Наталля КАСТЭНКА
Сёлетнюю ўборачную кампанію сапраўды можна параўнаць з бітвай за ўраджай. З бітвай з надвор’ем, бо на ўсёй тэрыторыі нашай краіны канец вясны і пачатак лета выдаліся надзвычай сухімі, шмат было і надта спякотных дзён. З бітвай з насякомымі-шкоднікамі, якія ў адсутнасці дажджу смела накінуліся на кволыя пасевы будучага хлеба і агародніны. Ліпень, нарэшце, прынёс доўгачаканыя ападкі, якія, аднак, айчынным аграрыям не такія і неабходныя зараз: разгортваецца ўборачная гарачая пара.
У рэгіёнах уборачная кампанія — 2023 стартуе з зажынак — старажытнага абраду ўборкі першага снапа. Па традыцыі жнеі збіраюць каласкі ў першы сноп і дораць яго хлебаробам. Так, у Дзяржынскім раёне Мінскай вобласці свята пачатку ўборачнай аб’яднала аграрыяў 8 гаспадарак. А на поле аднаго з вядучых прадпрыемстваў аграпрамысловага комплексу Магілёўскага раёна, ЗАТ “Агракамбінат “Зара”, на традыцыйныя зажынкі разам з хлебаробамі і дзеячамі культуры прыехалі навучэнцы Рэчкаўскай сярэдняй школы. Новае пакаленне падрастае і далучаецца да працоўных традыцый свайго народа.
Не адстае і моладзь. Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі рэалізуе рэспубліканскі праект “ Моладзь — за ўраджай”. Яго мэта — павышэнне прадукцыйнасці працы маладых працаўнікоў вёскі, занятых на ўборцы ўраджаю, заахвочванне іх працоўнай ініцыятывы, папулярызацыя сельскагаспадарчай працы і прафесій аграрнага профілю. Удзельнікі праекта — маладзёжныя ўборачныя экіпажы, маладыя камбайнеры і вадзіцелі транспартных сродкаў, якія ажыццяўляюць перавозку збожжавых і зернебабовых культур. Спаборніцтвы, дарэчы, праходзяць у дзвюх намінацыях — “Маладзёжны экіпаж камбайнераў, які дасягнуў найбольшага намалоту” і “Малады вадзіцель, які перавёз найвышэйшую колькасць зернебабовых культур”. Пераможцамі стануць першыя экіпажы-тысячнікі і вадзіцелі, якія занялі прызавыя месцы ў працоўным спаборніцтве па выніках уборачнай кампаніі. Прама ў палях пройдзе ганараванне маладых лідараў уборачнай кампаніі з уручэннем пераможцам дыпломаў, вымпелаў і памятных падарункаў. А іх бацькам будуць накіраваны падзячныя пісьмы за дастойнае выхаванне дзяцей і прывіццё ім любові да працы на роднай зямлі.
Перад беларускімі аграрыямі сёння стаяць сур’ёзныя задачы, бо своечасова ўбраць, вывезці з палёў, прасушыць і г.д. неабходна не толькі прывычныя нам ячмень, жыта і пшаніцу, але і трыцікале, авёс, грэчку, рапс, свірэпіцу, кукурузу, лён-даўгунец, бульбу і цукровыя буракі. Па словах намесніка Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Леаніда Зайца, у нашай краіне плануецца сабраць большы за мінулагодні ўраджай цукровых буракоў. А значыць, мы будзем не толькі з хлебам і агароднінай, але і з цукрам.
Думаю, усе пагодзяцца з тэзісам, што ўраджай — справа ўсеагульная, калі не ўсенародная. Айчынным хлебаробам, як заўсёды ў гэтую гарачую пару, неабходна падтрымка ва ўборцы хлеба. І калі дзеці — удзельнікі легераў працы і адпачынку — ужо ў большасці сваёй скончылі сваю працу на палях краіны (падлеткі, напрыклад, выконвалі відавую праполку збожжа), то моладзь і дарослыя толькі прыступаюць да работы. Традыцыйна, як і кожнае лета, аграрыям падставяць плячо педагогі — сядуць за штурвалы камбайнаў, каб убраць і зберагчы каштоўны ўраджай. Мы абавязкова напішам пра педагогаў-хлебаробаў.
Традыцыйна не застаецца ў баку ад уборачнай кампаніі Беларускі прафесійны саюз работнікаў адукацыі і навукі. Тым больш што ў арганізацыях аграпрамысловага комплексу краіны праходзіць месячнік грамадскага кантролю за выкананнем патрабаванняў па ахове працы. У прыватнасці, галоўныя тэхнічныя інспектары працы галіновага прафсаюза Марына Лясун і Віцебскай абласной арганізацыі прафсаюза Дзмітрый Лукашэвіч правялі маніторынг у арганізацыях АПК Глыбоцкага раёна сумесна са старшынёй Глыбоцкай раённай арганізацыі работнікаў АПК Наталляй Зяновіч. Увага прафсаюзаў — стварэнню здаровых і бяспечных умоў працы…
Бітва за ўраджай толькі пачалася. Ёсць шанс далучыцца да яе кожнаму з нас.
Фото с сайта pixabay.com