Слушны элемент

- 14:12Авторские колонки, Мнение

Аксана МЫЦЬКО

 

 

 

 

 

Пытанне “Што апрануць?” цяжка вырашыць з раніцы нават аднаму асобна ўзятаму чалавеку. А як адначасова дагадзіць, скажам, цэламу класу падлеткаў і іх бацькам? І ўсё ж у пытанні школьнага адзення мы крок за крокам рухаемся наперад… 

Большасць маіх школьных гадоў прыйшлася на савецкі час, калі школьная форма адзінага ўзору была абавязковым атрыбутам паходу па веды. Не бяруся гаварыць за ўсіх, але асабіста майму шчасліваму дзяцінству гэты факт ніяк не перашко­дзіў. З меркаваннямі, што “ўсе былі аднолькавыя”, “як у інкубатары”, пагадзіцца адназначна не магу. Асабліва што тычыцца дзяўчынак. Мадэлі шыліся адных колераў, але розныя. І кожны на свой лад упрыгожваў каўнерыкі, манжэты, фартушкі. У ход ішлі не толькі купленыя карункі, стужкі і дэкаратыўная тась­ма, але і ручная вышыўка і вязанне. Што і казаць, прасторы для фантазіі хапала.   

Час змяніўся, і вяртанне да школьнай формы адзінага для ўсёй краіны ўзору маладое пакаленне наўрад ці адобрыць. Але дабавіць у аблічча школьнікаў крыху больш агульных пазіцый — гэта разумна.

У мінулым навучальным годзе быў уведзены адзін, а ў новым дабавіцца другі абавязковы элемент школьнага адзення. Меркаванняў на гэты конт шмат, у тым ліку і крытычных. Здзіўляцца тут няма чаго, праз гэта праходзяць усе навацыі. Але давайце ісці ад адваротнага — што ў ёй дрэннага? Аргумент пра ўраўнілаўку наўрад ці можна прымаць сур’ёзна. Медыкаў белыя халаты індывідуальнасці, ведаеце, зусім не пазбаўляюць. Паняцце самавыяўлення куды больш глыбокае, чым колер і мадэль адзення, і гэта, дарэчы, дарослыя павінны дзецям растлумачыць. Што тычыцца грашовых затрат, то яны падчас збору вучня ў школу бу­дуць у любым выпадку, з адзіным элементам ці без яго. Зразумела, што набыццё абноўкі павінна быць сям’і па кішэні. Але ў тым ліку і дзеля гэтага ўве­дзена практыка, што выбар элементаў школьнага адзен­ня і механізма іх набыцця абавязкова павінен ажыццяўляцца з улікам меркаванняў бацькоў.

Што тычыцца плюсоў новага падыходу, то яны відавочныя. Адзіныя элементы школьнага адзення і эмблема ўстановы адукацыі дысцыплінуюць, настройваюць на больш сур’ёзны лад, дэманструюць роўнасць, працуюць на згуртаванне калектыву. Дарэчы, у агульнавядомай класіфікацыі запатрабаванняў чалавека, прапанаванай Абрахамам Маслоу, нароўні з фізіялагічными патрэбамі, патрэбнасцямі ў бяспецы, прызнанні, самарэалізацыі значыцца таксама патрэбнасць у прыналежнасці да нейкай супольнасці. Дык ці не лепш дапамагчы дзецям адчуць прыналежнасць да пазітыўнай школьнай супольнасці, чым яны самі аднясуць сябе да нейкай дэструктыўнай субкультуры.  

Зразумела, што для чалавека любога ўзросту, а падлетка асабліва, вельмі важна атрымаць “дабро” створанаму вобразу ад свайго адлюстравання ў люстэрку. Трэба прызнаць, што прадпрыемствы “Беллегпрама” вельмі пастараліся дагадзіць школьнікам. Да школьнага сезона распрацаваны сотні новых мадэлей, асартымент абнавіўся на 70 працэнтаў. Так што выбраць ёсць з чаго. Галоўнае, падысці да гэтага з пазітыўным
настроем.