Як пад наглядам вопытных інструктараў школьнікі летам вучацца плаваць

- 15:16Новости

Расказваем, як у сярэдняй школе № 12 Светлагорска зрабілі навучанне плаванню цікавым і бяспечным. Паглядзелі, як пад наглядам вопытных інструктараў школьнікі летам асвойваюць стылі плавання, выкарыстоўваць якія можна як у басейне, так і на адкрытай вадзе.

У холе нас гасцінна сустракае дырэктар школы Марына Тушынская. Яна лічыць, што навучанне плаванню — захапляльны пе­рыяд у жыцці кожнага дзіцяці і адказны момант для спецыялістаў школы — інструк­тараў.

— Наша ўстанова — адзіная ў Светлагорскім раёне, на базе якой ёсць басейн. Стварэнне бяспечных умоў для выхаванцаў — самае важнае, над чым зараз працуе кожная школа раёна. А ў перыяд летніх канікул асабліва важна вучыць дзяцей правільным паводзінам на вадзе і навыкам плавання. Чым больш хлопчыкаў і дзяўчынак будзе навучана, тым менш надзвычайных сітуацый на вадзе будзе з імі здарацца. Таму ў чэрвені мы спецыяльна праводзілі навучанне плаванню для тых дзяцей, якія наведвалі школьныя аздараўленчыя лагеры,  — гаворыць дырэктар.

Дарэчы, работа ў гэтым напрамку працягваецца і ў іншыя летнія месяцы. Так, падчас купальнага сезона запланавана работа інструктараў па плаванні на гарадскім пляжы ракі Бярэзіны. Іх задача — навучыць дзяцей рознага ўзросту не толькі трымацца на вадзе, але і вало­даць як мінімум адным стылем плавання. Канечне, вынік будзе залежаць ад рэгулярнасці трэніровак. Ідэя вучыць дзяцей плаванню ў адкрытых вадаёмах карысталася попытам у мінулым годзе, таму аб запатрабаванасці гэтай формы работы гаварыць не даводзіцца.

…У калідоры школы чуецца звонкі дзіцячы смех: маленькія чамучкі спяшаюцца ў водны комплекс, каб паплюхацца ў вадзе, а заадно і ўмацаваць сваё здароўе. Заняткі ў басейне пачынаюцца, і з першых хвілін вучні захоплены размінкай. Нічога складанага: падчас трэніроўкі на сушы дзеці імітуюць рухі плыўца. Хлопчыкі і дзяўчынкі імк­нуцца паўтараць за трэнерам простыя рухі — так яны значна хутчэй змо­гуць дасягнуць вынікаў на ва­дзе. Напрыклад, раскруты ці махі рукамі дапамага­юць павялі­чыць рухомасць пляча. Пасля дзеці ўсаджваюцца на падлогу і рухаюць нагамі, як у вадзе. Трэнер сёе-тое падказвае, дапамагае. Размінка скончана, мышцы разагрэты — і па свістку даецца адмашка: ура, зараз можна ў ваду! Дзеці дзеляцца на групы: адны ідуць з інструктарам у малы басейн адпрацоўваць практыкаванні на вадзе, другія займаюць месцы на дарожках, каб адта­чыць тэхніку плавання. На занятках у вадзе ніхто з вучняў не застаецца па-за ўвагай. Асабліва сочаць за маленькімі плыўцамі, якія няўпэўнена адчуваюць сябе ў воднай стыхіі. Дасведчаныя спецыяліс­ты запэўніва­юць, што навучаць плаваць кожнага, галоўнае — жаданне.

— Дзеці, якія прыхо­дзяць да нас на заняткі, як правіла, плаваць не ўме­юць, — гаворыць інструктар па фізічнай культуры сярэдняй школы № 12 Настасся Брыкет. — Мы іх вучым з нуля: пачынаем з маленькай чашы басейна і паступова пераходзім у вялікую.

Немалаважна пераканаць дзіця не баяцца. Інструктар заўсёды дапаможа пераадолець страх перад вадой. Ён тлумачыцца тым, што часта дзеці не ведаюць, як ляжаць на вадзе, як дыхаць. У першыя часы, вядома, хлопчыкі і дзяўчынкі трымаюцца бліжэй да борціка, а затым прывыкаюць і адчуваюць сябе ў бяспецы. Нават не баяцца, калі пырскі вады трапляюць ім у твар.

У руках трэнера з’яў­ляецца плавальная дошка, дзеці атрымліваюць заданне: выпрастаўшыся і ўтрымліваючы дошку наперадзе на выцягнутых руках, зрабіць удых, апусціць галаву ў ваду і выдыхнуць… Трэнер хваліць дзяцей і асабліва адзначае старанні навучэнцаў Аляксандра Ахрэменкі і Настассі Аляксандравай.

— Мне падабаецца плаваць кролем, здаецца, у мяне выдатна атрымліваецца, — прызнаецца хлопец. — Праўда, спачатку я баяўся вады, але з часам пераадолеў свой страх. Цяпер адчуваю сябе як рыба ў вадзе.

Настасся, як і Аляксандр, навучылася плаваць дзякуючы ўласнаму жаданню і стараннасці трэнера. Вучаніца ўпэўнена, што ў іх школе самы класны басейн і найлепшыя настаўнікі.

Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА
Фота аўтара