Выстава-продаж прадукцыі ўстаноў адукацыі вобласці прайшла ў Віцебску: чым здзівілі дбайныя гаспадары?

- 17:40Репортаж

Багаты выбар сельскагаспадарчай прадукцыі, кулінарнай смакаты, арыгінальныя сувеніры і ўпрыгажэнні, мэблю, адзенне, прылады для хатняга побыту і многае іншае прапанавалі на продаж 25 каледжаў, абласны палац дзяцей і моладзі, гарадскі цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, а таксама ўстановы адукацыі з 8 раёнаў, паведаміў карэспандэнту «Настаўніцкай газеты» начальнік аддзела прафадукацыі галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Каралёў.

Па рэакцыі на словы «Восеньскі карагод» можна беспамылкова адрозніць віцябляніна: маштабная сезонная выстава-продаж пад такой назвай нязменна ў цэнтры ўвагі жыхароў і гасцей горада. Сёлета зноў на пляцоўцы яе правядзення ля Палаца спорту з раніцы прадказальна віраваў гаманлівы натоўп. Перыядычны моцны дождж пакупніцкай актыўнасці не пашкодзіў — людзі чакалі менавіта гэты кірмаш, мэтанакіравана спяшаліся да рознакаляровых палатак і цяжка гружаных машын. Сярод наведвальнікаў былі старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў і начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Дзмітрый Хома.

— Прыемна, што насельніцтва цікавіцца нашай выставай, каб набыць неабходныя прадукты і тавары добрай якасці, — адзначыў Дзмітрый Хома. — Акрамя таго, нашы каледжы падрыхтавалі змястоўныя прафарыентацыйныя пляцоўкі, правялі майстар-класы і прафесійныя пробы для моладзі. На працягу многіх гадоў выстава зарэкамендавала сябе як эфектыўная пляцоўка абмену вопытам: кіраўнікі і педагогі пільна прыглядаюцца да лепшага, каб потым укараніць у сваіх установах, абмяркоўваюць новыя ідэі і праекты. Па яшчэ адной добрай традыцыі, гэта месца сустрэчы педагогаў розных пакаленняў. Дарэчы, ветэранам Вялікай Айчыннай вайны і педагагічнай працы мы заўсёды прапануем істотныя зніжкі. Творчыя калектывы ўстаноў дадатковай і прафесійнай адукацыі падарылі прысутным выдатную канцэртную праграму, артысты разам з аніматарамі пастараліся падтрымаць агульны пазітыўны настрой. У мерапрыемстве прыняла ўдзел дэлегацыя Пскоўскай вобласці. Прадстаўнікі каледжа прафесійных тэхналогій і сэрвісу, політэхнічнага і медыцынскага каледжаў, Апочацкага індустрыяльна-педагагічнага каледжа бліжэй азнаёміліся з прадукцыяй і дасягненнямі нашых устаноў і прадэманстравалі свае работы.

Пляцоўка Гарадоцкага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа штораз прываблівае асартыментам і яркім афармленнем, даступнасцю і зручнасцю выкладкі тавараў, высокай якасцю ў спалучэнні з дэмакратычнымі цэнамі, добразычлівай ветлівасцю спрытных прадаўцоў. У іх ролі разам з педагогамі і майстрамі вытворчага навучання выступаюць навучэнцы.

— Мы прывезлі капусту, бульбу, зерне, мёд, зеляніну, кулінарыю, вырабы дэкаратыўна-прыкладной творчасці, — расказала бухгалтар Лілія Рыбакова. — Усё прадаецца хутка. Па маіх назіраннях, асабліва добрым попытам сёння карысталася зерне: за паўтары гадзіны раскупілі, а грузілі на продаж нямала — па 30 мяхоў аўса, жыта і азімай пшаніцы. Між іншым, пры неабходнасці нашы маладыя прадаўцы лёгка перакваліфікоўваюцца ў валанцёраў, дапагаюць данесці набытае да прыпаркаванага паблізу аўто.

Наваполацкі дзяржаўны політэхнічны каледж найбольш уразіў калекцыяй для дачы і адпачынку на прыродзе: мангалы, вяндлярні, лаўкі, кветачніцы і кветкі з металу. Па словах намесніка дырэктара ўстановы Андрэя Патапчука, усё гэта выраблена навучэнцамі на занятках вытворчага навучання — падрастаюць майстры. І, канечне ж, грунтоўна прадстаўлены металічныя інструменты — ад садовых грабель да малаткоў і разнастайных ключоў.

— Мы прэзентавалі сваю новую выставачную палатку, якая сімвалізуе родны горад, і калекцыю сукенак з выявамі яго памятных мясцін, — паведаміла дырэктар Віцебскага дзяржаўнага індустрыяльна-тэхналагічнага каледжа Ірына Кісялёва. — Таксама запрасілі ўсіх жадаючых на новы майстар-клас па роспісе сумак-шопераў: кожны мог паспрабаваць і адчуць сябе мастаком. Не меншую папулярнасць меў наш майстар-клас па вырабе лялькі-мотанкі. Для яе стварэння не патрэбны іголкі і нажніцы. Гэта наведвальнікаў заінтрыгавала, як і цікавы аповед аб прызначэнні такой лялькі з пункту погляду народных традыцый. Як звычайна, маюць значны попыт наша пасцельная і сталовая бялізна, сувенірная прадукцыя з прыгожай вышыўкай, адзенне. Для моднікаў можам прапанаваць сапраўдны аўтарскі эксклюзіў!

На пляцоўцы Полацкага дзяржаўнага эканамічнага каледжа здзівіў выкладчык фізічнай культуры і здароўя Сяргей Парчынскі, які параіў набыць адметны кошык: «На ўра разышліся, у наяўнасці два апошнія, і, думаю, ненадоўга. Купляйце, не пашкадуеце!» Аказваецца, пляценне кошыкаў з пластыкавых упаковачных стужак у вольны час — хобі педагога. Побач домікі для птушак, якія пастаянныя пакупнікі з любоўю празвалі «вавёрачнікамі», — справа ўмелых рук выкладчыцы спецдысцыплін Марыі Шульгі.

Насамрэч з таго, што было раніцай, менш за палову засталося, — пацвердзіла  актыўны попыт педагог-арганізатар каледжа Вольга Лебедзева. — Купляюць як натуральную прадукцыю — гарбузы, кабачкі ды яблыкі, так і вырабленае дзецьмі на занятках у аб’яднаннях па інтарэсах, работы нашых педагогаў: вязаныя цацкі, мыла ручной работы, сувенірныя кампазіцыі, травяныя зборы для прыгатавання смачных напояў. Яшчэ мы прывезлі настольныя гульні. Вось гэтая, створаная трэцякурснікамі пад кіраўніцтвам выкладчыкаў Наталлі Пятрыдзіс і Уладзіміра Пяткевіча, называецца «Мой энергавыбар». Летась работа заняла І месца на абласным этапе «Энергамарафону», а прызначана яна для навучэнцаў як малодшых класаў, так і для сярэдняга школьнага ўзросту, каб паказаць і выпрацаваць карысныя навыкі па энергазберажэнні ў гульнявой форме. Рухаем ідэю ў народ! У нас ёсць лялькі, вырабленыя згодна з беларускiмi традыцыямі і насычаныя эфірнымі масламі мелісы, мяты — такім чынам дасягаецца дадатковы тэрапеўтычны эфект, да таго ж проста прыемна.

Падводзячы вынікі кірмашу, можна адзначыць, што пакупнікі засталіся задаволеныя — з пустымі рукамі ніхто гандлёвыя рады не пакінуў. Адпаведна, парадаваліся і прадаўцы.

Таццяна БОНДАРАВА
Фота аўтара і Вячаслава БАРЫСЕНКІ