Больш за 8 тысяч навучэнцаў Гродзеншчыны паедуць у школу аўтобусам

- 9:15Образование

У Лідзе ў цікавым фармаце прайшоў абласны семінар на тэму бяспечнага падвозу дзяцей у школу, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Гэтая тэма сабрала на семінары прадстаўнікоў органаў выканаўчай улады, аддзелаў адукацыі, цэнтраў для забеспячэння дзейнасці ўстаноў сферы адукацыі, супрацоўнікаў Дзяржаўтаінспекцыі. Мерапрыемства ставіла дакладную мэту — выконваючы даручэнне кіраўніка дзяржавы, да пачатку новага навучальнага года ўрэгуляваць усе пытанні ў арганізацыі перавозкі навучэнцаў.

— Бясплатны падвоз вучняў да месца навучання з’яўляецца істотнай гарантыяй, якая прадастаўляецца дзяржавай сельскім школьнікам. Пытанне захавання бяспекі было і застаецца найважнейшай задачай у арганізацыі гэтай работы, — падкрэсліў начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Руслан Абрамчык. — Больш за 8 тысяч навучэнцаў што­дзень дастаўляюцца да месца вучобы аўтатранспартам. У гэтай рабоце задзейнічаны 244 аўтобусы, якія нале­жаць установам адукацыі, цэнтру па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый, сельскагаспадарчым і іншым арганізацыям.

Да новага навучальнага года школьны аўтапарк на Гродзеншчыне папоўніўся васьмю новымі аўтобусамі. Да канца года за сродкі рэспубліканскага бюджэту Міністэрствам адукацыі прадугледжваецца набыццё яшчэ трынаццаці. Плануецца, што шэсць аўтобусаў бу­дуць спецыяльна абсталяваны для перавозкі дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.

Падчас семінара адзначалася таксама, што і аўтобусы, якія маюць вялікі прабег, дастойна падрыхтаваны да навучальнага года. Пераканацца ў гэтым удзельнікі семінара змаглі ў фармаце тут і зараз. У рамках сустрэчы прайшоў агляд школьных аўтобусаў на адпаведнасць неабходным патрабаванням заканадаўства. Акрамя гэтага, у вадзіцеляў школьных аўтобусаў Лідчыны праверылі веды ў пытаннях бяспекі дарожнага руху, асаблівую ўвагу ўдзельнікаў семінара выклікаў майстар-клас ад ва­дзіцеляў — агляд прафесійнага майстэрства па кіраванні транспартнымі сродкамі.

Да 25 верасня аналагічныя лідскаму агляды-конкурсы пройдуць ва ўсіх раёнах вобласці.

— На сённяшні дзень у рамках даручэнняў кіраўніка дзяржавы і Савета Міністраў перад намі таксама
стаіць задача забяспечыць да пачатку новага навучальнага года ў кожным раёне наяўнасць неабходнай колькасці рэзервовых аўтобусаў, якія адпавядаюць патрабаванню бяспекі, для замены школьных у выпадку немагчымасці іх эксплуатацыі. А таксама арганізаваць безумоўнае правядзенне кваліфікаванага перадрэйсавага кантролю тэхнічнага стану школьных аўтобусаў і перадрэйсавага медыцынскага агляду вадзіцеляў выключна медыцынскімі работнікамі, якія прайшлі спецыяльнае навучанне, — адзначыў кіраўнік сістэмы адукацыі вобласці і дадаў, што шмат ужо зроблена ў гэтым напрамку, а да 21 жніўня пастаўленыя задачы будуць выкананы ва ўсіх раёнах вобласці.

Кацярына МАЦЕВІЧ
Фота з архіва галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама