Самая вялікая навучальная гаспадарка ў Віцебскай вобласці ва Ульскім дзяржаўным каледжы імя Л.М.Даватара. Усяго налічваецца каля 1860 гектараў зямлі, з якой 1200 га — гэта ралля. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Гісторыя ўстановы пачынаецца з 1953 года. За гэты час утварыўся даволі сур’ёзны падмурак, куды ўваходзяць вучэбныя карпусы, інтэрнаты і машынна-трактарны парк. У вытворчасці ёсць піларамы, сталярныя цэхі, функцыянуюць вучэбныя майстэрні.
— Раней развіццю вучэбнай гаспадаркі надавалася шмат увагі, бо гэта база для навучання, а таксама добрая крыніца даходу. Першапачаткова была маленькая гаспадарка, да якой з часам прырасталі найбліжэйшыя землі. Каледж меў магчымасць дапамагаць апрацоўваць палі суседнім тэрыторыям. І калі апошнія не спраўляліся, землі перадаваліся ўстанове. Утрыманне такой вялікай базы — каласальная адказнасць. Трэба займацца водазабеспячэннем, ацяпленнем і астатнімі інжынернымі камунікацыямі. Патроху наладжвалі ўвесь працоўны працэс. Так і развівалася вучэбная гаспадарка. Дадавалася тэхніка. У цяперашні час мы можам пахваліцца істотным машынна-трактарным паркам: у наяўнасці — уся лінейка МТЗ (мадэлі ад 320-й да 35-й). Ёсць і цяжкасці. Напрыклад, бал урадлівасці глеб у гэтай мясцовасці складае 21 (гэта лічыцца нізкім паказчыкам). Тым не менш установа робіць усё магчымае для атрымання багатага ўраджаю, — расказвае дырэктар Ульскага дзяржаўнага каледжа імя Л.М.Даватара Аляксандр Антонавіч Пашкевіч.
Каледж актыўна займаецца агародніцтвам. Тут вырошчваюць бульбу, памідоры, цыбулю, капусту. Таксама ўдзяляецца ўвага ўмацаванню матэрыяльна-тэхнічнай базы. За гэты навучальны год каледж набыў новы трактар, камбайн, пагрузчык, машыну для ўнясення ўгнаенняў і многае іншае. Працэнт пазабюджэтнага даходу ўстановы да бюджэтнага фінансавання складае каля 30% — вельмі добры паказчык. Асноўныя зямельныя плошчы каледжа — збожжавыя. Там вырошчваюць крупяныя культуры, рапс. Як правіла, майстры вытворчага навучання падчас адпачынку працуюць на палях. І адзін з іх — выкладчык спецыяльных дысцыплін Павел Мікалаевіч Ушал.
— У каледжы выкладаю 15 гадоў, а камбайнерам стаў каля 10 гадоў назад. Яшчэ майстрам вытворчага навучання адгукнуўся на прапанову папрацаваць на полі — і не шкадую дагэтуль. Я прыкладаю руку да вялікай справы, бо аказваю дапамогу ва ўборцы ўраджаю, — дзеліцца педагог.
Што тычыцца навучэнцаў, некаторыя з іх таксама задзейнічаны на палях. Пад кіраўніцтвам майстра выконваюць ворныя работы і апрацоўку глебы. Павел Мікалаевіч рыхтуе навучэнцаў на конкурс “Лепшы араты”.
— Выбіраю тых, у каго вочы гараць у гэтай справе. Праводзім сярод такіх навучэнцаў унутраныя спаборніцтвы і ўжо лепшых адпраўляем на абласны этап. З хлопцамі разбіраем тэарэтычныя пытанні, а потым у полі вучымся настройваць плуг і робім заворванне аднаго ўчастка зямлі. Мне лёгка даецца навучанне хлопцаў, бо сам прайшоў праз гэта. Цяпер перадаю далей усе нюансы і карысныя парады, — гаворыць майстар.
Два разы на год установа ўдзельнічае ў абласных кірмашах сельскагаспадарчай прадукцыі. Дырэктар каледжа адзначае, што, з аднаго боку, гэта камерцыйны праект, а з другога — іміджавы. Дзякуючы такім мерапрыемствам, паляпшаецца рэпутацыя на абласным узроўні.
Адзінае, што не падкантрольна, — умовы надвор’я. А для ўраджаю гэта важны момант.
— Летась мы мелі валавы збор збожжа больш за 3000 тон, а ў гэтым будзе менш. Укладзена шмат сіл і грошай, але не заўсёды ад нас усё залежыць. За ўвесь свой прафесійны шлях не прыгадаю такой моцнай засухі. Мы стараемся не падаць духам. Сякі-такі запас застаўся з мінулага ўраджаю. Яшчэ ў гэтым годзе не пралічыліся з пасадкай проса. Для яго такое надвор’е спрыяльнае, — дадае дырэктар.
У каледжы дзейнічае вучэбны цэнтр па дакладным земляробстве. Першапачаткова была задума стварыць паўнавартасны рэсурсны цэнтр, але пазней адміністрацыя ўстановы зрабіла акцэнт на больш вузкім кірунку. Тады з дапамогай бюджэтнага фінансавання закупілі тры аўтапілоты для трактароў і электронную карту палёў.
— Гэта сур’ёзна спрашчае працу. Хлопцы матываваныя, бо з новымі тэхналогіямі вучэбны працэс значна цікавейшы. Калі навучэнцы займаюцца ў цэнтры, з трактара знімаецца сістэма паралельнага кіравання і ўстанаўліваецца ў кабінеце. Вучань садзіцца за руль, карцінка поля выводзіцца на экран яго працоўнага месца і на мультыборд — для астатніх. Трэнажор дазваляе вучыць ваджэнню трактара, абсталяванага аўтапілотам, і не трэба прыцягваць цяжкую тэхніку. Усё гэта стала магчыма дзякуючы педагагічнаму калектыву, бо самі настаўнікі распрацоўвалі трэнажор. Ульскі дзяржаўны каледж імя Л.М.Даватара прадстаўляў яго як вучэбны наглядны дапаможнік на абласной тэхнічнай выставе, дзе заняў 1-е месца, — расказвае Аляксандр Антонавіч.
Дзверы каледжа адчынены і для школьнікаў, якія атрымліваюць тут рабочую прафесію. Некалькі гадоў запар установа рыхтавала аператараў машыннага даення. Зараз набіраюць кухараў. Таксама на базе каледжа функцыянуе абласны цэнтр прафесійнай сацыяльнай рэабілітацыі дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.
— З такімі навучэнцамі ўзаемадзейнічаем даўно і небеспаспяхова. Дзеці ўладкоўваюцца, знаходзяць работу па меры сваіх магчымасцей. Напрыклад, хлопцы могуць рэалізавацца ў прафесіі цесляра або слесара па рамонце і абслугоўванні сельскагаспадарчай тэхнікі. Адзін з выпускнікоў з АПФР пераехаў у сталіцу і ўладкаваўся на будоўлю. Цяпер ён самастойна наймае жыллё і забяспечвае сям’ю. Веды, якія атрымліваюць у нас, у будучыні можна дасведчана выкарыстоўваць і адбыцца ў жыцці, — заўважае дырэктар установы.
Настасся ЧАРКАНАВА
Фота аўтара