«Пасадзілі першыя ў сваім жыцці дрэвы». Дашкольнае лясніцтва адкрылася ў дзіцячым садзе № 3 Пружан

- 11:30Новости

У дзіцячым садзе № 3 Пружан адбылося ўрачыстае адкрыццё першага ў раёне дашкольнага лясніцтва. Шэфства над будучымі калегамі ўзяў Пружанскі лясгас, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

— Нашы педагогі заўсёды вучаць дзяцей беражліва ставіцца да прыроды, знаёмяць з прадстаўнікамі жывёльнага і расліннага свету беларускіх лясоў, — адзначыла загадчыца дашкольнай установы Наталля Пашкевіч. — Калі я прыйшла працаваць сюды ў 2019 г., заўважыла, што на тэрыторыі расце шмат туй, асаблівая ўвага ўдзяляецца азеляненню і экалагічнаму выхаванню дзяцей. У 2020 г. мы змаглі далучыцца да праекта «Зялёныя школы». А сёння, як бачыце, сталі першаадкрывальнікамі дашкольнага лясніцтва ў Пружанскім раёне.

Нам з юнымі лесаводамі выпаў вялікі гонар паўдзельнічаць у цікавым і карысным праекце, — адзначыў дырэктар Пружанскага лясгаса Віктар Карніенка. — Вельмі спадзяюся, што гэты праект будзе паспяховым і праз гады мы зможам ганарыцца вашымі дасягненнямі ў лясной гаспадарцы.

Юныя лесаводы, апранутыя па форме, спяваюць, чытаюць вершы, гуляюць у інтэрактыўныя гульні на лясную тэматыку. А самае галоўнае — малышы далі клятву лесавода, паказалі тым самым, што кожны будзе беражліва ставіцца да прыроды.

У найбліжэшых планах работы дашкольнага лясніцтва — знаёмства з відавой разнастайнасцю дрэў і кустоў на тэрыторыі дзіцячага сада і ў наваколлі, а таксама экскурсіі ў Пружанскі лясгас, сустрэчы з яго супрацоўнікамі, якія пакажуць музей, раскажуць, як вырошчваецца лес, запросяць на акцыі, дзе ў кожнага малыша будзе магчымасць пасадзіць дрэва ў лесе.

Хтосьці з маленькіх лесаводаў абавязкова звяжа сваё жыцце з гэтай выдатнай прафесіяй. А пакуль ад Пружанскага лясгаса кожнаму новаму  захавальніку зялёнага багацця быў уручаны падарунак, а дзіцячаму саду — настольны хакей і сертыфікат на набыццё раслін для азелянення тэрыторыі.

Завяршылася ўрачыстасць сумеснай пасадкай памятнай алеі на тэрыторыі дзіцячага сада: выхаванцы пасадзілі першыя ў сваім жыцці дрэвы.

Надзея ЦЕРАХАВА
Фота з архіва ўстановы
(прадастаўлены рэдакцыяй газеты «Раённыя будні»)