Як ва ўстановах адукацыі Беларусі адзначылі Дзень народнага адзінства

- 14:35Новости

Дыялогавая пляцоўка, прысвечаная Дню народнага адзінства, прайшла ў Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі.

Задаць пытанні аб гістарычнай значнасці і важнасці самага маладога дзяржаўнага свята ўдзельнікі рэспубліканскага дзіцячага і падлеткавага парламента змаг­лі ганаровым гасцям.

— Наша краіна знаходзіцца на скрыжаванні цывілізацый. З аднаго боку, нам пашанцавала, але з другога — гэта ўвесь час ставіць наша насельніцтва, нашу тэрыторыю пад пагрозу. У 1921 годзе, не пытаючыся беларускі народ, нашу зямлю гвалтоўна падзялілі на ўсходнюю і заходнюю. Вельмі важна, што ў нас з’явіўся Дзень народнага адзінства. Неабходна, каб вы разумелі, што стаіць за датай 17 верасня 1939 года, якія гістарычныя падзеі, якім было натхненне і радасць у нашым народзе, калі Беларусь уз’ядналася, — звярнуўся да навучэнцаў намеснік міністра адукацыі Аляксандр Кадлубай.

Як адзначыла дырэктар НЦМТДіМ Надзея Васільчанка, 17 верасня мы адзначаем свята адзінства, памяці, цэлас­насці нашай краіны, у якой створаны неабходныя ўмовы для ўсебаковага развіцця дзяцей і моладзі, поўнасцю рэалізуюцца правы навучэнцаў адносна іх дзяцінства, бяспекі, адукацыі, медыцыны. Трэба памятаць, што не заўсёды былі такія ўмовы, не заўсёды дзеці былі абаронены так, як зараз. І важна ведаць, што дастаўся гэты даб­рабыт няпростай цаной.

— Таго, што сёння ўспрымаецца вамі як належнае (урокі ў школе, спартыўныя секцыі, заняткі ў аб’яднаннях па інта­рэсах), у вашых аднагодкаў не было, — працягнуў старшыня савета Беларускага камітэта маладзёжных арганізацый сакратар ЦК БРСМ Павел Алекса. — Яны не маглі атрымлі­ваць адукацыю на роднай мове, не маглі нават проста называць сябе беларусамі. Наша краіна дае вам магчымасць адчуваць сябе беларусамі, жыхарамі мірнай краіны, адчуваць адказнасць за яе лёс.

Акрамя гістарычных аспектаў Дня народнага адзінства, юныя ўдзельнікі сустрэчы ці­кавіліся асаблівасцямі ўступнай кампаніі ў наступным го­дзе, мерапрыемствамі, акцыямі, праектамі, якія будуць праводзіцца па лініі БРСМ, а таксама навыкамі, якія павінны быць у сучаснай моладзі, каб канкурыраваць на сучасным рынку працы. Завяршылася мерапрыемства святочным канцэртам.

***

Круглы стол з удзелам дэпутата і наведванне экспазіцыі, прысвечанай Герою Савецкага Саюза… Школьнікаў Гродзеншчыны аб’ядналі святочныя мерапрыемствы з нагоды 17 верасня.

Прайшлі яны ва ўсіх установах адукацыі вобласці. Пра падзеі 1939 года вучням расказвалі не толькі педагогі. Госцем тэматычнага круглага стала ў гродзенскай гімназіі № 10 імя мітрапаліта Філарэта (Вахрамеева) стала дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Алена Патапава.

— 17 верасня — важны пункт адліку ў стварэнні нашага суверэнітэту, дата станаўлення гістарычнай справядлівасці, — адзначыла Алена Патапава.

Дыялог са школьнікамі атрымаўся пазнавальным і сапраўды адкрытым — вучні задавалі пытанні і атрымлівалі на іх змястоўныя адказы. Сімвалічна, што распрацавала цікавае мерапрыемства з удзелам сямікласнікаў улюбёная ў сваю справу настаўніца беларускай мовы і літаратуры Ірына Мялешка.

У канцы цікавага дыялогу вучні пакінулі пажаданні роднай краіне на пялёстках сімвалічнага васілька. Акрамя таго, як расказала дырэктар гімназіі Алена Зінчук, напярэдадні 17 верасня ва ўстанове адукацыі быў дадзены старт акцыі “Іnstagram у кожны клас”. Першай навіной у папулярным месенджары на старонках усіх класаў гімназіі стала навіна менавіта аб Дні народнага адзінства.

Навучэнцаў гродзенскай гімназіі № 4 аб’яднаў канцэрт “У адзінстве наша сіла”. Да таго ж школьнікі наведалі экспазіцыю ва ўстанове адукацыі, прысвечаную Герою Савецкага Саюза генерал-лейтэнанту Даніілу Васільевічу Казакевічу.

У найбліжэйшы час гімназіі будзе прысвоена імя гэтага чалавека. У 1944 годзе ён камандаваў 399-й стралковай дывізіяй, якая ўдзельнічала ў баях за вызваленне ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў рубяжоў сучаснай Гродзенскай вобласці каля вёскі Качкі непадалёк Свіслачы.

— У Свіслачы сёння размешчана імянная застава Героя Савецкага Саюза, дзе мы рэгулярна бываем разам з навучэнцамі. Падтрымліваем сувязь са сваякамі Данііла Васільевіча Казакевіча. Яго ўнучка Вікторыя сёння жыве ў Маскве. Яна аказала істотную падтрымку ў зборы фотаматэрыялаў для нашай экспазіцыі, — расказала намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Святлана Стахоўская.

