Да адукацыйнага праекта «Юныя патрыёты» днямі далучацца выхаванцы старшай групы Лельчыцкага дзіцячага сада № 4. Выпускнікі, якія займаліся ў гэтай групе ў мінулым навучальным годзе, ужо вучацца ў 1-м класе, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

— У выхаванцаў ёсць адметныя значкі «Юныя патрыёты Лельчыцкага краю» і форма, важным элементам якой з’яўляюцца берэт і гальштук сіняга колеру, як і сцяг Лельчыцкага раёна. Таму нашых дзяцей можна лёгка пазнаць сярод удзельнікаў розных патрыятычных мерапрыемстваў, — расказала загадчыца дзіцячага сада Людміла Трошка.
У групе «Юныя патрыёты» працуюць выхавальніцы Вольга Хамутоўская і Таццяна Узіна, якія разам з дзецьмі і іх бацькамі ажыццяўляюць вялікую работу ў рамках патрыятычнага праекта.
— У 2022 г. наша старшая група далучылася да праекта «Юны патрыёт». З таго моманту разам з выхаванцамі і іх бацькамі мы прынялі ўдзел у дзясятках тэматычных мерапрыемстваў і сустрэч. Пра ўсе значныя падзеі, якія адбываліся ва ўстанове, можна даведацца з календара «З жыцця юных патрыётаў». Хутка з ужо новымі маленькімі ўдзельнікамі праекта гэтая работа прадоўжыцца, — гаворыць В. Хамутоўская.
Выпускнікі дзіцячага сада, як правіла, працягваюць навучанне ў Лельчыцкай СШ № 1. Але яшчэ ў дашкольным узросце яны наведваюць школьны музей «Сялянская хата», дзе даведваюцца шмат новага для сябе, напрыклад, які посуд быў у нашых продкаў ці як раней у печы гатавалі ежу. Незабыўныя ўражанні ў дзяцей пакідае музейны пакой баявой славы ў 1-й школе і раённы краязнаўчы музей. Выхаванцы з цікавасцю слухаюць аб Вялікай Айчыннай вайне, гераічных подзвігах землякоў на фронце і ў тыле ворага, аб дзецях вайны, баявых узнагародах, разглядаюць экспанаты, трымаюць у руках лісты, дакументы, газеты, фатаграфіі ваенных гадоў, вінтоўкі, каскі нямецкага ўзору і іншае.
У гісторыі Лельчыцкага раёна 23 студзеня — асаблівая дата. Менавіта ў гэты дзень у 1944 г. савецкія войскі вызвалілі раён ад нямецкіх акупантаў. Разам з сем’ямі дзеці наведваюць гераічныя месцы горада і раёна, ускладаюць кветкі да брацкай магілы членаў опергрупы ЦК ВЛКСМ, лётчыкаў і партызан, якія абаранялі Лельчыцкі раён. Выхаванцы сада ходзяць у госці да жыхарак Лельчыц — ветэрана педагагічнай працы Нэлі Мікалаеўны Цішкевіч і Кацярыны Сямёнаўны Папковіч, якія ў гады вайны былі дзецьмі-вязнямі. У цёплай размове малышы расказваюць пра жыццё ў садзіку, а жанчыны са слязамі на вачах успамінаюць сваё дзяцінства.

Сімвал гора і людскіх пакут — сусветна вядомы мемарыяльны комплекс «Хатынь». Вёску Тонеж Лельчыцкага раёна гісторыкі ахрысцілі «сястрой» Хатыні. Сумная доля быць спаленай разам з расстралянымі жыхарамі спасцігла яе зімой у разгар вайны. Аб гэтай «сястры» малышы з хваляваннем расказвалі падчас абласнога адукацыйнага квеста «Жывая памяць пакаленняў» — чэлендж #Марафонпамяці. А выхаванка групы «Юныя патрыёты» Мілана Лукашэвіч падчас гэтага ж квеста як вядучы-экскурсавод азнаёміла сваіх сяброў з экспанатам «Музей у чамадане».
Маленькіх патрыётаў можна сустрэць і ў мясцовым храме Святой Жывапачатковай Тройцы, дзе знаходзіцца абраз свяшчэннамучаніка Алексія Лельчыцкага, і на гарадской плошчы падчас галоўных дзяржаўных свят, дзе яны пранікліва выконваюць гімн разам з удзельнікамі ўрачыстасцей.
— І на Дзень Перамогі, і на Дзень Незалежнасці сёлета нашы педагогі разам з выхаванцамі і іх бацькамі прымалі ўдзел у шэсці, — гаворыць Л. Трошка. — Жыхароў і гасцей мы здзівілі выставай «Лялька ў ваеннай форме», дзе былі прадстаўлены экспанаты ў форме юных патрыётаў, пагранічніка, марака, медсястры, сувязіста, артылерыста, лётчыка і дэсантніка. Нядаўна нашы дзеці прадстаўлялі Лельчыцкі раён на Міжнародным фестывалі славянскіх народаў «Славянскае адзінства — 2023» у Гомелі.
Ва ўстанове прайшло яшчэ адно цікавае мерапрыемства — «Памятаем іх імёны». Педагогі азнаёмілі выхаванцаў з біяграфіямі заслужанага дзеяча мастацтваў БССР і ганаровага грамадзяніна раёна Міхаіла Паўлавіча Дрынеўскага, імя якога носіць Дзіцячая школа мастацтваў, і заслужанага ўрача БССР і ганаровага грамадзяніна раёна Васіля Цімафеевіча Семяновіча, у гонар якога названа адна з вуліц гарадскога пасёлка.

— Чаму сёння надзвычай актуальна працягнуць работу з дзецьмі ў рамках праекта «Юны патрыёт»? Таму што большую частку ўяўленняў пра навакольны свет чалавек атрымлівае ў дзяцінстве. І гэтая інфармацыя застаецца з ім на ўсё жыццё. Прыйдзе час — і сённяшнія малышы падрастуць і будуць вызначаць будучыню Беларусі, — адзначае суразмоўніца.
Надзея ЦЕРАХАВА
Фота аўтара





