Таццяна Крыкало — пра тое, як у Валожынскім раёне наладжана работа з маладымі спецыялістамі

- 16:11Планерка

Пра тое, якіх поспехаў чакаюць педагогі Валожынскага раёна ў 2023/2024 навучальным годзе і чаго ўжо ўдалося дасягнуць, карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказвае начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме Валожынскага райвыканкама Таццяна Крыкало.

— У Валожынскім раёне працуюць 27 устаноў адукацыі, сярод якіх 15 — агульнай сярэдняй адукацыі, — расказвае Таццяна Мікалаеўна. — Мы ня­д­рэнна падрыхтаваліся да новага навучальнага года. На гэтыя мэты было накіравана больш за 1,3 млн рублёў з абласнога і мясцовага бюджэтаў, праве­дзены рамонтныя работы, набыты сучасныя сродкі навучання. За мінулыя гады за кошт сродкаў рэс­публіканскага бюджэту 6 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі раёна атрымалі 12 сучасных кабінетаў — фізікі, хіміі, біялогіі, працоўнага навучання. Цяпер ажыццяўляецца пастаўка кабінетаў працоўнага навучання ў Багданаўскую і Пяршайскую сярэднія школы. Адкрыты новыя рэсурсныя цэнтры: STEM-цэнтр у гімназіі № 1 Валожына, цэнтр па прадмеце “Працоўнае навучанне. Абслуговая праца” ў сярэдняй школе № 1 Валожына, цэнтры “Мы — беларусы” і “Азбука бяспекі” ў Да­школьным цэнтры развіцця дзіцяці г.п.Івянец.

У 2023/2024 навучальным го­дзе пачата рэалізацыя трох новых абласных педагагічных праектаў, разлічаных на тры гады. Так, у Ракаўскім дзіцячым садзе “Сонейка” Валожынскага раёна ўкараняюць сістэму фарміравання ўяўленняў дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту аб прадметах дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва інтэрактыўнымі сродкамі. У раённым Цэнтры творчасці дзяцей і мола­дзі будзем фарміраваць ключавыя кампаненты функцыянальнай дасведчанасці навучэнцаў ва ўмовах кампетэнтнасна арыентаванага адукацыйнага асяроддзя, а ў раённым ЦКРНіР — сацыяльна-камунікатыўныя ўменні ў навучэнцаў з цяжкімі, множнымі парушэннямі ў фізічным і (або) псіхічным развіцці праз сумесную дзей­насць з аднагодкамі, якія развіваюцца тыпова.

— Як наладжана работа з маладымі спецыялістамі? Які працэнт замацавальнасці маладых кадраў?

— У раёне сёлета прыступілі да работы 15 маладых спецыя­лістаў, замацавальнасць маладых кадраў склала 72,4%. Дарэчы, сёлета мы выдалі 48 мэтавых накіраванняў нашым выпускнікам, з іх 13 — на педагагічныя спецыяльнасці.

Штогод у верасні мы сустракаемся з маладымі спецыяліс­тамі, якія прыбылі на першае працоўнае месца, каб азнаё­міць маладых калег з сістэмай са­цыяльна-эканамічнай падтрымкі і стымулявання педагогаў, нала­дзіць эфектыўнае ўзаема­дзеянне і супрацоўніцтва паміж маладымі спецыялістамі, педагагічнай грамадскасцю раёна і кіраўніцтвам. Таксама маладыя педагогі знаёмяцца з вопытам работы старэйшых калег, наведваюць заняткі настаўнікаў, якія творча працу­юць, атрымліваюць кансультацыі.

— Кім і чым вы ганарыцеся ў Валожынскім раёне?

