Чаму вучыць і як вучыць? Адказ на гэтыя пытанні шукалі ўдзельнікі жнівеньскай канферэнцыі педагагічных работнікаў Ленінскага раёна Мінска, якая праходзіла на базе сярэдняй школы № 164 Б.В.Карпенкі, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
Больш за 500 педагогаў і кіраўнікоў сістэмы абмеркавалі падрыхтоўку да новага навучальнага года.
…Гэтымі днямі вялікая ўвага маладым спецыялістам, якіх сёлета ў Ленінскім раёне 68. Яны прымалі ўдзел ва ўсіх мерапрыемствах форуму, і ў першую чаргу ў патрыятычным аўтапрабегу, што стаў для моладзі сапраўдным пагружэннем у гісторыю раёна.
Канчатковы пункт прызначэння аўтапрабегу — Лошыцкі парк, дзе былі ўскладзены кветкі да мемарыяла жыхарам вёскі Лошыца, якія загінулі падчас Вялікай Айчыннай вайны, і брацкай магілы воінаў Чырвонай Арміі.
З пажаданнямі да маладых педагогаў звярнулася ветэран педагагічнай працы, заслужаны работнік народнай адукацыі БССР Надзея Рыгораўна Лось.
* * *
— Наступны навучальны год запатрабуе ад нас сабранасці, вялікай увагі да пытанняў ідэалогіі і грамадзянскай перакананасці, — звярнулася да ўдзельнікаў канферэнцыі начальнік упраўлення па адукацыі адміністрацыі Ленінскага раёна Мінска Наталля Генадзеўна Кучынская. — Галоўнае, каб усе мы дыхалі ва ўнісон, вырашаючы задачу, чаму вучыць і як вучыць, расказваючы простую ісціну, з чаго пачынаецца Радзіма. Працаваць трэба з кожным настаўнікам, работнікам, дзіцем. Стрыжнем такой работы можа стаць імя, якое носіць школа.
У раёне праведзена вялікая работа па адкрыцці ваенна-патрыятычных класаў: 885 школьнікаў будуць займацца ў 45 класах у 12 установах адукацыі. З іх 140 вучняў ужо вучацца ў такіх класах у 152-й школе (наладжана супрацоўніцтва з Акадэміяй МУС). Важная задача — бацькоўскі ўсенавуч. У планы першых школьных і класных бацькоўскіх сходаў варта ўключыць экскурсіі-справаздачы аб тым, што зроблена для падрыхтоўкі да школы, экскурсіі для бацькоў у школьныя музеі, дзе экскурсаводамі, безумоўна, будуць дзеці. Зрабіце музей цэнтрам прыцягнення. Як, напрыклад, у дзіцячым садзе № 424, дзе створаны цудоўны інтэрактыўны музейны пакой гісторыі Ленінскага раёна “Скарбніца”. Дарэчы, для дашкольнікаў і малодшых школьнікаў у першым паўгоддзі адбудзецца раённы конкурс юных экскурсаводаў “Музей у чамадане”. Неабходна максімальна выкарыстоўваць патэнцыял школьных бацькоўскіх субот, запрашаць бацькоў да ўдзелу ў праекце “ШАГ” у якасці экспертаў, арганізоўваць экскурсіі на прадпрыемствы, дзе працуюць бацькі, і г.д.
* * *
Ленінскі раён адзін з самых інавацыйных. У гэтым можна было пераканацца падчас выставы дасягненняў калектываў устаноў адукацыі: 13 з іх удзельнічаюць у 7 эксперыментальных праектах, а 30 — у 9 інавацыйных. І яшчэ, Ленінскі — абсалютны чэмпіён у конкурсах інтэрнэт-накіраванасці. Уражвае прафесійная актыўнасць педагогаў раёна, якія з’яўляюцца ўдзельнікамі і пераможцамі метадычнага вернісажу “Магу навучыць”, фестывалю “Педагагічны дэбют”, конкурсу “Сталічны настаўнік — сталічнай адукацыі”, атрымліваюць прэміі і гранты Мінгарвыканкама. У раёне працуюць 10 настаўнікаў-метадыстаў.