У фае ўстановы разгарнулася выстава “У адзінстве наша сіла”. Ідэя выставы нарадзілася тры гады назад. Штогод яна аб’ядноўвае ўсе ключавыя моманты, звязаныя з самабытнасцю беларускага народа: гісторыю і традыцыі, культуру, спорт і працавітасць. Немалаважна, што непасрэднымі складальнікамі выставы кожны год становяцца навучэнцы сумесна з педагогамі.

***

Дзяржаўнае свята маштабна і творча адзначылі на Віцебшчыне. Праграма мерапрыемстваў у кожным раёне была яркай і па-свойму адметнай.

У Віцебску знамянальную дату віталі грандыёзным народным святам і правялі першы гарадскі патрыятычны спартыўна-адукацыйны форум моладзі “Патрыёт-2023”. Таксама ў абласным цэнтры стартаваў рэспубліканскі праект “Аўтацягнік #Беларусь.Моладзь.Стварэнне”, удзельнікамі якога сталі больш за 80 юнакоў і дзяўчат з ліку студэнцкай, навуковай, творчай і працуючай моладзі Беларусі і Расіі. Педагогі і навучэнцы сярэдняй школы № 47 Віцебска імя Я.П.Іваноўскага прадставілі вобласць на першым міжнародным М-стрыме “Народнае адзінства — гістарычная справядлі­васць ці адказ на пагрозы”, дзе выступілі спікеры і эксперты з Беларусі, Казахстана і Расіі.

У аграгарадку Заронава Віцебскага раё­на з удзелам прадстаўнікоў педагагічнай грамадскасці, навучэнскай моладзі адбылося адкрыццё новага помніка на пахаванні ахвяр войнаў, жалобны мітынг і перапахаванне знойдзеных пошукавікамі астанкаў 8 чырвонаармейцаў, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

У Кардонскай сярэдняй школе Шумілінскага раёна імя Героя Беларусі А.І.Дубко напярэдадні свята адкрылі мемарыяльную дошку ў гонар славутага земляка, а ў Гарадку — пляцоўку са штучным газонам для гульні ў міні-футбол, што асабліва парадавала навучэнцаў і педагогаў размешчанай побач сярэдняй школы № 2 імя А.А.Сабалеўскага. У Оршы набліжэнне Дня народнага адзінства было адзначана вялікімі ўрачыстасцямі з нагоды 400-годдзя Свята-Богаяўленскага Куцеінскага мужчынскага манастыра, сярод шматлікіх пляцовак свята большасць мела выразную адукацыйную і выхаваўчую накіраванасць. У самым старажытным гора­дзе Беларусі больш за тысячу ўдзельнікаў з нашай краіны і суседніх расійскіх рэгіёнаў аб’яднаў рэспубліканскі культурна-адукацыйны праект “Скарынаўскія дні ў Полацку”. Маладзёжная сталіца нашай краіны сустрэла свята грамадска-палітычным марафонам “17 граняў адзінства”, маладзёжным форумам “Разам мы — Беларусь!”, адкрытым гарадскім конкурсам юных чытальнікаў, агульнагарадской фіззарадкай, кінапаказамі і спаборніцтвамі па лыжаролерах, цяжкай атлетыцы і спартыўнай акрабатыцы. Установы адукацыі Наваполацка падрыхтавалі ў падарунак жыхарам і гасцям горада цудоўныя канцэртныя праграмы і выставу дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Мір і адзінства — сіла народа”.

Ва ўсіх установах адукацыі вобласці прайшоў шэраг тэматычных мерапрыемстваў. Так, урачыстасці ў сярэдняй школе № 15 Віцебска імя М.Я.Чуманіхінай з’ядналі педагогаў, навучэнцаў і іх бацькоў, а таксама воінаў-інтэрнацыяналістаў, прадстаўнікоў гарадскога Савета дэпутатаў, грамадскіх арганізацый і ААТ “Даламіт”, што з’яўляецца адзінай у Беларусі кампаніяй па здабычы і перапрацоўцы даламітавага вапняку. Для ўстановы адукацыі гэта шэфскае прадпрыемства. На працягу 15 гадоў яго ўзначальвала Марыя Чуманіхіна, імя якой сёння з гонарам носіць школа. У хо­дзе мерапрыемства навучэнцы расказалі пра свае добрыя справы на карысць Радзімы — праекты і акцыі, піянерскія ініцыятывы, валанцёрства. Удзельнікі мітынгу ўсклалі кветкі да помніка невядомаму салдату, што знахо­дзіцца непадалёк школы. Памяць герояў-абаронцаў Айчыны і бязвінных ахвяр фашысцкага генацыду ў гады Вялікай Айчыннай вайны ўсе прысутныя ўшанавалі мінутай маўчання. Як паведаміла намеснік дырэктара школы па выхаваўчай рабоце Наталля Ходзюш, зараз на тэрыторыі мікрараёна Руба пражываюць 26 былых малалетніх вязняў фашысцкіх канц­лагераў і 18 ветэранаў працы. Школьнікі пад кіраўніцвам настаўнікаў узялі над імі шэфства: сустракаюцца, запісваюць успаміны і вядуць даследчую дзейнасць, дапамагаюць у гаспадарчых клопатах, віншуюць са святамі дома, запрашаюць на сустрэчы і канцэрты ў школу. Моладзь разам з педагогамі таксама аказвае персанальную дапамогу чацвярым адзінока пражываючым пажылым людзям.

Падрыхтавалі Ігар ГРЭЧКА, Кацярына МАЦЕВІЧ, Таццяна БОНДАРАВА
Фота БелТА