— У 2023 годзе тры адзінаццацікласнікі ўстаноў адукацыі раёна атрымалі стабальныя вынікі: два — на цэнтралізаваных экзаменах, адзін — на цэнтралізаваным тэсціраванні. Мне прыемна назваць іх імёны: Леанід Сухадольскі (гімназія № 1 Валожына, ЦЭ па рускай мове), Настасся Каваленка (Ракаўская сярэдняя школа, ЦЭ па беларускай мове) і Ксенія Жукоўская (сярэдняя школа № 1 Валожына, ЦТ па грамадазнаўстве). У заключным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па вучэбным прадмеце “Працоўнае навучанне” стала пераможцай навучэнка сярэдняй школы № 1 Валожына Алена Рубан. Пераможцамі рэспубліканскага конкурсу работ даследчага характару (канферэнцыі) навучэнцаў па вучэбных прадметах названы Арцём Сікорскі (геаграфія, гімназія № 1 Валожына) і Віялета Сяўрук (гісторыя, Суднікоўская сярэдняя школа).

У раёне працуюць два настаўнікі-метадысты, тры педагогі ўдастоены звання “Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь”.

Валожынская зямля ўнікальная і цудоўная. Каб пака­заць гэта ўсім, раённым Цэнтрам творчасці дзяцей і моладзі распрацаваны турыстычныя маршруты, самыя папулярныя з якіх — аграгарадок Ракаў і гарадскі пасёлак Івянец з іх славутасцямі, аграгарадкі Багданаў і Вішнева, дзе жыў і тварыў сусветна вядомы мастак Фердынанд Рушчыц. Бачыце, нам ёсць чым гана­рыцца.

— Мы сустракаемся з вамі ў Тыдзень бацькоўскай любові, паміж Днём маці і Днём бацькі. Як у вас пабудавана ўзаемадзеянне з бацькамі навучэнцаў? Як яго можна палепшыць, на ваш погляд?

— Па маім перакананні, паспяховасць выхаваўчага працэсу залежыць ад таго, як складваюцца адносіны паміж педагогамі, навучэнцамі і бацькамі. Бацькі і педагогі — выхавальнікі адных і тых жа дзяцей, і вынік выхавання можа быць паспяховым толькі тады, калі настаўнікі і бацькі стануць саюзнікамі. Узаемадзеянне ўстаноў адукацыі з сем’ямі нашых вучняў накіравана на актыўнае ўключэнне бацькоў у адукацыйны працэс, у пазаўрочную дзей­насць, супрацоўніцтва з дзецьмі і педагогамі. У бягучым навучальным годзе ва ўстановах адукацыі працягвае сваю работу “Баць­коўскі ўніверсітэт”, створаны і дзейнічаюць бацькоўскія клубы: “Сям’я”  ў сярэдняй школе № 2 Валожына і “Тата +” у сярэдняй школе № 1 Валожына.

— Што больш за ўсё хвалюе сёння начальніка ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме Валожынскага райвыканкама?

— Начальніка хвалююць абсалютна ўсе пытанні: ад да­школьнай адукацыі да выбару прафесіі выпускнікамі. Мне важна, каб кожнае дзіця знайшло сябе, не згубілася ў жыцці, атрымала прафесію, а можа, і вярнулася на работу ў раён. Хвалююць пытанні сацыяльна небяспечнага становішча дзяцей у сем’ях. Кожная праблемная сям’я патрабуе індывідуальнага падыходу, даводзіцца ва ўсё ўнікаць, старанна разбірацца ў кожнай канкрэтнай сітуацыі. У наступным годзе ў Валожыне пройдуць абласныя “Дажынкі”, таму зараз пад маім кантролем рамонтныя работы фасадаў устаноў адукацыі, добраўпарадкаванне тэрыторыі. Хочацца прыняць гасцей годна, каб мерапрыемства ім запомнілася і спадабалася. Як педагога мяне, несумненна, хвалюе пытанне якасці адукацыі, у тым ліку арганізацыі і правя­дзення цэнтралізаваных экзаменаў. Хочацца, каб усё прайшло дакладна і зладжана, бо ад гэтага залежыць будучыня нашых дзяцей.

Наталля КАСТЭНКА
Фота аўтара