Лідары чырлідынгу. На рахунку каманды ВY школы № 3 Жыткавіч 46 кубкаў рэспубліканскіх спаборніцтваў

- 16:26АРТ-квартал, Новости

Каманда ВY з Жыткавіч – прызнаны ў краіне лідар па чырлідынгу. На яе рахунку 46 кубкаў рэспубліканскіх спаборніцтваў,  шмат медалёў і дыпломаў. Аб падрыхтоўцы юных чырлідараў карэспандэнту «Настаўніцкай газеты» расказала педагог Алена Ягораўна Рэкун.

Выпускніца-медалістка 3-й школы Жыткавіч Алена Рэкун у дзяцінстве займалася народнымі танцамі. У Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Ф. Скарыны, дзе атрымала спецыяльнасць «Настаўнік англійскай і нямецкай мовы», захапілася чырлідынгам. У БДУФК скончыла курсы інструктара па базавай аздараўленчай аэробіцы. А курсы Беларускай федэрацыі чырлідынгу і каманд падтрымкі педагог наведвае штогод. Вярнулася ў родныя пенаты і адразу ж арганізавала незвычайныя заняткі па інтарэсах для дзяцей. Кіраўніцтва школы падтрымала выпускніцу, бо чырлідынг дазволіць разнастаіць вольны час дзяцей, а на школьных і раённых святах з’явяцца сучасныя творча-спартыўныя нумары. Бацькі вучняў таксама ўбачылі ў чырлідынгу выдатную альтэрнатыву баўленню часу ў інтэрнэце.

– Чырлідынг – гэта не проста падтанцоўка з яркімі пампонамі ў перапынках паміж спартыўнымі спаборніцтвамі, – расказвае Алена Ягораўна. – Гэта спорт высокіх дасягненняў, які спалучае ў сабе фрагменты шоу, гімнастычных практыкаванняў з акрабатычнымі элементамі, перастраенні з танцавальнымі рухамі, піраміды і матывуючыя крычалкі. Такія заняткі дазваляюць сфарміраваць добрую фігуру, каардынацыю, гібкасць і спрыт. Сёлета чырлідарскаму руху ў нашай школе споўнілася 10 гадоў. Першыя мае выхаванцы ўжо скончылі ўніверсітэты, многія з іх працягваюць займацца чырлідынгам. Цяпер ва ўстанове адукацыі дзейнічаюць дзве групы чырлідараў, у якія ўваходзяць 56 дзяцей, у асноўным дзяўчынкі, – каманда ВY для старшакласнікаў і ВY-kids для малодшага (пачынаючы з 3 класа) і сярэдняга звяна. У кожнай ёсць свае капітаны. Але падрыхтоўка будучых чырлідараў вядзецца з 1 класа на занятках па рытміцы і танцы. Калі ў першыя два гады мы займаліся па 2 гадзіны на тыдзень, то цяпер практычна штодня, у тым ліку на выхадных і канікулах. Адпрацаваўшы ў першую палову дня настаўнікам англійскай мовы, я спяшаюся да сваіх выхаванцаў на трэніроўкі. Акрамя таго, мяне задзейнічаюць у творчых праектах раённага Палаца культуры, штогод запрашаюць ставіць вальс выпускнікоў у школе.

Выступаючы на спаборніцтвах, каманда ВY з Жыткавіч прэзентуе нашу краіну і яе сімволіку. Дзеці апранаюцца ў прыгожыя касцюмы, пашытыя на заказ. Згодна з правіламі, у іх расфарбоўцы павінны спалучацца тры колеры, у гэтым выпадку – колеры Дзяржаўнага сцяга. Адпаведную расфарбоўку мае і атрыбутыка. У якасці музычнага суправаджэння на выступленнях часта гучаць патрыятычныя песні і музыка.  

Заслужаныя ўзнагароды калектыву беражліва захоўваюцца ў музеі гісторыі школы. Алена Рэкун успамінае самую першую перамогу на раённых спаборніцтвах «Піянерскія іскры — 2013» і выхад на абласны этап. На Кубку Беларусі ў 2014 годзе чырлідары з Жыткавіч занялі 3-е месца. Іх выступленне не засталося незаўважаным, нягледзячы на тое, што ў іх былі вельмі простыя касцюмы: абрэзаныя джынсавыя шорты і майкі з наклейкай-лагатыпам каманды — Flying Stars, што ў перакладзе азначае «лятяючыя зоркі».

Усе ўдзельнікі каманды сёння з’яўляюцца членамі Беларускай федэрацыі чырлідынгу і каманд падтрымкі. У спісе іх зорных перамог у асноўным першыя месцы на рэспубліканскім турніры па чырлідынгу «Кубак Палесся», рэспубліканскім фестывалі-конкурсе «Агеньчык запрашае сяброў», школьнай лізе па чырлідынгу Рэспублікі Беларусь, рэспубліканскім фестывалі CHEER SPIRIT FEST, рэспубліканскім аглядзе-конкурсе дзіцячай творчасці «Прывітанне, свет!», фінале рэспубліканскай лігі па чырлідынгу сярод школьных каманд, адкрытым чэмпіянаце па чырлідынгу West side fest.

