На матэрыяле прыказак і прымавак навучэнцы атрымліваюць магчымасць на ўроках нямецкай мовы ўдасканальваць вымаўленчыя навыкі, актуалізаваць і вывучаць граматычныя з’явы, пашыраць і абагачаць слоўнікавы запас.
Прымяняю прыказкі і прымаўкі для ўвядзення навучэнцаў у атмасферу іншамоўных зносін (арыгінальны арганізацыйна-матывацыйны этап урока); стымулявання маўленчай дзейнасці; развіцця і падтрымання цікавасці да вывучэння нямецкай мовы.
Прыказкі і прымаўкі не маюць патрэбы ў адаптацыі, адпавядаюць самым высокім мастацкім патрабаванням — кароткія, але змястоўныя. Большасць вобразных выразаў складаецца не больш як з 5—6 слоў. Многія будуюцца на сугуччах або рыфмуюцца, таму лёгка запамінаюцца. Гэта дазваляе выкарыстоўваць іх для адпрацоўкі арфаэпічных норм нямецкай мовы. Таму я часта прымяняю прыказкі і прымаўкі пры ўвядзенні новай фанетычнай з’явы, для замацавання фанетычнага матэрыялу, пры яго паўтарэнні, а таксама падчас фанетычнай зарадкі. Яны дапамагаюць паставіць у навучэнцаў вымаўленне некаторых цяжкіх гукаў, асабліва тых, якія адсутнічаюць у рускай мове. Замест асобных слоў ці словазлучэнняў, якія змяшчаюць той ці іншы гук, прапаную класу прыказкі і прымаўкі, якія змяшчаюць неабходны фанетычны матэрыял. На працягу 2—3 урокаў прыказка паўтараецца, карэкціруецца вымаўленне гуку. Практыкую ўключэнне гэтага віду дзейнасці ў розныя этапы ўрока.
Работу над прыказкай звычайна праводжу ў некалькі этапаў:
1. Прэзентацыя. Запісваю прыказку на дошцы або выводжу на мультымедыйны экран, зачытваю ўголас, затым прапаную прачытаць яе навучэнцам (калектыўна, у групах, індывідуальна).
2. Работа над зместам. Раскрываю значэнне незразумелых для навучэнцаў слоў пры дапамозе сінонімаў, антонімаў. Пры неабходнасці выкарыстоўваю пераклад, часам прапаную вучням скарыстацца слоўнікам.
3. Работа над вымаўленнем. Дапамагаю школьнікам вылучыць цяжкія для вымаўлення гукі, літараспалучэнні, затым прапаную прачытаць асобныя словы з вылучанымі фанетычнымі адзінкамі і толькі потым — усю прыказку. Спачатку вучні чытаюць хорам, пасля індывідуальна.
Выкарыстоўваю вобразныя выразы пры сістэматызацыі мадальных дзеясловаў: у якасці прыкладаў іх ужывання ў сказе і для ілюстрацыі парадку слоў у сказах з мадальнымі дзеясловамі.
Улічваючы абагульнены характар вобразных лексічных адзінак, прымяняю іх як матэрыял для актывізацыі звестак аб няпэўна-асабовым займенніку man.
Пры знаёмстве з назоўнікамі, якія маюць памяншальна-ласкальныя суфіксы -chen, -lein, адбіраю прыказкі, якія маюць у сваім складзе словы з гэтымі суфіксамі.
Вывучаючы складаназалежныя сказы з даданымі ўмовы, даданымі прычыны, выкарыстоўваю прыказкі не толькі для раскрыцця семантыкі сказа, але і для ілюстрацыі парадку слоў у такіх сказах. Пры рабоце над гэтай тэмай прымяняю прыём карэкціравання прыказак у адпаведнасці з правіламі пабудовы нямецкага сказа.
Існуе мноства прыказак, якія маюць у сваім складзе няпэўныя займеннікі jeder/jede/jedes, niemand, nichts, адмаўленне nicht. Я актыўна выкарыстоўваю іх пры вывучэнні гэтых тэм.
У нямецкай мове, як і ў рускай, ёсць шмат прыказак-сінонімаў. Таму стараюся, каб навучэнцы авалодалі хаця б некалькімі з іх і тым самым зрабілі сваю мову больш выразнай.
Eigen Brot nährt am besten. — Besser eigenes Brot als fremdes Braten.
Im Unglück zeigt sich der Freund. — Den Freund erkennt man in der Not.
Уключаю прыказкі і прымаўкі ў практыкаванні, накіраваныя на развіццё маўлення навучэнцаў. Для гэтага прапаную выканаць наступныя заданні: растлумачыць сэнс выказвання; падабраць рускія эквіваленты да прыказкі ці прымаўкі; замяніць няправільныя словы ў гэтай фразе; падабраць прыказкі-сінонімы; скласці і праінсцэніраваць дыялог, выкарыстоўваючы прапанаваную прыказку ці прымаўку; даць сябру параду, выкарыстоўваючы пры гэтым прыказку або прымаўку; скласці сітуацыю, якая праілюстравала б сэнс прапанаванай адзінкі; апісаць ілюстрацыю, выкарыстоўваючы ўстойлівыя выразы; намаляваць малюнак, які даслоўна адлюстроўвае прапанаваную прыказку; выказаць згоду/нязгоду з сэнсам фразы.
Практыкую прымяненне прыказак і прымавак пры вывучэнні такіх лексічных тэм, як Geld. Taschengeld, Heimat, Wetter und Klima, Die Welt der Mode, Zwischenmenschliche Beziehungen, Gesunde Lebensweise і інш.
