Дзіцячы сад аграгарадка Падлабенне выкарыстоўвае нестандартныя спосабы адаптацыі маленькіх выхаванцаў

- 15:24Образование

Дзіцячы сад аграгарадка Падлабенне Гродзенскага раёна выкарыстоўвае нестандартныя спосабы адаптацыі маленькіх выхаванцаў, і яны даюць свой плён. 

Лета ў дзіцячым садзе — час прыёму новых выхаванцаў, фарміравання малодшых і ясельных груп. Гэта складаны для дзяцей перыяд адаптацыі, і правесці яе трэба паспяхова і бязбольна.

У нашым дзіцячым садзе прыём дзяцей ажыццяўляецца на свежым паветры. На пляцоўцы мы размясцілі вялікае пано са спанбонду, якое стала імправізаваным мальбертам для творчасці. І бацькам, і дзеткам адразу пасля прыходу прапаноўваецца ўзяць пэндзлік і стварыць міні-малюнак або проста зрабіць невялікія мазкі. Такім чынам мы праводзім дыягностыку самаадчування сродкамі традыцыйнай методыкі прыярытэтных колераў. Паводле псіхалогіі, кожны з колераў нясе ў сабе пэўную шыфроўку. Напрыклад, светлыя тоны сведчаць аб радасці і разняволенасці, а цёмныя — аб суме і замкнутас­ці. З дапамогай асацыятыўных вобразаў можна разгадаць душэўны стан як бацькоў, так і дзетак. У першыя дні мамы нашых выхаванцаў выбіралі ў асноўным цьмяныя тоны, што выдавала іх трывогу. З цягам часу на палатне з’яўляліся яркія малюнкі. Значыць, мамы супакоіліся, змаглі адпусціць хваляванне і выйсці са стану гіперапекі.

Малюнкі дзетак, як правіла, былі стракатыя. Гэта гаворыць аб імпульсіўнасці малых і нестабільнасці іх натуры. І такая з’ява лічыцца нормай, бо працэс адаптацыі працяглы і складаны. Калі ж змрочныя колеры не адступалі, мы шукалі прычыну, удзялялі дзіцяці больш увагі, падключалі да работы псіхолага. Здаралася, што адценні малюнкаў і ў мамы, і ў малыша супадалі — гэта сведчыць аб іх гармоніі і цеснай сувязі. Праз некалькі дзён наша пано ўяўляла сабой вялікую маляўнічую карціну з акрэсленым сюжэтам. Было відаць, што ўжо сфарміравалася пачуццё калектывізму, згуртаванасці. Радавала, што дамінавалі прыемныя, цёп­лыя колеры.

Прымяняюць ва ўстанове і цікавы прыём “Кветка жаданняў”. На палісадніку кожным выхаванцам высаджваюцца кветкі. Мама і яе дзіця ў працоўным тандэме старанна даглядаюць “гадаванцаў”: паліваюць, праполваюць, нават  гутараць з імі і дзеляцца сваімі марамі. Лічыцца, што калі кветка зацвіце, то жаданне споўніцца. Гэта становіцца яшчэ адной прыемнай нагодай хутчэй вярнуцца ў дзіцячы садок.

У малодшых дзяцей распаўсюджана гульня ў сакрэцікі-скарбы. Яе ўдзельнікі нібы з’яўляюцца членамі патаемнага таварыства і павінны пакласці ў куфэрачак штосьці запаветнае, дарагое іх сэрцу, нейкія дробныя каштоўнасці. А потым гэты скарб неабходна сха­ваць і замаскіраваць. Мы з дзецьмі прыгадалі гэтую знакамітую гульню і ўладкавалі на дзіцячай пляцоўцы імправізаваны востраў скарбаў. У скрынкі траплялі самыя розныя рэчы: каляровыя каменьчыкі, стужкі, кветкі, невялікія цацкі, але часцей за ўсё — цукеркі. Такім чынам дзіцячы сад набыў магічную загадкавасць, а дзеці даверылі яму сваю таямніцу. Акрамя таго, да гэтай гульні далучыліся і бацькі.

Каб звесці да мінімуму плач дзяцей, мы агучылі легенду пра слёзы, якія ператвараюцца ў хмарку і выпадаюць на зямлю дожджыкам. Каб не сапсаваць сонечнае надвор’е, малышам прапаноўваецца ўявіць, што іх слёзкі — гэта кропелькі вады, якія з дапамогай піпеткі трэба змясціць у імправізаваную хмарку. Так замест плачу дзеці пераключаюцца на іншы від дзейнасці і, захапіўшыся, мяняюць сумны настрой на радасны.

Пералічаныя займальныя прыёмы скіраваны на паспяховую адаптацыю не толькі дзяцей, але і іх бацькоў. Мы імкнёмся працаваць у адзінстве, улічваць патрэбы ўсіх зацікаўленых бакоў. Такая сістэма работы дазваляе дасягнуць эмацыянальнай стабільнасці ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу.

Людміла ДАРАШКЕВІЧ,
выхавальніца дзіцячага сада аграгарадка Падлабенне Гродзенскага раёна