— Адзіны правільны спосаб вырашэння кадравага пытання — выхоўваць кадры ў педкласах (зараз у іх займаюцца 214 навучэнцаў з 10 устаноў), накіроўваць на мэтавае навучанне і суправаджаць свае кадры, — адзначае Наталля Кучынская. — У новым навучальным годзе ў раёне пачне дзейнічаць школа развіцця і падтрымкі педагагічнай адукацыі, дзе будзе праводзіцца работа з вучнямі педкласаў і маладымі педагогамі.
З верасня пачнуць працаваць 30 “зялёных класаў”, якім можна будзе даверыць як папулярызацыю экалагічнага выхавання, так і добраўпарадкаванне. Рэсурсным цэнтрам па “зялёных класах” стане пачатковая школа № 29, сярод дашкольных устаноў застаецца дзіцячы сад № 137.
Інклюзіўная адукацыя прадугледжвае работу як з дзецьмі з АПФР (гэта 10 працэнтаў ад агульнай колькасці), так і з адоранымі вучнямі. У 2 разы вырасла колькасць дзяцей з РАС, таму толькі для іх суправаджэння ў новым навучальным годзе выдзелены больш за 40 ставак.
Узнагароду “Брэнд адукацыі Ленінскага раёна” атрымалі гімназія № 1 імя Ф.Скарыны, дзіцячы сад № 372 і ЦКРНіР Ленінскага раёна Мінска. Нагрудным знакам Міністэрства адукацыі “Выдатнік адукацыі” адзначана Святлана Анатольеўна Дзяшук, настаўніца беларускай мовы і літаратуры гімназіі № 1 імя Ф.Скарыны, і Людміла Уладзіміраўна Жызнеўская, намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Маяк”.
* * *
Удзельнікі і госці форуму наведалі педагагічныя майстэрні, дзе настаўнікі-метадысты прадстаўлялі вопыт работы, вучэбныя дапаможнікі, дзе прайшлі семінары-практыкумы, майстар-класы і метадычныя ўрокі, а таксама дыялогавая пляцоўка “Чаму вучыць і як вучыць” для намеснікаў дырэктара па вучэбнай, выхаваўчай рабоце ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі.
У рабоце пляцоўкі ў якасці эксперта выступіла дырэктар Выдавецкага дома “Педагагічная прэса” — галоўны рэдактар “Настаўніцкай газеты” Кацярына Эдуардаўна Дубінская. Кіраўнік прэзентавала цікавыя праекты Выдавецкага дома і адзначыла, што дзверы рэдакцыі заўсёды адчынены для настаўнікаў, кожны можа прыйсці са сваімі ідэямі і творчымі ініцыятывамі.
Як прыклад паспяховага супрацоўніцтва Кацярына Дубінская прывяла аўтарскую рубрыку “Па справе з Наталляй Бушной”, якую вядзе дырэктар гімназіі № 1 імя Ф.Скарыны Мінска. Адзін з нядаўніх артыкулаў Наталлі Уладзіміраўны “Чаму і як вучыць”, прысвечаны пытанням выхавання моладзі, рабоце на апярэджанне, знайшоў працяг у тэме сёлетняй жнівеньскай канферэнцыі “Адукацыя Ленінскага: місія стварэння — чаму вучыць і як вучыць”. За сумесныя карысныя справы ў рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі ў галіне адукацыі і выхавання, папулярызацыю педагагічных ініцыятыў і асабісты ўклад у развіццё супрацоўніцтва Наталля Бушная атрымала падзяку рэдакцыйна-выдавецкай установы “Выдавецкі дом “Педагагічная прэса”. Пастаяннаму аўтару “Настаўніцкай газеты” такая ўзнагарода была ўручана ўпершыню.
Надзея ЦЕРАХАВА
Фота аўтара