі распрацоўкамі і матэрыяламі для правядзення семінараў-практыкумаў, круглых сталоў, майстар-класаў, педагагічных квестаў, кансультацый, сцэнарыямі бацькоўскіх сходаў, тэматычнымі памяткамі, буклетамі.
Для эколага-прапагандысцкай работы з бацькамі, педагогамі, грамадскасцю функцыянуюць спецыяльныя шырмы. На тэрыторыі садка педагогамі пад кіраўніцтвам намесніка загадчыка па асноўнай дзейнасці Святланы Петрыман створана і функцыянуе экалагічная сцежка, якая ўключае ў сябе 20 станцый. У прыватнасці, тут можна трапіць на фітанцыдную сцяжынку, у птушыны гарадок, сельскі дворык або агарод, на метэастанцыю.
“Асновы грамадзянска-патрыятычнай культуры дзяцей пачынаюць фарміравацца з любові і павагі да сваёй сям’і, малой радзімы, дзіцячага сада, роднай прыроды, з далучэння дзяцей да нацыянальнай культуры, традыцый, гісторыі, з выхавання павагі да дзяржаўных сімвалаў, памяці аб гераічным мінулым сваёй краіны, аб тых, дзякуючы каму мы зараз шчасліва жывём пад мірным небам”, — адзначыла загадчыца дзіцячага сада.
Фарміраванню асноў грамадзянска-патрыятычнай культуры ў дзяцей дашкольнага ўзросту павінна спрыяць адукацыйнае асяроддзе ўстановы, таму тут ёсць лэпбукі “Мая малая радзіма”, “Мая Рэспубліка Беларусь”, напаўненне якіх працуе на выхаванне гордасці і павагі да дзяржаўных сімвалаў нашай краіны, на ўсведамленне сябе грамадзянамі Рэспублікі Беларусь.
Цікавасць да гісторыі роднай краіны, яе культуры і традыцый дапамагае развіваць і музейная экспазіцыя “Беларуская хатка”, якая пастаянна папаўняецца аўтэнтычнымі экспанатамі — прадметамі беларускага побыту. Гэта адно з любімых месцаў дашкалят, бо тут можна не толькі паглядзець на цікавыя рэчы, але і патрымаць іх у руках.
Акрамя таго, у дзіцячым садзе распрацаваны і ўвасоблены ў жыццё патрыятычны праект “Не забывайце нас”. Педагогі сабралі звесткі пра родных і блізкіх работнікаў і выхаванцаў дашкольнай установы, якія былі ўдзельнікамі Вялікай Айчыннай вайны. Баявы шлях, узнагароды, апісанне подзвігу — усё гэта знайшло адлюстраванне ў названым праекце, які быў адзначаны дыпломам І ступені на міжнародным конкурсе “Была вайна”.
Куток настрою
Адметным у Мірскім дзіцячым садзе з’яўляецца і прадметна-прасторавае асяроддзе здароўезберагальнай накіраванасці.
Ва ўстанове для фізічнага развіцця дзяцей актыўна выкарыстоўваюцца гульні народаў свету. Прызнацца, пра многія з іх даведалася толькі тут.
“Калі няма магчымасці займацца актыўнымі відамі спорту, на дапамогу прыходзяць настольныя спартыўныя гульні народаў свету: “Эластык венге”, “Джакал”, “Карнхол” і іншыя. Гэта гульні са шматвяковымі традыцыямі для згуртавання сям’і ці збліжэння членаў калектыву за адным гульнявым сталом, у адной гульнявой прасторы, на спаборніцтвах. Усе гульні народаў свету рухавыя. Аднак яны не толькі з’яўляюцца выдатным сродкам фізічнага выхавання, але і дабратворна ўплываюць на нервова-псіхічнае развіццё, фарміруюць важныя якасці асобы. Каштоўнасць такіх гульняў яшчэ і ў тым, што яны з’яўляюцца адаптыўнымі. Яны даюць магчымасць паспяхова гуляць практычна кожнаму (нягледзячы на абмежаванні і дыягназы), спрыяюць фізічнай і сацыяльнай рэабілітацыі, зніжаюць псіхічнае і эмацыянальнае напружанне, дапамагаюць паспяхова інтэгравацца ў соцыум”, — растлумачыла Наталля Купрыенка. Дарэчы, увесь гульнявы інвентар зроблены сваімі рукамі.
Для захавання псіхалагічнага, эмацыянальнага і фізічнага здароўя ў кабінеце педагога-псіхолага Таццяны Сачук аформлены куток настрою, арганізаваны гульнявы куток, зоны рэлаксацыі, вады і пяску, вучэбная зона. Творча падыходзіць да сваёй дзейнасці і настаўнік-дэфектолаг Алена Русецкая, кабінет якой абсталяваны аўтарскім стэндам па кантролі за карэкцыяй гукавымаўлення. Алена Уладзіміраўна распрацавала гульні і дыдактычныя дапаможнікі для развіцця маўлення дзяцей, карэкцыі гукавымаўлення.
А ў “Гарадку бяспекі” — тэматычным кутку для фарміравання бяспечных паводзін — сабраны атрыбуты для сюжэтна-ролевых гульняў па дарожнай бяспецы (жазло, свісток, фуражкі, форма, дарожныя знакі, мадэль святлафора); па пажарнай бяспецы (макет пажарнай машыны, пажарны трактар, форма і спецінвентар пажарных). Тут уразіў аўтарскі дапаможнік “Галактыка бяспекі”, распрацаваны выхавальніцай Палінай Саўко. Гэта гульнявы комплекс, які ўяўляе сабой гульню-хадзілку з заданнямі па тэме бяспекі і бяспечных паводзін у розных умовах. Як бачна, прадметна-развіццёвае асяроддзе ва ўстанове дапамагае дзіцяці максімальна задаволіць свае інтарэсы, раскрыць патэнцыяльныя магчымасці і сцвердзіцца як творча адораная асоба.
Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА