Настаўніца Алена Зелянеўская ўтульна адчувае сябе і ў пуантах балерыны, і ў ботах спелеолага

- 15:04Увлечения

Свет не абмежаваны толькі вучэбнай аўдыторыяй. Для настаўніцы матэматыкі сярэдняй школы № 223 Мінска Алены Зелянеўскай ён працягваецца і ў харэаграфічнай зале, і каля балетнага станка, і нават у пячорах. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Наперакор настаўніцкім ацэнкам

Алена Зелянеўская родам з Адыгеі (Расія), але 25 гадоў жыла і настаўнічала ў сярэдняй школе ў невялікім крымскім мястэчку. Адтуль у 2011 годзе пераехала ў Беларусь — да мужа. І менавіта тут знайшла сябе ў танцах. Стала чэмпіёнкай Беларусі па ўсходніх танцах, а потым і сама пачала выкладаць усходні танец дарослым групам.

— Усходнія танцы — добрая частка майго жыцця. І гэта пры тым, што ў дзяцінстве дарога на сцэну для мяне была закрытай: педагогі па танцах адбіралі ў свае групы маіх аднакласніц, а мяне нават ва ўлік не бралі, казалі, што я непластычная. Я перажывала, камплексавала і, раз мела такую крыўдную ацэнку, знахо­дзіла для сябе суцяшэнне ў спорце. Займалася дзюдо (у мяне трэці юнацкі разрад), баскетболам, спартыўным турызмам і інш. Але ўсё роўна дзіцячыя мары бя­руць сваё і прагнуць ажыццяўлення. Для мяне такой марай быў танец, таму я з асалодай танцавала. Праўда, мне стала сумна без школы, без матэматыкі, без дзяцей — і я прыйшла настаўнічаць у сярэднюю школу № 223 Мінска. Але і з танцамі не развітваюся: я і дзеючы танцор, і выкладчык. Гэта тое маё захапленне, якое я не хачу пакідаць. Цяпер, напрыклад, раблю новую пастаноўку “Фараонік” — танцы фараонаў, — расказвае педагог.

У Алены Зелянеўскай шмат захапленняў. Яна танцуе ўсходнія танцы і балет, цікавіцца спелеалогіяй, піша прозу, робіць кветкі з бісеру, шые тэкстыльных лялек. Акрамя таго, хоча навучыцца гуляць у шахматы.

Білет на балет

Калі Алена Анатольеўна змагла адкрыць сабе дарогу на сцэну, то вырашыла, што здзейсніцца можа і яшчэ адна запаветная мара — стаць на пуанты.

— Вялікія балерыны — Мая Плісецкая, Галіна Уланава і іншыя — для мяне як небажыхаркі, а сам балет заўсёды лічыла і лічу вяршыняй мастацтва. І я, колькі сябе памятаю, употай уяўляла, што не проста танцую, а танцую балет. Магчыма, гэта мара магла б і не ажыццявіцца, калі б не адна сітуацыя. Мой муж даўно хацеў навучыцца іграць на барабанах і раптам запісаўся на заняткі. Па яго прыкладзе “калі хочаш навучыцца — вучыся” і я адважылася і знайшла для сябе балетную студыю. Праўда, я яшчэ не верыла, што балет мне па плячы. Спачатку мной больш кіравала жаданне даведацца, ці здольная я да балета. Схадзіла пагля­дзець і… засталася. Адчула, што гэта маё. Балет для мяне — выдатная магчымасць для самавыяўлення. У балеце я сапраўдная. Калі танцую, то адчуваю, як ува мне ўсё звініць, спявае. Гэта тое, чаго я хацела, але ніхто, акрамя мяне самой, гэтага не заўважаў, таму і я спрабавала гэтае жаданне адкінуць.

 Але мне было проста. Магчыма, таму, што я вельмі моцна хацела гэтаму навучыцца. І першы час маім педагогам прыйшлося больш увагі ўдзяляць мне, чым іншым. Я займаюся толькі з лютага гэтага года, і мае выкладчыкі пасля першых заняткаў прапанавалі мне прапусціць падрыхтоўчы ўзровень і адразу перайсці на сярэдні. Ужо можна перайсці на павышаны ўзровень, але я пакуль не спяшаюся, паколькі некаторыя экзерсісы выконваю яшчэ не ідэальна, не так, як бы мне хацелася.

