З кожным годам у Асіповіцкім раёне павялічваецца колькасць дзяцей, якія жадаюць аздаравіцца і папрацаваць у мясцовых лагерах. Падрабязнасці карэспандэнту «Настаўніцкай газеты» расказала начальнік раённага аддзела па адукацыі Ірына Сяргейчык.
— Аздараўленчая кампанія ў самым разгары. У дзённых лагерах нашага раёна зараз адпачывае 813 дзяцей. У лагерах працы і адпачынку — 150 падлеткаў ад 14 гадоў, — адзначыла суразмоўніца. — Другасная занятасць арганізавана праз раённы цэнтр занятасці. Маладыя людзі рамантуюць падручнікі ў школьных бібліятэках, шыюць пасцельную бялізну, займаюцца добраўпарадкаваннем тэрыторыі. Некаторыя школы заключылі дагаворы з мясцовым лясгасам. Вучні выязджаюць на тэрыторыю лесу, дзе праводзяць прыбіранне, даглядаюць дэндрарый. У школах створаны профільныя атрады для навучэнцаў педагагічных класаў, якія праходзяць стажыроўку ў якасці важатых.
Створаны два студатрады, у якія ўвайшлі 20 чалавек. Яны працуюць у гаспадарцы «Вязаўніца-Агра» і па дагаворы з ЖКГ займаюцца азеляненнем вуліц горада.
Здымак Алега ІГНАТОВІЧА выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі
У сярэдняй школе № 3 Асіповіч зараз ідзе капітальны рамонт. Арганізацыя, што яго праводзіць, сабрала брыгаду з вучняў, якія выконваюць на гэтым аб’екце пасільную работу.
У раёне функцыянуюць два кругласутачныя лагеры на 150 і 60 месцаў. Прайшла першая змена перасовачнага палатачнага 9-дзённага лагера «Азімут», адкрыўся палатачны лагер «Радзімічы» на тэрыторыі аднаго з кругласутачных лагераў. Абодва маюць краязнаўчую накіраванасць.
У вайсковай часці 12147 на працягу 9 дзён дзейнічаў ваенна-патрыятычны лагер «Юнацтва» для 30 чалавек. Удзельнікі ваенна-патрыятычнага клуба «Гарнізон» таксама пажадалі адкрыць на базе в/ч 9-дзённую змену, жыць маладыя людзі будуць у казарме. Змена пачнецца 5 ліпеня.
Надзея ЦЕРАХАВА
Фота аўтара