Настаўніца Алена Агеева: «Займацца валанцёрствам — гэта не прыгожыя словы, гэта яшчэ адна адказная работа»

- 14:42Волонтеры, Новости, Проекты

У мінулым жніўні, седзячы за камп’ютарам і пераглядаючы вучэбныя планы на новы навучальны год, настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 1 Шклова Алена Агеева выпадкова ўбачыла інфармацыю пра тое, што сацыяльная дабрачынная арганізацыя KinderVita шукае чараўнікоў: яны збіраюць для дзетак, якія хварэюць на анкалогію, скрыначкі храбрасці. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Цікаўнасць перамагла: Алена Агеева знайшла кантакты валанцёра праекта і напісала яму паведамленне, расказала, што хоча стаць часткай каманды. Закрыць вочы і прайсці міма, калі астатнія дапамага­юць тым дзеткам, якія пакутуюць на анкалогію, педагог не змагла. Гэтая хвароба прынесла гора не ў адзін дом і яе блізкіх таксама не абышла.

Усё, што акружае дзяцей з анказахворваннямі, — гэта сцены бальніц. Іх сённяшні дзень — гэта бясконцая чарада болю і цяжкіх працэдур. Дарослым трэба сабраць усе эмоцыі ў кулак, каб прыняць такую рэальнасць. На жаль, гэта могуць зрабіць далёка не ўсе. І гэта нармальна: мы свядома пазбягаем таго, што пужае і прымушае нас пакутаваць. 

“Мне вельмі доўга ніхто не адказваў, таму пачала думаць, што, магчыма, не падыходжу па нейкіх прычынах, — успамінае мінулагоднія падзеі настаўніца. — Але дачакалася: у лісце, які прыйшоў на пошту, былі пазначаны кантакты. Я пазваніла і ў той жа дзень далучылася да KinderVita. Мне не было страшна, мне хацелася быць карыснай і дапамагаць, бо я ведаю, як хутка анкалогія можа забраць тых, каго мы любім. Але разам з гэтым разумею, што анкалогія — гэта не прыгавор”.

На педагагічным савеце, які праходзіў у пачатку верасня, Алена Агеева расказала сваім калегам пра праект “Скрыначка храбрасці”. Ідэю далучэння да праекта падтрымала дырэктар сярэдняй школы № 1 Шклова Вольга Дрозд. Дзякуючы разуменню і спачуванню, маленькая справа, за якую “хварэў” адзін чалавек, вырасла ў вялікую дапамогу.

“Тады каманда нашых валанцёраў таксама рыхтавалася да новага навучальнага года і збірала сваім падапечным прылады для вучобы, — расказ­вае Алена Агеева. — Акрамя таго, што ўсе мае калегі далучыліся да акцыі і дапамаглі сабраць скрыначкі дзеткам, яны паўдзельнічалі ў зборы для адной з дзяўчынак, якая на той момант праходзіла лячэнне ў анкалагічным цэнтры ў Бараўлянах. Помню, як перапаўнялі эмоцыі, калі мы змаглі сабраць пэўную суму”.

“Скрыначка храбрасці” — гэта дабрачынны праект для падтрымкі дзяцей, якія змагаюцца з анкалагічнымі, гематалагічнымі і імуннымі захворваннямі. У нашай краіне яго рэалізоўвае дабрачынная арганізацыя KinderVita. Валанцёры і неабыякавыя да лёсу хворых дзетак людзі збіраюць грошы на медыцынскія прэпараты, цацкі, сродкі гігіены, спецыялізаванае харчаванне. Усё гэта яны перадаюць тым, хто праходзіць складаны шлях лячэння.

Акрамя адраснай дапамогі, каманда KinderVita рэгулярна напаўняе цацкамі скрыначкі храбрасці, якія ўстаноўлены ва ўсіх працэдурных кабінетах у РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі, а таксама ў адпаведных аддзяленнях бальніц Гомеля і Магілёва. У гэтых боксах дзеткі могуць выбіраць сабе ўзнагароду пасля балючых працэдур.

Тое, што было сабрана ў Шклове для скрыначак храбрасці, настаўніцы дапамагалі раскладваць яе калегі і навучэнцы. А потым, калі пасылкі трэба было перадаць у РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі, яны ра­зам адносілі іх на пошту.

“Праз некаторы час я даведалася, што ў Магілёве таксама лечацца дзеткі з анкалогіяй, таму пачалі збі­раць скрыначкі і для іх, — адзначае настаўніца. — Магчыма, тое, што мы робім, некаму здасца дробяззю і выкліча незразумелыя эмоцыі, але маленькай дапамогі не бывае, і мы ў гэтым упэўніліся на сваім вопыце”.

Пасля таго як Алена Агеева расказала ў Instagram пра сваё валанцёрства, ёй пачалі пісаць былыя вучні, бацькі яе сённяшніх навучэнцаў. Яны цікавіліся ў настаўніцы, чым яшчэ можна дапамагчы дзеткам. Дзякуючы такой падтрымцы, былі сабраны медыцынскія маскі, а таксама рэчы для новых скрыначак храбрасці.

