Настаўнік назаўжды. Калі хочацца спяваць пра каханне, або Праз педагогіку да мастацтва

- 16:32Образование

Ветэран педагагічнай працы Кацярына Максімаўна Ляшкевіч, якой сёлета споўніўся 81 год, у сваім паважаным узросце знаходзіць час і сілы на рэалізацыю справы свайго жыцця.

Яна ніколі не баялася і не баіцца спраба­ваць штосьці новае і незвычайнае, у тым ліку мяняць месца жыхарства і далучацца да творчых актыўнасцей, а таксама кіраваць фальклорным ансамблем “Лучына”.

Кацярына Максімаўна нарадзілася 5 мая 1942 года ў вёсцы Малыя Арлы Столінскага раёна Брэсцкай вобласці. З дзяцінства вельмі любіла чытаць і, калі надышоў час выбіраць прафесію, вырашыла стаць настаўніцай пачатковых класаў, таму накіравалася ў Пінскае педагагічнае вучылішча.

Як успамінае ветэран педагагічнай працы, у Столінскім раённым аддзеле адукацыі падчас размеркавання на працу яе спыталі, які школьны прадмет у яе самы любімы, бо ў тыя часы вельмі не хапала настаўнікаў, асабліва ў вясковых школах, і можна было выкладаць любыя дысцыпліны школьнай праграмы. Кацярына Максімаўна адказала, што хоча працаваць настаўніцай рускай мовы і літаратуры. Так яна апынулася ў вёсцы Гарадная Столінскага раёна Брэсцкай вобласці, дзе ёй даверылі 6-я і 7-я класы.

Потым у жыцці нашай гераіні былі і іншыя вёскі і гарады Брэсцкай вобласці, бо яна ніколі не баялася шукаць і знаходзіць штосьці новае ў сваім жыцці.

Кацярына Максімаўна расказвае, што на працягу 40 гадоў работы ў якасці настаўніцы рускай мовы і літаратуры і настаўніцы пачатковых класаў ёй вельмі падабалася ладзіць з вучнямі канцэрты, асабліва на бацькоўскіх сходах. Настаўніца заўсёды імкнулася заўважыць у вучнях іх таленты. Аднойчы ёй удалося такім чынам арганізаваць выхаваўчую работу з вучнямі пачатковых класаў, што дзесяць чалавек з класа паступілі ў музычную школу.

З выпускнікамі таго часу Кацярына Максімаўна падтрымлівае сувязь і зараз. Многія з іх ужо сталі бабулямі і дзядулямі, выйшлі на пенсію, але памятаюць сваю першую настаўніцу, прыязджаюць на сустрэчы выпускнікоў у родную школу.

З мужам Кацярына Максімаўна выгадавала траіх дзяцей: сына і дзвюх дачок. На жаль, ён рана памёр, таму апошнія гады перад пенсіяй педагог жыла ўжо адна, працуючы ў Астрамечаве Брэсцкага раёна. А потым у жыцці нашай гераіні з’явіўся Брэст. Горад ёй вельмі спадабаўся, і яна не толькі вырашыла пераехаць сюды сама, але і зацікавіла сваіх дзяцей, якія на той час жылі ў розных кутках Беларусі.

Знаходзячыся на заслужаным адпачынку, у 2008 го­дзе ветэран педагагічнай працы стварыла фальклорны ансамбль пад назвай “Чапурушачкі” (на мясцовым дыялекце гэтае слова азначае дзяўчат, якія не хочуць працаваць, а хвалююцца толькі пра сваю прыгажосць. — Заўвага аўтара.), які складаўся толькі з чатырох чалавек. Паступова ў ансамблі сталі з’яўляцца новыя ўдзельнікі (зараз іх 10 чалавек), і ён атрымаў назву “Лучына”. Менавіта сваё творчае аб’яднанне наша гераіня лічыць справай усяго жыцця.

Яго ўдзельнікі выконваюць старадаўнія народныя і аўтарскія песні на рускай, беларускай, польскай і ўкраінскай мовах, ладзяць інсцэніроўкі народных беларускіх свят, удзельнічаюць у тэматычных канцэртах, перш за ўсё ў Брэс­це і Брэсцкай вобласці. Рэпетыцыі ансамбля прахо­дзяць як у Доме культуры, што знахо­дзіцца ў Паўднёвым гарадку Брэс­та, так і дома ў Кацярыны Максімаўны.

