Адпачыць, зарабіць, праявіць сябе — так можна акрэсліць аздараўленчую кампанію ў Рэчыцкім і Светлагорскім раёнах

- 13:07Репортаж

Адпачыць, зарабіць, праявіць сябе — так можна акрэсліць летнюю аздараўленчую кампанію, арганізаваную ў Рэчыцкім і Светлагорскім раёнах Гомельшчыны. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

На працягу двух дзён прадстаўніцтва Выдавецкага дома “Педагагічная прэ­са” знаёмілася з галерэяй вопыту арганізацыі летняга адпачынку і вучнёўскай занятасці ў гэтых раёнах. Калі коратка, то прыехалі адтуль уражаныя і натхнёныя. Але хочацца вярнуцца ў гэтую галерэю, каб абазначыць рэперныя кропкі. Рэчыцкі раён мае багатыя традыцыі ў арганізацыі карыснага і здаровага лета для сваіх дзяцей і разам з тым імкнецца ісці ў нагу з часам. Начальнік аддзела адукацыі Рэчыцкага райвыканкама Святлана Лукінская адзначыла, што для іх заўсёды ў прыярытэце запыты дзяцей і бацькоў. Дзецям галоўнае, каб не было сумна, а бацькам, каб іх сыны і дочкі не проста гулялі, але і займаліся нечым карысным.

Як задаволіць усе пажаданні, веда­юць, напрыклад, у сярэдняй школе № 10 Рэчыцы, у якой летам працуе аж 4 лагеры рознай накіраванасці. Дырэктар установы Наталля Пачыцкая пералічыла: “У нас дзеці 6—10 гадоў адпачываюць у аздараўленчым лагеры дзённага знаходжання “Алімпікі”, дзе для іх прадугледжаны спартыўна-аздараўленчыя заняткі, наведванне басейна, гульні на свежым паветры і культурная праграма. Дзейнічае лагер дзённага знаходжання экалагічнай накіраванасці “Кропелька”, дзе школьнікі вывучаюць лекавыя расліны, іх асаблівасці, методыку збору і захоўвання.

Акрамя таго, у нас ёсць аздараўленчы лагер працы і адпачынку “Працавік”, дзейнасць якога арганізавана праз упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Рэчыцкага райвыканкама. Для падлеткаў ствараюцца дадатковыя працоўныя месцы па прафесіі рабочага зялёнага будаўніцтва 2-га разрада. У выніку нашы вучні займаліся добраўпарадкаваннем школьнай тэрыторыі, за што атрымалі заработную плату. Чацвёрты наш лагер ваенна-патрыятычны, ён называецца “Курсант — гэта ты”. Тут дзеці вучацца быць сапраўднымі грамадзянамі нашай краіны”.

Разнастайнасць летняга адпачынку дапаўняе яшчэ адзін напрамак рэчыцкай сярэдняй школы № 10 — валанцёрскі атрад “Дабро”, які ў супрацоўніцтве з Беларускім Чырвоным Крыжом з’яўляецца актыўным удзельнікам шматлікіх летніх мерапрыемстваў.

Такое ж карыснае і багатае на цікавыя акцыі і праекты лета арганізоўваюць у Цэнтры творчасці дзяцей і мола­дзі Рэчыцы, сярэдніх школах № 5 і № 6. Дзецям тут сумаваць не даво­дзіцца, бо з імі працуюць вельмі творчыя і неабыякавыя педагогі. Як, зрэшты, і ў Азершчынскай сярэдняй школе № 1, дзе вучні атрымліваюць навыкі збору палатак, рукзакоў для паходаў і не толькі. Жадаючых атрымаць такія веды штогод менш не становіцца, таму ў лагер да Генадзя Мікалаевіча Пікузы, настаўніка па фізічным выхаванні і галоўнага па арганізацыі школьных паходаў, запісвацца трэба загадзя.

 

А ў Бронненскай сярэдняй школе Рэчыцкага раёна вучні летам вырошчваюць садавіну і агародніну. Прызнацца, было прыемна прайсціся паміж дагледжанымі градамі з буракамі, фасоляй, памідорамі і нават прыкінуць аб’ём ураджаю, тым больш што ён абяцае быць багатым. У школе ёсць і цяпліца, дзе пасаджаны кавуны і дыні. Таму, калі дырэктар Галіна Чувашава запрасіла нас “хоць адным вокам” глянуць, як растуць гэтыя культуры, мы, канечне ж, не адмовіліся, тым больш што далёка не ўсе ведалі, як выглядаюць тыя кавуны і дыні ў працэсе росту. Цяпер ведаем.

У сярэдніх школах №№ 9, 11, 12 Рэчыцы падлеткі маюць магчымасць зарабіць свае першыя грошы і атрымаць працоўныя кніжкі, чым, дарэчы, вельмі ганарацца. Навучальныя ўстановы супрацоўнічаюць з упраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Рэчыцкага райвыканкама. Такі вопыт не толькі выніковы, але і перспектыўны. Гэта адзначылі прадстаўнікі ўсіх школ.

Перспектыўным стаў вопыт работы ў дзіцячым аздараўленчым летніку імя М.Казея (вёска Горваль Рэчыцкага раёна) для навучэнак 3 курса Рэчыцкага педагагічнага каледжа. Дзяўчаты не толькі сталі больш упэўненымі, але і навучыліся працаваць з вялікімі дзіцячымі калектывамі.

