Фішка эколага-біялагічнага цэнтра Мастоўскага раёна – ландшафтнае праектаванне

- 15:08Репортаж

Тэрыторыя ў паўгектара з морам кветак і зеляніны, ураджаем ягад і агародніны, міні-­заапаркам і ландшафтнымі кампазіцыямі – зараз самая гарачая пара для эколага-­біялагічнага цэнтра Мастоўскага раёна Гродзенскай вобласці. Як дапамагаюць даглядаць усё гэта старшакласнікі, якія ўладкоўваюцца сюды на працу ў якасці работнікаў зялёнага будаўніцтва, – у рэпартажы карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

На ўлонні прыроды

Часовая працоўная занятасць навучэнскай моладзі ў цэнтры арганізоўваецца з пачатку яго існавання. Кожны летні месяц на 10 дзён ва ўстанову ўладкоўваюцца на работу 10—12 падлеткаў 14—17 гадоў з усяго раёна. За працоўную дэкаду яны атрымліваюць каля 250 рублёў.

— Для кожнай групы дзяцей мы складаем план на 10 дзён і па ім працуем, — гаворыць дырэктар эколага-біялагічнага цэнтра Мастоўскага раёна Кацярына Рэ­куць. — Так, з дзецьмі мы даглядаем нашы кветнікі, праполваем і паліваем іх, чысцім туі і вучымся абрэзкай фарміраваць іх незвычайныя сілуэты, нарыхтоўваем лекавыя расліны і прыродны матэрыял, ствараем лэнд-арт-аб’екты, вучымся размнажаць шматгадовыя дэкаратыўныя кусты і інш. Гэта не толькі праца, але і знаёмства з прафесіяй работніка зялёнага будаўніцтва. Для многіх гэта непрывычна, некаторыя не ўмеюць ні рыдлёўку трымаць, ні зелле распазнаваць. Але пры жаданні дзеці ў нас усяму могуць навучыцца.

А жаданне вучыцца ў маладых людзей дакладна ёсць! Так, Дар’я Саўчук, 16-гадовая навучэнка вучылішча алімпійскага рэзерву, асабліва праніклася ружамі. Яна навучылася іх даглядаць, абразаць, каб яны пастаянна радавалі цвіценнем. Спадабалася ёй і працаваць с саломай: да “Дажынак” яна нарыхтоўвала каласкі на сноп.

— Мой тата — фермер, мае сваю гас­падарку, але я з маленства была вельмі занятая спортам, таму не было часу для дасканалага вывучэння раслін. А цяпер мне гэтага вельмі захацелася. І я пачала з тэрыторыі экацэнтра. Я ўжо другі раз тут і, спадзяюся, не апошні. У цэнтры вельмі спрыяльная, камфортная абстаноўка, якая не толькі вока цешыць: вакол расце шмат вітамінаў, усё можна пакаштаваць, — гаворыць Дар’я.

Дар’я Саўчук і Ксенія Гурыновіч рыхтуюцца да “Дажынак”

Яе сяброўка Ксенія Гурыновіч таксама не з гультаек. Да гэтага лета працавала ў сваёй гімназіі, але, як прызналася дзяўчына, ёй гэта не вельмі падабалася:

Прыбіранне гімназіі, яе рамонт, прывядзенне кніг у парадак не прыносілі той асалоды, якую дае праца на ўлонні прыроды, — дзеліцца Ксенія. — Тут нават стомы не адчуваеш. А калі і стамляешся, то пасядзіш каля вогнішча, падсілкуешся падсмажанымі на агні сасіскамі — і зноў гатовы да працы. Цікавасці надае і тое, што ты пастаянна нечаму вучышся, штосьці новае для сябе даведваешся. Для мяне, напрыклад, дасягненнем стала тое, што я навучылася мірна жыць з насякомымі, якіх раней вельмі баялася.

Праектныя фішкі

Пасля летняй працы ў экацэнтры многія юныя работнікі працягваюць знаёмства з экасправай ужо ў аб’яднаннях па інтарэсах. У прыватнасці, некаторыя сур’ёзна заняліся з педагогамі ландшафтным праектаваннем.

