Спартыўна-культурны фестываль “Вытокі. Крок да Алімпу” сустрэлі ў Барысаве, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
На мерапрыемстве былі прадстаўлены тры ўстановы адукацыі Міншчыны — пераможцы абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу “Капітал месца”. Так, сярэдняя школа № 3 Любані імя Г.Сячко здзівіла сваімі “Пельменямі па-любанску”, гімназія № 1 Старых Дарог расказала аб праекце “Рухаўскія дываны”, а Крупскі цэнтр дзіцячай творчасці прэзентаваў адзенне “Беларусь Святая”.
Настаўнікі і вучні падрабязна патлумачылі, чаму вырашылі займацца менавіта гэтай тэмай, расказалі пра адметнасці сваёй ідэі.
“На конкурс “Капітал месца” мы прапанавалі праект “Смак прыроды — пельмені па-любанску”, — заўважыла настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 3 імя Г.Сячко Любані Галіна Слівец. — Гэтая страва — брэнд нашага раёна. Рэцэпт мы шукалі ў старэйшых жыхарак Любаншчыны. Нашы пельмені можна есці з падліўкай, смятанай альбо юшкай. У іх сапраўды смак прыроды”.
Над удасканаленнем рэцэпта пельменяў разам з настаўніцай працаваў яе вучань Станіслаў Аксенчык.
“Я самастойна гатую пельмені і частую імі родных, — прызнаўся хлопец. — Люблю рыбалку, таму і вырашыў навучыцца гатаваць яшчэ адну страву з рыбы. У нашых пельменяў адметны смак, яны ўсім падабаюцца. Пакаштаваць іх можна толькі ў Любані”.
Лакацыі пераможцаў “Капіталу” наведаў прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Віктар Лукашэнка, які таксама ацаніў смак любанскіх пельменяў.
“Падводзячы вынікі сезона, мы бачым, што людзям фестываль падабаецца, — падкрэсліў В.Лукашэнка. — У наступным годзе паспрабуем прыдумаць нешта новае, палепшым некаторыя моманты мерапрыемства”.
“Мы рэкламуем нашы рухаўскія дываны, — расказала намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце гімназіі № 1 Старых Дарог Валянціна Ігнатчык. — Гэта брэнд не толькі нашага рэгіёна, але і краіны. Аплікацыю саломкай па тканіне рабілі толькі ў нашым раёне. Гэтую тэхніку распрацавала Кацярына Максімаўна Русаковіч з вёскі Рухава. Яна натхніла сваіх землякоў, якія потым выраблялі такія дываны па ўсім Савецкім Саюзе. У Барысаў мы прывезлі музейны экспанат, якому ўжо больш за 70 гадоў”.
На сукенках, якія прэзентаваў Крупскі цэнтр дзіцячай творчасці, выявы святых месцаў краіны.
“Наша калекцыя носіць назву “Беларусь Святая”, — патлумачыла дырэктар цэнтра Вераніка Сяліцкая. — Аўтар калекцыі — педагог дадатковай адукацыі Аксана Коваль. Ідэя зрабіць яе з’явілася пасля наведвання храма Нараджэння Найсвяцейшай Багародзіцы ў аграгарадку Худаўцы. Спачатку быў створаны адзін касцюм, потым з’явіліся іншыя. Усе яны пашыты і распісаны ўручную. Карункі вязалі дзяўчынкі, якія займаюцца ў аб’яднанні па інтарэсах “Чараўніца” цэнтра. У выніку атрымалася аўтэнтычна і прыгожа. У нашай краіне шмат маляўнічых мясцін, таму на адной Крупшчыне мы не збіраемся спыняцца, будзем папаўняць калекцыю выявамі іншых святых месцаў”.
Падчас “Вытокаў” быў арганізаваны лёгкаатлетычны забег для навучэнцаў 2—3-х класаў устаноў адукацыі Міншчыны. Усе ўдзельнікі атрымалі памятныя медалі. Акрамя гэтага, прайшоў інтэлектуальны турнір “Вытокі-квіз”. Пераможцай стала каманда “Цвёрды дыск” Чэрвеньскага раёна, якая прадставіць Мінскую вобласць на рэспубліканскім турніры ў Нацыянальным алімпійскім камітэце.
Наталля САХНО
Фота прадастаўлены МАІРА