“Не так даўно я пісала пра збор сродкаў на лячэнне аднаго з нашых падапечных Дзімы Жалязнова, — працягвае А.Агеева. — Пасля таго як пост быў апублікаваны, мне напісалі былыя вучаніцы, якія сёння жывуць у Мінску. Яны гаварылі, што вельмі хочуць дапамагчы, і цікавіліся, куды можна пералічыць сродкі на лячэнне хлопчыка”. 

У адрозненне ад малышоў, якія могуць не разумець, з чым сутыкнуліся, падлеткам, якія знаходзяцца на лячэнні ў анкалагічным цэнтры, вельмі страшна: яны разумеюць, што барацьба з хваробай будзе доўгай і складанай, і хто ў ёй пераможа — не прадказаць. 

“Адзін з нашых праектаў — “Падтрымаем падлеткаў разам” — быў прыдуманы для таго, каб дапамагчы дзецям ад 13 гадоў, — зазначае Алена Агеева. — Для гэтага мы ў школе збіралі кнігі, часопісы, настольныя гульні і інш. Знаходжанне ў бальніцы для дзяцей расцягваецца на вельмі доўгі час. Многія з іх па некалькі месяцаў не выходзяць на вуліцу, яны прывязаны да палат. Гісторыі нашых падапечных ведаюць многія мае калегі і навучэнцы. Без іх дапамогі і падтрымкі я б не так маштабна займалася гэтай дзейнасцю. Толькі дзякуючы іх неабыя­кавасці ў нас усё атрымлі­ваецца”.

Шклоў — горад невялікі, усе ведаюць адно аднаго. Таму не дзіўна, што пра тое, як у сярэдняй школе № 1 дапамагаюць анкахворым дзеткам, веда­юць у іншых установах адукацыі.

“Да нас далучыліся сярэдняя школа № 4 і гімназія, — адзначае Алена Агеева. — Сёння вяду перамовы з двума буйнымі прадпрыемствамі горада, каб устанавіць у іх скрыначкі храбрасці. У іх супрацоўнікі змогуць класці ўсё тое, у чым маюць патрэбу нашы дзеці — мы так называем сваіх падапечных”.

Ужо некалькі гадоў многія школы краіны прымаюць удзел у даб­рачыннай акцыі “Дзеці замест кветак”. Ініцыятыва мэтанакіравана праводзіцца ў Дзень ведаў, каб прыцягнуць увагу да тых дзетак, якія 1 верасня з-за хваробы не могуць сесці за школьныя парты.

“Мы таксама далучыліся да акцыі, сэнс якой у тым, каб замест мноства букетаў школьнікі падарылі настаўніку адзін ад усяго класа, а сэканомленыя грошы ахвяравалі хворым дзеткам, — тлумачыць педагог-валанцёр. — Узамен кожны ўдзельнік акцыі атрымлівае паветраны шарык з надпісам “Я дапамагаю” і падзяку для класа і настаўніка”.

Акцыя “Дзеці замест кветак” — гэта магчымасць навучыць дзяцей спагадзе. Гэта ўрок, які паказвае, што дапамагаць і рабіць дабро — проста.

“Кожная навучальная ўстанова можа далучыцца да нашай школы і аказаць дапамогу дзецям з анкалагічнымі, імуналагічнымі і гематалагічнымі зах­ворваннямі, якія змагаюцца за жыццё ў анкацэнтры ў Бараўлянах, — тлумачыць Алена Агеева. — Сабраныя на акцыі сродкі накіроўваем на падтрымку нашых падапечных. Як правіла, закупляем сродкі гігіены, лекавыя прэпараты і цацкі для маленькіх герояў. Яны не пойдуць у школу, не сядуць за парты, не разгорнуць новыя падручнікі. Яны будуць толькі назіраць з вокнаў сваіх палат, як іх равеснікі, шчаслівыя і прыгожа апранутыя, спяшаюцца на лінейку”.

Самае страшнае і балючае, з чым можа сутыкнуцца кожны валанцёр, — прывязацца да дзіцяці, якога можа не стаць. У лепшым выпадку такая страта прыводзіць да таго, што чалавек адмаўляецца працягваць дзейнасць, якой займаўся. Як гэта, калі прывы­каеш?

“Я працую ў школе ўжо больш чым 30 гадоў і помню ўсіх сваіх вучняў, — звяртае ўвагу педагог. — Хворым дзеткам дапамагаю значна менш, але таксама паспела прывязацца да іх. Адпусціць тых, каго больш няма, вельмі цяжка. Помню, як усёй школай збіралі сродкі на лячэнне 2-гадовага хлопчыка, але не паспелі яму дапамагчы… Мы жывём у зоне камфорту і рэдка калі выходзім з яе. Але мы павінны разумець, для чаго жывём: ніхто не ведае, што бу­дзе з намі заўтра. Займацца валанцёрствам — гэта не прыгожыя словы, гэта яшчэ адна адказная работа. А я сваю работу вельмі люблю і штодня з задавальненнем іду да навучэнцаў, а пасля спяшаюся дапамагаць іншым дзеткам, якіх гэтак жа люблю. Пастаяннае ўзаемадзеянне з імі дазваляе адучваць сябе і патрэбнай. Калі ёсць шанс дапамагчы, ці маем мы права яго ўпускаць?”

Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА