Для многіх пакаленняў жыхароў вёскі Галубіца школа стала другім домам, сапраўдным палацам

- 10:42Репортаж

Будынак школы, які ўзводзіўся ў канцы 1950­-х гадоў, і сёння з’яўляецца архітэктурнай жамчужынай вёскі Галубіца, што ў Петрыкаўскім раёне. Белы, аднапавярховы, цагляны — ён выдзяляецца сваім экстэр’ерам, цікавай гісторый. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Мінулае і сучаснасць

Не менш арыгінальна глядзіцца і школьны двор. Тут цесна перапляліся асаблівасці афармлення прышкольных тэрыторый у 1960-я гады і сённяшняга часу. Прыгожыя кветнікі, сучасныя інсталяцыі на тэму Года міру і стварэння выдатна дапаўняюць скульптуры піянераў. Калі стаіш каля незвычайнага белага палаца, сэрца напаўняецца асаблівай цеп­лынёй. Ты нібыта пераносішся ў мінулае, у школьныя гады тваіх бацькоў.

Як адзначыла дырэктар Галу­біцкай сярэдняй школы Таццяна Мікалаеўна Аляксанд­рава, такая ўтульнасць натхняе педагогаў на працу, дапамагае плённа право­дзіць выхаваўчую работу. Асабліва славіцца ўстанова краязнаўчай дзейнасцю. Настаўнікі (палова з якіх — выпускнікі школы) і вучні даследавалі тапаніміку роднага краю, запісалі ад мясцовых жыхароў народныя песні, склалі падрабязны летапіс вёскі і роднай школы. Таксама запісалі ўспаміны ветэранаў і сведак Вялікай Айчыннай вайны. Цяпер, на жаль, гэтых людзей няма з намі, але іх аповеды, захаваныя ў лічбавым выглядзе, будуць дапама­гаць многім пакаленням школьнікаў больш поўна разумець трагічныя падзеі таго часу.

Дэтэктыўная гісторыя

Падобнай на сапраўдны дэтэктыў з’яўляецца гісторыя будаў­ніцтва школы. У 1957 годзе тагачасны дырэктар Павел Уладзіміравіч Пашук вырашыў самастойна, не чакаючы дапамогі мясцовых улад, узвесці ў вёсцы цагляную школу. Калегі дапамаглі скласці план, быў набыты будаўнічы матэрыял — справа закіпела. Пачалі вымалёўвацца контуры вокнаў, як раптоўна прыехалі правяраючыя, работу спынілі, а дырэктара адхілілі ад працы за самаўпраўства…

І ўсё ж у гэтай гісторыі шчаслівы канец. Пасля высвятлення ўсіх акалічнасцей Паўла Уладзі­міравіча апраўдалі, бо справа, якую задумаў дырэктар, была важная і карысная. На той час мясцовыя дзеці вучыліся ў некалькіх драўляных дамах і новы школьны будынак быў проста неабходны.

У 1960 годзе ў Галубіцы з’явілася новая цагляная школа, якой і цяпер ганарацца вяскоўцы. Можа, яе будынак не такі шыкоўны, прасторны, як тыя, што ўзводзяцца ў наш час. Але для многіх пакаленняў жыхароў Галубіцы і навакольных вёсак школа стала другім домам, сапраўдным палацам.

Нягледзячы на сваю арыгінальнасць, будынак прыносіць сённяшняму дырэктару пэўны клопат. То дах трэба замяніць, то старую падлогу перасцяліць. Але Таццяна Мікалаеўна з такой пяшчотай расказвала пра родную школу, якую, дарэчы, скончыла з сярэбраным медалём, што разумееш — усе цяжкасці дапамагае пераадолець любоў да яе.

Новыя старонкі

Этапы будаўніцтва школы былі зафіксаваны юнымі краязнаўцамі ў летапісе вёскі. Кожны год вучні пад кіраўніцтвам настаўніка гісторыі кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні Тофіка Мамедшахавіча Шыхмамедава адкрываюць новыя факты з гісторыі малой радзімы.

Па словах педагога, у апошні час асаблівая ўвага ўдзяляецца ваенна-патрыятычнаму выхаванню, якое цесна звязана з краязнаўчай работай, асабліва што тычыцца вывучэння гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Бацькі сённяшніх вучняў добра памятаюць тыя часы, калі школу рэгулярна наведвалі ветэраны, былыя франтавікі, партызаны. Для вучня ўжывую ўбачыць ветэрана, пастаяць каля яго, дакрануцца да яго бліскучых узнагарод, па­чуць праўду вайны было вельмі пачэсна.

