Праект «Дзённік вандроўніка» навучэнцаў Казловіцкай сярэдняй школы Слуцкага раёна прайшоў рэцэнзаванне на прысваенне грыфа «Рэкамендавана навукова-метадычнай установай «Нацыянальны інстытут адукацыі» Міністэрства адукацыі, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».
«Дзённік вандроўніка» — своеасаблівы рэсурс, дзе можна фіксаваць наведванні экскурсійных аб’ектаў краіны.
— Наш праект на працягу навучання будзе дапамагаць школьнікам вывучаць культурную і гістарычную спадчыну краіны, — звярнуў увагу дырэктар Казловіцкай сярэдняй школы Аляксандр Слуцкі. — У дзённіку мы прадставілі вынікі нашай экскурсійнай, турыстычнай і краязнаўчай работы за 2015—2023 гг. Распрацоўка апрабавана і прэзентавана на розных конкурсных і метадычных пляцоўках, дзе атрымала высокую ацэнку педагогаў.
Дзённік вандроўніка накіраваны на актывізацыю экскурсійнай дзейнасці навучэнцаў устаноў адукацыі, удасканаленне форм арганізацыі даследчай работы ў галіне краязнаўства, паглыбленне ведаў па гісторыі, культуры, геаграфіі, прыроднай і духоўнай спадчыне роднага краю.
Над «Дзённікам вандроўніка» працавалі кіраўнік праекта настаўніца гісторыі і мастацтва Ірына Фурманец, тэхнічны рэдактар, дырэктар школы, магістр адукацыі Аляксандр Слуцкі і выканаўца праекта навучэнка 10-га класа Яна Карніенка.
Наталля САХНО