У Мінскім гарадскім педагагічным каледжы ў рамках рэспубліканскай акцыі «Прывітанне, першакурснік!» пры падтрымцы Мінскай гарадской арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі прайшоў «Першы фестываль для першых», паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».
У мерапрыемстве прынялі ўдзел намеснік старшыні Мінгарвыканкама Арцём Цуран і старшыня камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Андрэй Стрыгельскі.
Ва ўрачыстай атмасферы намеснік старшыні Мінскай гарадской арганізацыі профільнага прафсаюза Ала Канаплёва ўручыла першакурснікам прафсаюзныя білеты і значкі, а першакурснікі прадставілі творчыя прэзентацыі вобраза будучай педагагічнай прафесіі.
— Наш фестываль так і называецца — «першы для першых». Гэта, па сутнасці, першая калектыўная творчая справа навучэнцаў-першакурснікаў, якая згуртоўвае, дазваляе ўбачыць моцныя бакі аднакурснікаў, іх таленты — хтосьці прыгожа спявае, хтосьці віртуозна танцуе ці цудоўна дэкламуе вершы, — адзначыла дырэктар Мінскага гарадскога педагагічнага каледжа Кацярына Пятруцкая. — Набываючы такі вопыт, навучэнцы разумеюць, як арганізаваць калектыўную творчую справу ў каледжы ў далейшым, а таксама ў сваёй будучай рабоце з дзецьмі. Акрамя таго, для педагога вельмі важны вопыт выступлення перад публікай. Некаторыя навучэнцы маюць яго, а некаторыя — не, таму яны вучацца трымаць сябе на сцэне. Бо настаўніцкая прафесія — гэта пастаянная камунікацыя, узаемадзеянне з навучэнцамі, бацькамі.
Асаблівасць фестывалю яшчэ і ў тым, што ў распрацоўцы сцэнарыяў, падрыхтоўцы да прэзентацый першакурснікам дапамагалі старэйшыя сябры, гіды — трэцякурснікі, якія ў наступным годзе выпусцяцца з каледжа. У нефармальнай атмасферы яны азнаёмілі першакурснікаў з традыцыямі ўстановы.
Мерапрыемства атрымалася яркім і эмацыянальна насычаным. Па водзывах першакурснікаў, яны яшчэ раз упэўніліся ў правільнасці зробленага выбару і ў тым, што іх чакае цікавае і змястоўнае жыццё ў каледжы.
Мэтай фестывалю з’яўляецца ўмацаванне прафесійнай матывацыі навучэнцаў, прывабнасці і пазітыўнага вобраза будучай прафесіі, павышэнне іміджу педагагічнай прафесіі, папулярызацыя прафсаюзнага руху сярод вучнёўскай моладзі.
Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота прадастаўлены Мінскім гарадскім педагагічным каледжам