— Сёння, на жаль, у нашай вёсцы ўжо няма ветэранаў, засталіся толькі былыя вязні фашысцкіх канц­лагераў, ды і яны ў даволі паважаным узросце, не заўсёды могуць прыйсці ў школу. Таму запісаныя калісьці ўспаміны сёння актыўна выкарыстоўваюцца на ўроках, выхаваўчых мерапрыемствах. Яны сведчаць пра муж­насць нашага народа, пра трагічныя старонкі генацыду. У нашай мясцо­васці карнікамі былі знішчаны некалькі вёсак, адна з іх — Снядзін, дзеці з якой вучацца ў Галубіцкай школе. Расказваем вучням, як падчас нямецка-фашысцкай акупацыі карнікі зрабілі аблаву на іх землякоў: каго застрэлілі, каго патапілі, пакідалі ў кало­дзежы. Не глядзелі, стары гэта, жанчына ці дзіця. Такія эмацыянальныя аповеды, безумоўна, даюць больш поўную карціну тагачаснай трагедыі беларускага народа, дапаўня­юць падручнік гісторыі.

Што тычыцца будынка школы, то ён узводзіўся, як кажуць, усёй грамадой. Настаўнікі, тэхработнікі, вучні аказвалі дапамогу будаўнікам. Нешта паднесці, дзесьці раствор замяшаць, прыбраць. Прычым рабілася тады ўсё ўручную. У 1954 годзе наша школа набыла статус сярэдняй. Да гэтага яна была сямігадовай. Па ініцыя­тыве Аляксандра Паўлавіча Пашука (папярэдняга кіраўніка школы, сына Паўла Уладзіміравіча, пры якім узводзіўся гэты будынак) была ўстаноўлена прыгожая ўваходная брама, на якой красуецца лічба 1960 — год заканчэння будаўніцтва. А на будынку спартыўнай залы з цэглы выкладзена “1967”. Як бачым, такі падарунак быў зроблены школе да 50-годдзя Вялікага Кастрычніка, — расказ­вае Тофік Мамедшахавіч.

Дружнай талакой

У 1957—1960 гадах сіламі настаўнікаў, вучняў і тэхработнікаў была пабудавана сучасная школа па чарцяжах яе дырэктара Паўла Уладзіміравіча Пашука. Вось што ўспамінае былы загадчык гаспадаркі Уладзімір Якаўлевіч Пашук:

“Пасля вайны ад школы застаўся трохсценак, у якім пасля рамонту і вучыліся дзеці. Пазней гэты трохсценак разабралі і выкарысталі для будаўніцтва школы ў вёсцы Рубча. Усім месца не хапала, таму для заняткаў прыстасавалі тры пустуючыя хаты. У 1956 годзе былі створаны ўмовы для будаўніцтва сучаснай школы.

Дырэктар школы Павел Ула­дзіміравіч Пашук, які быў добрым мастаком, начарціў план будучай школы і калкамі размеціў на мясцовасці. У раёне зацвердзілі гэты план і выдзелілі цэглу, якую грузілі старэйшыя школьнікі на Славінскім заводзе і вазілі на машыне і на кані. Лапатамі капалі траншэю пад фундамент. Бітую цэглу выкарыстоўвалі на фундамент, а з цэлай узводзілі сцены. Настаўнікі ра­зам з тэхнічным персаналам і старэйшымі вучнямі рыхтавалі раствор, падавалі яго і цэглу будаўнікам, выконвалі іншыя падсобныя работы. Сцены і дах узводзіла брыгада спецыялістаў з Петрыкава. У 1960 годзе школа была ўведзена ў эксплуатацыю.

У 1967 годзе пабудавалі спартзалу і прыбудову да інтэрната. Школьныя майстэрні пабудавалі, калі разабралі грубкі ў класах пасля ўвядзення ў строй кацельні. На будаўніцтва сталовай выкарысталі былую стайню. У сённяшнім памяшканні фізічнай падрыхтоўкі арганізавалі для дзяцей швейны цэх. Пасля пабудавалі цяпліцу, дзе вырошчвалі для школы агуркі, памідоры, кветкі, расаду”.

Будынак Галубіцкай сярэдняй школы прыцягвае ўвагу не толькі сваёй арыгінальнай архітэктурай, але і прыгожай тэрыторыяй. Стракатыя кветнікі, малыя архітэктурныя формы — усё гэта стварае атмасферу ўтульнасці, натхняе педагогаў і вучняў на творчую дзейнасць. Сваёй працай яны працягваюць пісаць багаты летапіс установы адукацыі.

Ігар ГРЭЧКА
Фота аўтара і з архіва школы