Школа як найважнейшы сацыяльны інстытут: што найперш вызначае якасць выхаваўчай работы?

- 11:13Компетентно, Образование

Што ўяўляе сабой сучасная сістэма выхаваўчай работы ва ўстановах адукацыі нашай краіны? Якія магчымасці для павышэння прафесійных кампетэнцый маюць педагагічныя работнікі — арганізатары выхаваўчага працэсу? Гэтыя і іншыя пытанні абмеркавалі з начальнікам упраўлення выхаваўчай і ідэалагічнай работы Нацыянальнага інстытута адукацыі, галоўным рэдактарам навукова-­метадычнага часопіса “Выхаванне і дадатковая адукацыя”, кандыдатам педагагічных навук, дацэнтам Наталляй Катовіч.

У супрацоўніцтве навукоўцаў і практыкаў

— Наталля Канстанцінаўна, вы доўгі час узначальваеце ўпраўленне выхаваўчай і ідэалагічнай работы Нацыянальнага інстытута адукацыі. Як змяніліся падыходы да арганізацыі выхаваўчага працэсу ва ўстановах адукацыі краіны?

— На маіх вачах пачынаючы з 1991 года, калі Рэспубліка Беларусь была абвешчана незалежнай дзяржавай, выбудоўвалася нацыянальная сістэма выхавання. У аснову гэтай сістэмы закладзена ідэя бесперапыннасці выхавання дзяцей і моладзі на ўсіх ступенях адукацыі — ад дзіцячых садкоў да ўніверсітэтаў. Стварэнню такой сістэмы садзейнічала прыняцце ў 1999 годзе адзінай у СНД Канцэпцыі выхавання дзяцей і навучэнскай моладзі ў Рэспубліцы Беларусь, якая вызначыла мэты, задачы, асноўныя кірункі выхаваўчай работы, іх змест і педагагічныя ўмовы рэалізацыі. Зараз гэтая канцэпцыя дзейнічае ў рэдакцыі 2015 года. Згодна з ёй, на кожныя 5 гадоў распрацоўваецца рэспубліканская Праграма выхавання дзяцей і навучэнскай моладзі, а на яе аснове ствараюцца рэгіянальныя праграмы выхавання і праграмы выхавання ўстаноў адукацыі. Таксама функцыянуюць Праграма выхавання дзяцей, якім патрэбна аздараўленне, Праграма выхавання дзяцей, якія дасягнулі высокіх поспехаў у вучэбнай і грамадскай рабоце.

Як бачым, створаны наладжаны механізм планавання і арганізацыі выхаваўчай дзейнасці. Гэта вынік сумеснай карпатлівай працы навукоўцаў і практыкаў.

— Калі гаварыць пра прыярытэты, то як бы вы вызначылі іх у выхаваўчай дзейнасці сучаснай школы?

— Школа заўсёды адыгрывала і працягвае адыгрываць важную ролю ў выхаванні падрастаючага пакалення. Менавіта гэты сацыяльны інстытут разам з сям’ёй закладвае фундамент светапогляду, ідэйнай мэтанакіраванасці, фарміруе характар дзіцяці, дапамагае яму адаптавацца ва ўмовах сучаснага сацыяльнага жыцця.

Сёння ўзнікла вострая неабходнасць стварэння сістэмы данясення да падрастаючага пакалення айчынных каштоўнасцей сучаснай мовай, у формах, блізкіх і зразумелых моладзі. Пытанні фарміравання патрыятызму ў навучэнцаў не страчваюць ­сваёй актуальнасці. Прычына гэтага не толькі аб’ектыўная запатрабаванасць грамадствам і дзяржавай сумленных і актыўных грамадзян і патрыётаў. У апошнія гады абвастрылася грамадска-палітычная сітуацыя ў свеце, што абумоўлівае з’яўленне новых выклікаў і пагроз. Таксама значна павялічылася колькасць дэструктыўнай інфармацыі, накіраванай, у першую чаргу, на падлеткаў і моладзь.

У сувязі з гэтым увага педагагічных работнікаў павінна засяроджвацца на дыверсіфікацыі метадаў і форм патрыятычнага выхавання, выкарыстанні новых фарматаў правядзення мерапрыемстваў, звароце да гістарычнага рэбрэндынгу, які звязаны з запаўненнем нацыянальнай свядомасці моладзі пэўным зместавым кантэнтам. Але павінна адзначыць: педагагічнае ўздзеянне нават самых актуальных форм і метадаў не будзе эфектыўным, калі за ім не стаіць майстэрства педагога.

Калі гаворыць пра арыенціры ў выхаваўчай дзейнасці, то побач з асобасным развіццём дзіцяці, раскрыццём яго прыродных задаткаў і здольнасцей я адзначыла б маральнае, грамадзянскае і патрыятычнае выхаванне, прафілактыку супрацьпраўных паводзін і шкодных залежнасцей, захаванне і ўмацаванне здароўя дзяцей і моладзі, стварэнне ў школе асяроддзя сацыяльнай і псіхалагічнай абароненасці, творчай садружнасці.