Яна карпатліва збірала аўтэнтычныя народныя касцюмы для свайго ансамбля ў Маларыцкім, Кобрынскім і Драгічынскім раёнах Брэсцкай вобласці. А яшчэ збірае старадаўнія прадметы народнага побыту. У калекцыі нашай гераіні — друкавальная машынка, прас, калыска, калаўротак, лапці, ручнікі і іншыя рэчы, некаторым з якіх каля ста гадоў. Яе калекцыю неаднаразова бачылі вучні брэсцкіх школ. Гэтыя прадметы выкарыстоўваюцца і на выступленнях ансамбля “Лучына”.

Кацярына Максімаўна лічыць, што вельмі важна трансліраваць веды пра народную культуру падрастаючаму пакаленню. Таму яна спадзяецца, што творчасць ансамбля “Лучына” і калекцыя прадметаў даўніны дапамогуць сучасным дзецям не забыць мінулае свайго народа. Ветэран педагагічнай працы наведвае фальклорныя аб’яднанні пры Брэсцкім дзяржаўным абласным цэнтры мала­дзёжнай творчасці, дзе ву­чыць дзяцей прасці кудзелю, як гэта рабілі ў даўнія часы ў яе сям’і, расказвае пра народныя традыцыі.

 К. М. Ляшкевіч з В.І. Кашалюк з БДАЦМТ у Пінску, май 2022 год

Дарэчы, у маі 2022 года Кацярына Максімаўна сумесна з выхаванцамі фальклорна-этнаграфічнага гуртка БДАЦМТ удзельнічала ў рэгіянальным фес­тывалі фальклорнага мастацтва “Радавод”, які праходзіў у Пінску, і такім чынам вярнулася ў сваё юнацтва, бо ў Пінску яна вучылася ў педагагічным вучылішчы. Ветэран педагагічнай працы сумесна з дзецьмі і кіраўніком гуртка Валянцінай Іванаўнай Кашалюк рыхтавала абрад гукання вясны, вучыла дзяцей аўтэнтычный манеры спеваў і ваджэнню вясновых карагодаў, прала з малымі кудзелю, а таксама перадала юным фалькларыстам вялікую этнаграфічную калекцыю.

Таксама “Лучына” пачала супрацоўніцтва з маладзёжнымі самадзейнымі ансамб­лямі, якія паважаюць народныя традыцыі і выконваюць народныя песні ў сучаснай аранжыроўцы. “Лучына” выступае на канцэртах маладых прыхільнікаў культурных традыцый нашага народа, а яны ў сваю чаргу прадстаўляюць свае нумары на яе выступленнях. Такім чынам адбываецца культурны абмен паміж рознымі музычнымі фальклорнымі калектывамі.

Сустрэча з педагогам атрымалася вельмі шчырай і цёп­лай. Кацярына Максімаўна не толькі цікава расказала пра сябе, але і паказала сваю каштоўную калекцыю і пра­спявала некалькі народных песень. У ветэрана педагагічнай працы можна павучыцца жыццёваму аптымізму і актыўнай жыццёвай пазіцыі.

За шматгадовую добрасумленную працу, высокі прафесіяналізм і дасягнутыя поспехі ў навучанні і выхаванні падрастаючага пакалення Кацярына Максімаўна Ляшкевіч была ўзнагароджана Ганаровай граматай Столінскага раённага аддзела адукацыі.

 Кацярына Максімаўна Ляшкевіч карпатліва збірала аўтэнтычныя народныя касцюмы для свайго ансамбля ў Маларыцкім, Кобрынскім і Драгічынскім раёнах Брэсцкай вобласці. А яшчэ збірае старадаўнія прадметы народнага побыту. У калекцыі нашай гераіні — друкавальная машынка, прас, калыска, калаўротак, лапці, ручнікі і іншыя рэчы, некаторым з якіх каля ста гадоў. Яе калекцыю неаднаразова бачылі вучні брэсцкіх школ. Гэтыя прадметы выкарыстоўваюцца і на выступленнях ансамбля “Лучына”.

 Святлана СЁМІНА,
настаўніца англійскай мовы
сярэдняй школы № 10 Брэста
Фота з архіва К.М.Ляшкевіч