Другі дзень нашага прэс-туру па рэгіёнах Гомельскай вобласці быў прысвечаны Светлагорскаму раёну. Тут свае адметныя падыходы да арганізацыі летняга адпачынку і другаснай занятасці школьнікаў. Па словах начальніка аддзела адукацыі Светлагорскага райвыканкама Жанны Чэркас, у раёне найперш кіруюцца патрэбамі дзяцей.

Светлагорскі ЦТДіМ “Ювента” рэалізоўвае раённую акцыю “Лета ў СВЕТЛЫМ”, у межах якой карыснымі справамі заняты дзеці ўсіх узростаў. Як адзначыла дырэктар Таццяна Шамелава, летняя праграма цэнтра вельмі насычаная і ўключае самыя розныя кірункі. Канечне, гэта ўсе віды творчасці (маляванне, танцы), спартыўнае арыентаванне, вод­ныя паходы, экалагічныя праекты, ваенна-пат­рыятычныя мерапрыемствы (дзейнічаюць адпаведныя лагеры). Своеасаб­лівай візітоўкай цэнтра з’яўляецца дзіцячая тэлестудыя “Ювента”, куды нас, дарэчы, запрасілі на інтэрв’ю. У выніку атрымалася цікавая размова пра навыкі і якасці журналіста.

У дзіцячым садзе № 21 Светлагорска таксама няма калі сумаваць. Тут дзеткі вучаць асновы бяспечных паводзін на дарозе, для чаго выкарыстоўваюцца створаныя таленавітымі педагогамі тэматычныя пляцоўкі. У прыярытэце — гульнявая дзейнасць і нагляднасць. Зусім нядаўна ў садку з’явілася паркоўка для дзіцячых самакатаў і веласіпедаў. Тут ужо ўсё па-даросламу, згодна з правіламі. У дашкольнай установе цесна супрацоўнічаюць з мясцовай ДАІ.

У 10-й школе Светлагорска арганізаваны лагер грамадзянска-патрыятычнай накіраванасці “Беларусы — гэта мы”, праграма якога ўключае правядзенне тэматычных конкурсаў, віктарын, дыскусій. У школе дзейнічае музей баявой славы, пляцоўка якога таксама задзейнічана ў летні перыяд. Як адзначыла дырэктар навучальнай установы Ірына Гвоздзь, яны імкнуцца кожны дзень сваіх выхаванцаў зра­біць цікавым і карысным, каб інтэ­лектуальная, пазнавальная дзейнасць своечасова змянялася гульнявой і спартыўнай. Для гэтага ў школе створаны ўсе ўмовы.

А ў Давыдаўскай сярэдняй школе Светлагорскага раёна дзеці адпачываюць у кругласутачным лагеры і працуюць на прышкольным участку. Зноў-такі задаволены ўсе. Падабаецца і дзецям, і бацькам, якія шмат працуюць у мясцовай гаспадарцы (цяпер самы гарачы час) і не заўсёды могуць удзяліць свайму дзіцяці шмат часу. Дагле­джаная тэрыторыя школы ўвагу прыцягвае здалёк. Яркія кветкі, роўны газон з дэкаратыўнымі раслінамі сустракаюць кожнага наведвальніка навучальнай установы. За будынкам школы размешчаны агарод і сад, такія ж дагледжаныя. Арэхавая алея, яблынькі, бульба, буракі, памідоры, цяпліца з агуркамі. Гэта тое, што кідаецца ў вочы адразу. Пасля заўважаем грады з лекавымі раслінамі.

Дырэктар Святлана Маркевіч расказвае, што ў іх працуе лабараторыя здаровага харчавання “ШкольнікАМ” пад адкрытым небам, што дзеці не проста вырошчваюць садавіну і агародніну, а вучацца рабіць гэта па правілах, гэтак жа і харчавацца. Правільнае і смачнае харчаванне тут норма, таму калі нам прапаноўваюць пачаставацца карыснымі напіткамі, то дэгустацыя ператвараецца ў кулінарны вучэбны працэс, бо зварыць кампот з гарбуза з карыцай або мядовы кісель з сухафруктаў — справа не на хвіліну.

Але ж для нас падрыхтавана яшчэ адна дзея, таму спяшаемся на іншую лакацыю. У Давыдаўскай школе рэалізоўваецца тэатральны праект “Нацыянальны каларыт”, у межах якога дзеці вучацца касіць, ка­лоць дровы, запрагаць каня, ­даіць карову, а таксама танцаваць народныя беларускія танцы, іграць на народных інструментах. Ідэя праекта — ва ўзнаўленні мясцовага сельскага побыту. Для нас быў арганізаваны майстар-клас, як жаць жыта сярпом. Акрамя таго, нам расказалі пра традыцыі зажынак.

У Светлагорскім раёне ёсць яшчэ адна адметная школа — Чыркавіцкая сярэдняя школа імя П.М.Стэфаноўскага. Тут актыўна развіваюць валанцёрскі рух, прывіваюць любоў да працы на школьным агародзе. Акрамя таго, у школе ёсць карцінная галерэя, створаная членамі Саюза мастакоў на мясцовым матэрыяле.

Школа ў вёсцы — гэта значна больш, чым проста ўстанова адукацыі. Чыркавіцкай школе больш за 150 гадоў. Яе традыцыі і здабыткі сталі сапраўдным культурным і сацыяльным феноменам. Нават летам гэта адчуваецца. Прынамсі, праграма школьнага аздараўленчага лагера “Агеньчык” пачынаецца з экскурсіі па карціннай галерэі, якая, дарэчы, уключае 17 манументальных палотнаў.

P.S. Падрабязнасці нашага прэс-туру чытайце ў найбліжэйшых нумарах “Настаўніцкай газеты”.

Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА