Эксперымент па ўкараненні новага рэжыму харчавання навучэнцаў, які праходзіў на базе чатырох мінскіх школ, прызнаны эфектыўным, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
Сутнасць эксперымента заключалася ў тым, каб удасканаліць асартымент страў пры ўдзеле саміх навучэнцаў. Ім прапаноўвалася на выбар некалькі страў. Акрамя таго, быў павялічаны час прыёму ежы да трох з паловай гадзін пасля прыходу ў школу, каб школьнікі паспелі прагаладацца. Спецыялісты распрацавалі рэцэптуры больш чым 60 новых страў. У выніку працэнт ахопу вучняў гарачым харчаваннем у школах, дзе праводзіўся эксперымент, павялічыўся, а аб’ём харчовых адходаў, наадварот, скараціўся.
Як расказалі ў камітэце па адукацыі Мінгарвыканкама, праект будзе ўкараняцца ў сталічныя школы і гімназіі паступова, у тры этапы. Каля 35% сталічных устаноў адукацыі пяройдуць на яго ўжо з 1 верасня, астатнія — па меры гатоўнасці, але не пазней чым праз год. У шэрагу школ трэба дааснасціць абедзенныя залы і закупіць дадатковае тэхналагічнае абсталяванне.
Акрамя таго, у шасці ўстановах адукацыі сталіцы праводзіўся эксперымент па замене асартыменту школьных буфетаў на прадукцыю, рэкамендаваную Навукова-практычным цэнтрам Нацыянальнай акадэміі навук па харчаванні. Гаворка ідзе аб ежы з нізкім утрыманнем цукру, а таксама аб прадуктах, якія маюць спецыяльную маркіроўку “Для дзяцей школьнага ўзросту”. Праект таксама завяршыўся паспяхова. Паступова ён будзе распаўсюджаны на іншыя ўстановы адукацыі.
Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота з архіва рэдакцыі