Наш цэнтр мае сваю фішку — ландшафтны дызайн. Мы ўдзяляем шмат увагі ландшафтнаму афармленню тэрыторыі, маем многа перамог у гэтым кірунку на творчых конкурсах рознага ўзроўню, у тым ліку і рэспубліканскага. І стараемся гэтую высокую планку не зніжаць, — гаворыць Кацярына Юр’еўна Рэкуць. — Да нас ужо звяртаюцца гарадскія ўлады — і па парады ў афармленні гарадскіх вуліц, і па дапамогу ў гэтым кірунку. Напрыклад, афармленне тэрыторыі каля Мастоўскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, якая стала любімым месцам адпачынку і любавання для мастаўчан, — поўнасцю наш праект. Нават частка раслін для яго была вырашчана намі і нашымі навучэнцамі. Добраўпарадкавалі мы і тэрыторыю вакол новага будынка фізкультурна-аздараўленчага комплексу “Прынёманскі”, мелі дачыненне да афармлення тэрыторыі Мастоўскага райвыканкама. Плануецца капітальны рамонт у будынку раённай бальніцы — мы таксама бу­дзем працаваць над афармленнем яе тэрыторыі. Усе гэтыя праекты мы распрацоўваем разам з дзецьмі, а пасля практыкуемся, высаджваем расліны. Якраз у гэтым і заключаецца патрыятычнае выхаванне, бо калі дзіця само саджае дрэва ці кветку, то яно будзе гэтым ганарыцца і абавязкова будзе шанаваць прыгажосць навокал.

Экастыль у дэталях

Узорам ландшафтнага майстэрства выступае тэрыторыя цэнтра. Сюды мясцовыя жыхары  не толькі прыходзяць палюбавацца кветкамі, але і прыводзяць на экскурсію гасцей. Пасля такіх прагулак мяняюцца і прысядзібныя ўчасткі мясцовых жыхароў.

Адборны фітачай ад Кірыла Папко і Рамана Саўко

Менавіта ландшафтнае аздабленне цэнтра прыцягнула ўвагу аматара кветак Рамана Саўко, 16-гадовага навучэнца гімназіі № 1 імя Д.І.Валковіча Мастоў:

— Я тут упершыню. Прыйшоў сюды не столькі падзарабіць, колькі паглядзець на экацэнтр знутры. І не прагадаў. Гэта прыгожае месца, тут утульная атмасфера, прыемныя педагогі. Разам з імі мы рабілі гірлянды з лісця для аздаблення кабінета, пасынкавалі розныя расліны і высаджвалі ў цяпліцу, вучыліся абразаць кусты секатарам. У наступным годзе абавязкова сюды вярнуся, хоць ужо будзе 11 клас, а таму —  і клопаты з паступленнем. Шчыра кажучы, я і без аплаты гатовы сюды прыходзіць і дапамагаць. Мне тут вельмі спадабалася.

Падчас сваіх працоўных экабудняў Раману ўдалося стаць удзельнікам міжрэгіянальнага фітакросінгу, які ладзіў Лідскі раённы цэнтр экалогіі, турызму і краязнаўства для навучэнцаў устаноў дадатковай адукацыі. У складзе творчай каманды юнак працаваў з раслінамі, вучыўся іх маляваць і выкарыстоўваць для стварэння паштовак. Удзельнікі сустрэчы складалі з кветак букеты, а таксама адкрылі для сябе сакрэты фітачаю — гарачага і халоднага. Раман прыняў удзел і ў паказе мод: аздабляў кветкамі капялюш і прэзентаваў вобраз.

Не змог развітацца з экацэнтрам пасля працы тут і Ягор Крывец. У свой час ён за 10 дзён настолькі захапіўся ландшафтным і інтэр’ерным фларыстычным дызайнам, што на ўвесь мінулы навучальны год стаў навучэнцам установы і прыходзіў сюды на вытворчую практыку. Днямі Ягор прымаў віншаванні з перамогай у Рэспубліканскім конкурсе па інтэр’ерным дызайне і фларыстыцы “Зялёны дом”, які праводзіўся амаль увесь навучальны год. Ягор Крывец заняў 1-е месца ў намінацыі “Экастыль у дэталях”, для якой пад кіраўніцтвам Кацярыны Юр’еўны Рэкуць стварыў інтэр’ерную какедаму.

Трыумфальная работа Ягора Крыўца

Педагогі экацэнтра ўпэўнены: работа ў кірунку зялёнага будаўніцтва абавязкова пакіне ў памяці падлеткаў прыемныя ўспаміны і гордасць за родную прыроду.

Святлана НІКІФАРАВА
Фота аўтара