У школе Алена Зелянеўская як настаўніца вымушана быць строгай. Таму калегі і навучэнцы, якія сочаць за яе танцавальнай кар’ерай праз сацсеткі, прызнаюцца, што ніколі б не падумалі, што яна можа танцаваць, асабліва балет. Цяжка ім уявіць, як у чалавеку могуць ужывацца дзве настолькі розныя сферы — матэматыка і балет. Зрэшты, многія яе спачатку і адгаворвалі. А.А.Зелянеўская прызнаецца:

— Я прывыкла, што мае аднагодкі не падтрымліваюць лю­дзей, якія маюць нестандартныя захапленні. Я не раз чула: “Табе ж ужо 51 год! Ну і для чаго табе гэтыя пуанты? Ногі паломіш!”
Я на гэта не звяртаю ўвагі. А навошта? Я выдатна сябе адчуваю. Я атрымліваю задавальненне ад таго, чым напаўняю сваё жыццё. І не маю сэнсу некаму нешта даказваць.

У пячоры па самапазнанне

Яшчэ адна сфера, якой Алена Зелянеўская з асалодай прысвячае сваё жыццё, — гэта спелеалогія.

— Як так атрымалася, што ад рамантыкі ўсходняга танца, ад узвышанасці балета раптам — у сырасць, у пячору?

Гэта памылковае ўяўленне, быццам пячоры — менш узвышанае. Я нарадзілася сярод гор, ды і Крым — горны раён. У прыватнасці, у Старым Крыме ёсць горны масіў Агармыш, а ў ім — каля 15 пячор. Яны дзікія, неабсталяваныя, некаторыя цяжкадаступныя. Калі мне было 28 гадоў, я шмат іх даследавала з кампаніяй адна­думцаў. А калі наша кампанія распалася, я брала вяроўку, карабіны і хадзіла ў пячоры ўжо адна. Гэта цэлая філасофія. Пячоры трэба любіць, адчуваць. Гэтыя ўражанні і адчуванні немагчыма перадаць словамі.

— Што вы шукаеце ў пячорах?

— Саму сябе. Гэта ўдаецца, калі ідзеш без сяброў — у кампаніі ўвага адцягваецца.

Мяняюцца фарбы, гукі, стаўленне да ўсяго навокал. Сыходзіць усё наноснае, непатрэбнае. Пячора — як люстэрка, дзе ўсё мае сапраўдную ацэнку.

На жаль, у Беларусі няма такіх пячор. Затое ёсць спелеаклуб. Як толькі я даведалася пра яго існаванне, адразу прыйшла на заняткі. Я ўжо скончыла школу першага года, і ў мінулую суботу ў нас пачаліся трэніроўкі школы другога года. Мы займаемся на спелеастадыёне. Гэта адкрытая пляцоўка з вышкай, на якой навешана шмат маршрутаў. Маршруты рознай ступені складанасці, ідуць па дрэвах, сценах і іншых перашкодах. Трэніроўкі ідуць і ў снег, і ў дождж — як, уласна, і ў рэальных умовах, далёкіх ад стэрыльнасці.

Са спелеаклубам у нас запланаваны выезд у сапраўдныя пячоры — гэта будзе або Крым, або раён Сочы. Спелеолагі больш прасунутага ўзроўню ез­дзяць на Арабіку, што ў Абхазіі, і распрацоўваюць там новыя пячоры. Там ёсць Мінскі трог — раён у гарах, замацаваны за Мінскім спелеаклубам. Сёлета нашы спелеолагі былі там і здзейснілі чарговае праходжанне. Я таксама хачу калі-небудзь далучыцца да іх.

За плячыма ў Алены Зелянеўскай і курсы літаратурнага майстэрства. Ужо ўбачылі свет некалькі яе апавяданняў і аповесцей, цяпер яна замахнулася на раман. Ён яшчэ не скончаны, публікуецца па меры напісання. Па яго сюжэце журналістка Юлія знаходзіць на гарышчы дома дзённік экспедыцыі, якая загінула пры загадкавых абставінах у адной з пячор Урала (заснавана на рэальных падзеях). Адзіная з тых, хто выжыў, — маці журналісткі. Каб высветліць таямніцу гібелі, рыхтуецца новая экспедыцыя.

— Часта ў гутарках настаўнікі мне кажуць, што калісьці марылі аб паходах, парашутах, цырку, сцэне і іншае, але з гэтым не склалася, нешта не атрымалася, а цяпер ужо быццам і позна. Што б вы ім параілі?

— Не стрымліваць сябе! Хочаце — рабіце, ёсць мара — дзейнічайце! Мае калегі апраўдваюцца, кажуць, што ім “ужо столькі гадоў — прайшоў час для ажыццяўлення жаданняў”. Глупства! Узрост унутры. І на колькі вы сябе адчуваеце, хочаце адчуваць, такі ваш узрост. Жыццё адно. І калі вы не паспрабуеце нешта зрабіць сёння, то заўтра такой магчымасці ўжо можа і не быць. Чалавек нараджаецца, каб быць шчаслівым. Дык будзьце шчаслівымі!

Святлана НІКІФАРАВА
Фота Алега ІГНАТОВІЧА і Алены ЗЕЛЯНЕЎСКАЙ