Выкарыстоўваю прыказкі, якія ўключаюць у свой склад лексічныя адзінкі па пэўнай тэме, але нічога агульнага не маюць з гэтай тэмай па сэнсе. Напрыклад, пры вывучэнні тэмы Wetter und Klima ў 9 класе прапаную прыказкі, якія змяшчаюць у сваім складзе словы па тэме Wetter. Прашу дзевяцікласнікаў знайсці ў прыказках словы па тэме Wetter und Klima, затым адпрацоўваю вымаўленне. Пры рабоце над зместам, калі тлумачыцца схаваны сэнс прыказкі, прапаную выказаць сваё стаўленне да гэтай з’явы. Пазней, пры вывучэнні зусім іншай лексічнай тэмы, гэтыя прыказкі ўсплываюць у памяці навучэнцаў якраз у той сітуацыі, дзе яны сапраўды могуць быць ужыты.
Гэтым жа прыёмам карыстаюся пры вывучэнні тэмы Die Weltder Mode на этапе паўтарэння назваў прадметаў адзення.
Рэгулярна выкарыстоўваю прыказкі і прымаўкі пры вывучэнні даволі шырокіх тэм: Zwischenmenschliche Beziehungen у 9 класе (падтэмы Liebe, Vertrauen, Freundschaft, Respekt, Einsamkeit, Beziehungen zwischen den Eltern und Kindern і інш.), Gesunde Lebensweise (падтэмы Meine Gesundheit — mein Leben, Sport machen — gesund bleiben, Gesundes Essen — gesundes Leben, Gute und schlechte Gewohnheiten і інш.).
Часта прымяняю прыказкі для замацавання асобных слоў. Напрыклад, для лепшага запамінання слоў reden, die Rede:
Reden ist Silber, Schweigen ist Gold.
Wie die Rede, so der Mann.
Rede wenig, höre viel.
Besser viel Wissen, denn viel Reden.
Або дзеяслова beginnen і яго сіноніма дзеяслова anfangen:
Wer viel anfängt, beendet wenig.
Anfang gut — alles gut.
Wohl angefangen ist gut, wohl enden besser.
Aller Anfang ist schwer.
Шырока выкарыстоўваю прыказкі і прымаўкі пры навучанні аўдзіраванню, прычым не толькі з мэтай праверкі разумення праслуханага, але і для развіцця маўлення навучэнцаў. Як правіла, пасля праслухоўвання тэксту прапаную школьнікам выканаць наступныя заданні: выбраць з прапанаваных прыказак тыя, якія, на іх погляд, найбольш поўна адлюстроўваюць тэму тэксту (дыялогу, інтэрв’ю і г.д.); з дзвюх прыказак (або прымавак) выбраць тыя, з дапамогай якіх можна адказаць на пытанні; закончыць дыялог прыказкай; ахарактарызаваць героя апавядання, выкарыстоўваючы прапанаваную прыказку.
Для ўвядзення навучэнцаў у атмасферу іншамоўных зносін выкарыстоўваю прыказкі і прымаўкі пры арганізацыі пачатку ўрока і на этапе стварэння станоўчай атмасферы. Часта пачынаю свае ўрокі з адной ці некалькіх прыказак або прымавак і, такім чынам, падводжу дзяцей да тэмы ўрока, а нярэдка і да вызначэння яго мэт. У залежнасці ад пастаўленых задач неаднаразова вяртаюся да гэтай прыказкі на працягу ўсіх вучэбных заняткаў.
Адну і тую ж прыказку ці прымаўку магу прымяняць у рабоце над рознымі тэмамі або на розных этапах вывучэння тэмы. Напрыклад, прыказку Dank Erfahrung wird man klüger выкарыстоўваю і пры вывучэнні лексічнай тэмы Schule und Lernen, і пры вывучэнні такіх граматычных з’яў, як “Няпэўна-асабовы займеннік man”, “Ступені параўнання прыметнікаў і прыслоўяў”, і пры знаёмстве са словаўтварэннем (утварэннем назоўнікаў жаночага роду ад пачатковай формы дзеяслова з дапамогай суфікса -ung: erfahren + -ung = die Erfahrung).
Развіваю ў дзяцей і навыкі эквівалентнага перакладу нямецкіх прыказак і прымавак на рускую мову і тым самым стымулюю цікавасць навучэнцаў да работы са слоўнікам. Акрамя гэтага, прымяняю прыказкі і прымаўкі для ацэнкі работы навучэнцаў як па выніках усяго ўрока на этапе каменціравання адзнак, так і пасля завяршэння пэўнага этапу дзейнасці, калі ў гэтым ёсць неабходнасць. Вынікам маёй работы і добрай традыцыяй стала правядзенне ў канцы навучальнага года ўрока-гульні “Шчаслівы выпадак” (Glücklicher Zufall), прысвечанага прыказкам і прымаўкам.
Калі раней мае вучні давалі часцей за ўсё кароткія неразгорнутыя адказы на пытанні, характарызавалі героя бедна, выкарыстоўваючы толькі лексіку з тэксту, то зараз іх мова стала больш маляўнічай, яркай, выразнай. Рэкамендую ў якасці ўзору складзеную мной “Скарбонку нямецкіх прыказак і прымавак”, якую можна выкарыстоўваць і як аснову для складання ўласных матэрыялаў.
Ганна ПАНГЛІШ,
настаўніца нямецкай мовы гімназіі Нароўлі