Іван ЖДАНОВІЧ
Нататкі з нагоды Міжнароднага дня міру, які адзначаецца па ўсім свеце.
Генасамблея ААН абвясціла Міжнародны дзень міру, прысвяціла яго ўмацаванню ідэалаў міру. Прапанавала ўсім хоць бы 21 верасня спыняць насілле і ваенныя дзеянні. Магчыма, і праваслаўнае свята Нараджэння Багародзіцы, якая для многіх ёсць сімвал міраносіцы і нябеснай заступніцы, і хуткі дзень асенняга раўнадзенства (23 верасня) паўплывалі на выбар. У пару, калі ўраўнаважваюцца ў прыродзе па часе дзень і ноч, святло і цемра — важна гаварыць, думаць, разважаць на карысць міру, святла, спакою.
Да нататак мяне падштурхнула і вестка пра музейную экспазіцыю «Дети мира — о войне и мире»: яе адкрылі ў адной з устаноў адукацыі. Прыгожа гучыць! У рэдакцыі пераклалі назву на беларускую мову ды задумаліся: па сэнсе тут дзеці міру альбо дзеці свету? Выраз «дзеці вайны» мы ведаем, разумеем сэнс. А хто такія дзеці міру…
Гэта не проста нюансы мовы. Калі скажаюцца сэнсы, то збіваюцца настройкі здаровага ўспрымання свету — і няма ўжо міру ў душы. На скажонай «прасторы сэнсаў» плодзяцца мікробы непаразуменняў, спрэчак і сварак. У крымінальных хроніках часам чытаем: не так зразумеў, не тое падумаў… Нас у школе вучылі дакладна выказваць думку, словы адпаведныя падбіраць. Да таго ж слова «праграмуе» рэальнасць: «Як ты лодку назавеш — так на ёй і паплывеш».
Слова мір, як вядома, у беларускай мове мае два значэнні. Першае: калі гаворым пра ўвесь вялікі свет. Другое: пра мір як адсутнасць вайны, пра неканфліктнасць душы. Вядомае хрысціянскае выслоўе «Мір вам!» гучыць як зварот і пажаданне вернікам супакоенасці, зміранасці ў душы — а не, крый Божа, ваяўнічы заклік да хрысціян завалодаць усім светам.
Беларусы і ў Дзяржаўным гімне абвяшчаюць свету: «Мы, беларусы — мірныя людзі». Ці ёсць яшчэ недзе нешта падобнае?.. У адным з інтэрв’ю кіраўнік Беларускага фонду міру Максім Місько разважае: «Першае поле працы і клопату для кожнага, і для міратворца ў тым ліку, — гэта сваё сэрца, нават не сям’я. Бо як прыйшлі мы ў гэты свет адны, так і пойдзем. А найпершая задача: захаваць чысціню і цеплыню свайго сэрца. Я неяк журналістам прыводзіў словы Антонія Суражскага, які ўспамінаў Іаана Залатавуста: не забывайце пра цёмны бок «д’ябальскай любові». А гэта якраз тая сітуацыя, калі вы любіце адных — і, каб адданымі быць ім, ненавідзіце іншых. Гэта ўжо не хрысціянская і нават не чалавечая любоў. Менавіта ў гэты момант, сцвярджаў Іаан Залатавуст, д’ябал пранікае ў сэрца ваша. Бо яму ж розніцы наогул аніякай няма, каго вы ненавідзіце, завошта і чаму. Яму важна выклікаць у вас гэтае пачуццё — і тады ваша сэрца пераўтвараецца ў камень».
Такія развагі стасуюцца і з выслоўем Фёдара Дастаеўскага з рамана «Браты Карамазавы»: «Тут д’ябал з Богам змагаецца, а поле бітвы — сэрцы людзей». Дык у сэрцы абодва сэнсы — «увесь свет» і «мір-супакой» — найцясней судакранаюцца. Бо калі няма міру ва ўласным сэрцы, то што ж мы зможам прыўнесці ў свет? Раздрай, спрэчкі, канфлікты…
Свет і мір — паняцці ўзаемазвязаныя. Не будзе міру — не стане і свету…
Без душэўнай зміранасці свет вакол нас — чужы, халодны і нямілы. Варожы і пачварны, калі ў ім ідзе вайна. У 1942-м Пімен Панчанка напісаў верш «Дзеці вайны». Пэўна, з таго часу і набірае новыя сэнсы (у навукоўцаў: канатацыя) выраз «дзеці вайны». Вядома ж, не вайна іх нараджала, яна выпрабоўвала іх на трываласць, калечыла і забівала. Дзеці з ваеннымі зарубкамі на памяці пра ліхалецце, «дзеці вайны» — яе самыя стойкія антаганісты.
А дзеці міру бываюць? Згадаем юную амерыканскую міратворцу Саманту Сміт, якая ў 1982-м звярнулася з пісьмом да Генеральнага сакратара ЦК КПСС Юрыя Андропава. Тэкст быў кароткі, просты, заканчваецца так: «Бог создал мир, чтобы мы жили вместе и заботились о нем, а не завоевывали его. Пожалуйста, давайте сделаем, как он хочет, и каждый будет счастлив». Потым, памятаем, і савецкая дзяўчынка Каця Лычова наведвала ЗША з місіяй міру — калі пачалася так званая перабудова. Кожны голас у барацьбе за мір — важны і патрэбны.
…Сорак гадоў прайшло з таго часу, як у ліпені 1983-га Саманта Сміт пабывала ў Савецкім Саюзе, пажыла ў Артэку. І вось думаю: ці ёсць у нашым часе такія ж дзеці-міратворцы, якімі былі Саманта ці Каця? Пэўна што ёсць у шэрагах актывістаў Школ міру, сетка якіх разгортваецца па Беларусі. І якраз ім, упэўнены, варта прыкладваць усе намаганні, каб высакародная ідэя міру ва ўсім свеце не сышла ў нябыт.





