У Лошніцкай гімназіі Барысаўскага раёна рэалізуюць унікальны праект, які накіраваны на грамадзянска-патрыятычнае выхаванне навучэнцаў, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».
Задуманая творчая ідэя вельмі цікавая.
— З дапамогай прыёмаў камп’ютарнай графікі і шляхам паглыблення ў атмасферу твораў дзеці ствараюць са звычайных фатаграфій непаўторныя копіі вокладак вядомых кніг аб ваенным мінулым, — расказала дырэктар Лошніцкай гімназіі Юлія Саматыга.
Каб рэалізаваць задуму, у навучальнай установе запусцілі незвычайны чэлендж «#гісторыя#памяць#будучыня». Для ўдзелу ў ім прапаноўвалася самастойна выбраць і прачытаць кнігу, а затым адлюстраваць упадабанага персанажа.
— Выкладчыца выяўленчага мастацтва і факультатыву «Камп’ютарная графіка» Юлія Ціхановіч выказала прапанову адлюстроўваць персанажаў не ў прывычным фармаце малюнка, а з дапамогай фатаграфіі, ужываючы лічбавую графіку, — тлумачыць Ю. Саматыга. — Вельмі хутка гэты чэлендж перарос у маштабны займальны праект «Місія маладых: захаваць гісторыю вялікіх перамог».
Наталля САХНО