Імпульс для далейшага развіцця

- 11:25Актуально, Апошнія запісы, Рознае

Амаль два гады прайшло з пачатку рэалізацыі ў Магілёўскай вобласці праекта “Настаўніцкай газеты” па інфармацыйным узаемадзеянні з рэгіёнамі пад назвай “Творчае супрацоўніцтва і ўзаемадапамога ў сферы адукацыйных і інфармацыйных тэхналогій”. У рамках праекта на Магілёўшчыне адкрыты і плённа працуе карэспандэнцкі пункт “Настаўніцкай”. Два гады, здаецца, невялікі тэрмін, але пэўныя вынікі цеснага супрацоўніцтва ўпраўлення адукацыі Магілёўскага аблвыканкама і галіновага выдання настаўніцтва краіны відавочныя.

За час існавання карпункта назіраецца адпаведнае павелічэнне і забеспячэнне змястоўнай насычанасці публікацый дзякуючы аптымізацыі рэгіянальнай тэматыкі — з улікам інфармацыйных і прафесійных запытаў чытацкай аўдыторыі. Значна павялічылася і колькасць педагогаў, для якіх “Настаўніцкая газета” стала сапраўдным сябрам і пастаянным дарадцам у педагагічнай дзейнасці. Дарэчы, колькасць падпісчыкаў на галіновае выданне ў Магілёўскай вобласці самая высокая ў краіне. Таму нядзіўна, што ў такім узаемавыгадным супрацоўніцтве зацікаўлена як кіраўніцтва ўпраўлення адукацыі аблвыканкама, так і кіраўніцтва “Настаўніцкай”.
З гэтай нагоды ў мінулы чацвер адбылася рабочая сустрэча, якая стала своеасаблівым імпульсам для далейшага развіцця супрацоўніцтва. Начальнік упраўлення адукацыі Магілёўскага аблвыканкама Уладзімір Уладзіміравіч Рыжкоў і галоўны рэдактар “Настаўніцкай газеты” Вадзім Аляксандравіч Кнышаў абмеркавалі надзённыя пытанні рэалізацыі праекта на Магілёўшчыне, падзяліліся думкамі аб актуальных праблемах і дасягненнях у сферы адукацыі рэспублікі. Падчас сустрэчы партнёры абмеркавалі і падпісалі двухбаковыя рабочыя дакументы, якія канкрэтызуюць далейшыя кірункі супрацоўніцтва і дзейнасці карэспандэнцкага пункта па Магілёўскай вобласці.
— “Настаўніцкая газета” сёння па праву з’яўляецца адным з аўтарытэтных выданняў у краіне, таму і праект па інфармацыйным узаемадзеянні з рэгіёнамі мы адразу падтрымалі. Гэты крок прынёс чаканы вынік. Наяўнасць карпункта адкрыла новыя перспектывы супрацоўніцтва паміж рэдакцыяй “Настаўніцкай газеты” і ўпраўленнем адукацыі, значна паспрыяла асвятленню арганізацыі адукацыйнага працэсу ва ўстановах, вопыту лепшых педагогаў, нашых праблем і здабыткаў на старонках прафесійнага выдання. Спадзяюся, што ў падобным ключы наша сумесная работа будзе працягвацца і далей, — адзначыў падчас размовы Уладзімір Уладзіміравіч Рыжкоў.
У сваю чаргу галоўны рэдактар “Настаўніцкай газеты” Вадзім Аляксандравіч Кнышаў падкрэсліў, што выданне заўсёды адкрыта да прапаноў па ўдасканаленні супрацоўніцтва і гатова падтрымаць дзейсныя ініцыятывы ўпраўлення адукацыі, якія дапамогуць пашырэнню прафесійнай тэматыкі, жанравай разнастайнасці і змястоўнасці публікацый, павелічэнню аўтарскага актыву газеты.
Падчас канструктыўнай гутаркі пытанняў было закранута нямала, але галоўнай высновай, да якой прыйшлі абодва бакі пасля яе завяршэння, стала наступнае: праект “Творчае супрацоўніцтва і ўзаемадапамога ў сферы адукацыйных і інфармацыйных тэхналогій” у Магілёўскай вобласці паказаў сваю эфектыўнасць, утрымлівае моцны арганізацыйны і творчы патэнцыял па многіх кірунках, якія трэба развіваць. А калі так, то і плённае двухбаковае супрацоўніцтва партнёры будуць працягваць і далей.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.