У маі гэтага года ў Дзень Дзяржаўнага сцяга, Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь каманда ВY выступала на плошчы Дзяржаўнага сцяга ў Мінску, дзе прадстаўляла Гомельскую вобласць.

– У падрыхтоўцы чырлідараў шмат тонкасцей, – гаворыць А. Рэкун. – Дзеці павінны ўмець выконваць пад музыку розныя акрабатычныя элементы, піруэты, ствараць піраміды, дэманстраваць танцавальныя варыяцыі і г.д. І пры гэтым усміхацца, аддаваць гледачам пазітыўную энергію і зарад бадзёрасці, інакш не атрымаеш ад іх водгуку. Мае вучні навучыліся працаваць на публіку. Ёсць яшчэ адна важная ўмова. Трэба пераадолець страх вышыні. Падчас асобных трукаў дзецям даводзіцца літаральна лётаць у паветры, выконваць на ляту кулькі, шпагаты, вінтавое кручэнне пры выкідзе або ляжаць на выцягнутых руках партнёра, стаяць на плячах адзін у аднаго. І тут самае галоўнае – тэхніка бяспекі. Акрамя дэманстрацыі прыгожых практыкаванняў, важны яшчэ і голас. Каманда павінна ўмець захапляльна крычаць пэўныя матывуючыя заклікі. Гэта могуць быць фразы, якія прэзентуюць каманду і нашу краіну. Старэйшыя школьнікі часам дапамагаюць мне ў пастаноўцы нумароў. Падыход да дзяцей заўсёды дыферэнцыраваны, у залежнасці ад ступені іх здольнасцей, фізічных магчымасцей і тэхнічных навыкаў. Любое заданне, якое я прапаноўваю выканаць вучню, павінна адпавядаць ступені падрыхтаванасці да яго.

У Алены Рэкун выбудавана цэлая сістэма заняткаў у залежнасці ад мэт, якія ставяцца. Заняткі могуць быць трэніровачнымі, музычнымі, калектыўнымі і індывідуальнымі. Выступленні на спаборніцтвах або канцэртах – гэта своеасаблівая кантрольная работа для вучняў, абагульненне зробленага. У графіку чырлідараў ёсць і нефармальныя культурныя мерапрыемствы, сумесны адпачынак.

Развіццё творчых здольнасцей дзяцей з дапамогай чырлідынгу – асноўная ідэя педагагічнага вопыту, над якім працуе Алена Рэкун. Бо чырлідынг – гэта яшчэ і музычна-спартыўнае мастацтва.  

На сваіх занятках педагог прымяняе комплекс традыцыйных і інавацыйных метадаў.

– Гэта перш за ўсё візуальны кампанент, які ўключае наглядную дэманстрацыю матэрыялу, новых танцавальных рухаў, у тым ліку на аснове відэаматэрыялу з выступленнямі ўзорных чырлідынгавых каманд, – адзначае Алена Ягораўна. – Не забываем пра тэорыю, тлумачэнне правіл выканання рухаў і практыку, калі прапрацоўваюцца элементы танцавальных камбінацый, замацоўваюцца праз шматразовае паўтарэнне. Часта на занятках праводжу відэаздымкі, каб потым прааналізаваць запіс, параўнаць з узорам.

На трэніровачных занятках дзеці звычайна выконваюць адзін і той жа набор рытмічных практыкаванняў і танцаў, заданні на арыентаванне ў прасторы. Пры гэтым важна пазбягаць аднастайнасці, уносіць у знаёмы рух ці танец элемент навізны. Не варта працяглы час адпрацоўваць адзін і той жа рух, доўга штосьці тлумачыць, спрабуючы навучыць усяму адразу.

 – Галоўны крытэрый ацэнкі творчых здольнасцей дзяцей для мяне – гэта не толькі правільнасць выкананых заданняў, але і праяўленне цікавасці да заняткаў, імкнення да самастойнай дзейнасці, удасканалення, – тлумачыць педагог. – А найлепшая ўзнагарода – ззяючыя вочы дзяцей, іх хуткі розум, вынаходлівасць, разняволенасць, невычэрпная цікавасць да музыкі, руху, уменні імправізаваць пад знаёмую і незнаёмую мелодыю, спантанна ўключацца ў любую танцавальную кампазіцыю, пластычна і дакладна выконваць рухі. Часта дзеці прыдумваюць уласныя, арыгінальныя па, малюнкі танца, пераўвасабляюцца ў розныя вобразы.

Надзея ЦЕРАХАВА
Фота аўтара і з архіва школы