— Але ж ёсць распаўсюджанае меркаванне аб тым, што школа, настаўнік павінны найперш вучыць, адукоў­ваць, а выхаванне — справа сям’і…

— Мне здаецца, гэтае меркаванне мо­гуць падзяляць толькі людзі, далёкія ад педагогікі.

Адукацыя — гэта адзіны працэс выхавання і навучання. І гэтыя складнікі нельга аддзяліць адзін ад аднаго. Нельга вучыць, не выхоўваючы, і немагчыма выхоўваць без навучання.

Выхаванне ажыццяўляецца ў непарыўнай сувязі з працэсам навучання, хоць і мае свае мэты, задачы, метады і формы дзейнасці. Так, мэта навучання — даць вучню веды пра прыроду, культуру, чалавека. А як ён скарыстае набытыя веды і навыкі, якім каштоўнасцям іх падпарадкуе, куды скіруе свой патэнцыял — усё гэта будзе залежаць ад выхавання.

Што тычыцца сям’і, то, безумоўна, яе роля ў выхаванні дзіцяці выключная. Таму і цана бацькоўскіх памылак высокая. Адзіная магчымасць знізіць яе — гэта цеснае супрацоўніцтва са спецыялістамі, прафесіяналамі ў галіне педагогікі і псіхалогіі. І тут мы зноў вяртаемся да школы і разглядаем яе як цэнтр педагагічнай асветы для сям’і. Гэта натуральна, калі бацькі і педагогі, зацікаўленыя ў пазітыўным развіцці асобы дзіцяці, дзейнічаюць сумесна, наладжва­юць партнёрскія адносіны. Калі такой практыкі няма, то задумацца найперш варта педагогам. Валодаючы прафесійнай адукацыяй, яны з’яўляюцца тут моцным бокам, здольным змяніць сітуацыю.

Цэласная выхаваўчая прастора

— Вы акрэслілі ролю сучаснай школы як найважнейшага сацыяльнага інстытута. Што, на ваш погляд, найперш вызначае якасць выхаваўчай работы?

— Бясспрэчна, якасць выхаваўчай дзейнасці ў школе цалкам вызначаецца прафесійнай кампетэнтнасцю ключавых спецыялістаў — намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце, класных кіраўнікоў, педагогаў-арганізатараў, педагогаў дадатковай адукацыі, кіраўнікоў па ваенна-патрыятычным выхаванні, супрацоўнікаў сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службаў. Яны выконваюць надзвычай важную місію: выбудоўваюць цэласную выхаваўчую прастору ўстановы адукацыі, арганізоўваюць педагагічнае ўзаемадзеянне ўсіх патэнцыяльных суб’ектаў выхавання для вырашэння пастаўленых задач у найбліжэйшай і аддаленай перспектыве. Таму метадычнае, інфармацыйнае забеспячэнне гэтых спецыялістаў, пашырэнне іх прафесійнага кругагляду, удасканаленне практычных навыкаў становіцца найважнейшай умовай паспяховай дзейнасці школы.

— А якія магчымасці для павышэння кваліфікацыі педагогаў — арганізатараў выхаваўчай дзейнасці вы бачыце?

— Безумоўна, гэта курсавая падрыхтоўка спецыялістаў на базе ўстаноў адукацыі, удзел у навукова-метадычных мерапрыемствах, у рэалізацыі інавацыйных праектаў. І, вядома, самаадукацыя: сістэматычнае знаёмства з актуальнымі метадычнымі дапаможнікамі, матэрыяламі спецыялізаваных профільных выданняў. Для сістэмы выхаваўчай работы профільным з’яўляецца навукова-метадычны часопіс “Выхаванне і дадатковая адукацыя”. Гэта перыядычнае выданне, якое асвятляе асноўныя кірункі рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі ў галіне выхавання і друкуе метадычныя матэрыялы, неабходныя для вызначэння стратэгіі і тактыкі выхаваўчай работы ва ўстановах агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі.

Пастаянныя чытачы ўжо добра ведаюць адметныя рысы “ВДА”: публікацыя матэрыялаў у фармаце “тэматычны нумар”, які прадугледжвае падбор і навукова-метадычных, і практычных артыкулаў па актуальнай тэме; арыентацыя на педагога-практыка; выяўленне і папулярызацыя лепшага педагагічнага вопыту; адлюстраванне ў змесце часопіса і на яго каляровых укладках-постарах важных для педагагічнай грамадскасці дзяржаўных, культурных, адукацыйных дат і падзей; акцэнт на інавацыях. Кожны нумар мы стараемся зрабіць узорам удумлівага, кампетэнтнага асвятлення праблемных пытанняў у сучаснай сістэме дадатковай адукацыі і арганізацыі выхаваўчай работы.

Рэдакцыяй падрыхтавана некалькі тэматычных нумароў па грамадзянскім і патрыятычным выхаванні, краязнаўчай дзейнасці, пастаянна друкуюцца распрацоўкі з вопыту работы педагогаў, напаўняюцца рубрыкі, прысвечаныя тэматыцы бягучага года.

Наталля ЯНУШЭВІЧ