Сучасны стан і перспектывы развіцця мытных класаў ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі абмеркавалі падчас круглага стала на факультэце міжнародных адносін БДУ, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
У мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі Міністэрства адукацыі, Дзяржаўнага мытнага камітэта, рэгіянальнай і цэнтральнай мытні сталіцы, кіраўніцтва сярэдніх школ і гімназій, дзе ёсць профільныя мытныя класы, супрацоўнікі кафедр мытнай справы БДУ і БНТУ.
Прадстаўнікі мытных органаў на чале з першым намеснікам старшыні Дзяржаўнага мытнага камітэта Аляксандрам Валіевым выказалі зацікаўленасць у тым, каб да іх на службу прыходзілі высокаматываваныя і патрыятычна настроеныя супрацоўнікі. Менавіта з гэтай мэтай сёння ў 13 установах агульнай сярэдняй адукацыі функцыянуюць 35 мытных класаў, дзе займаюцца 782 навучэнцы. Першы такі клас быў адкрыты ў 2013 годзе ў сярэдняй школе № 13 Гродна, а ў Мінску — у 2018 годзе ў сярэдняй школе № 46. Акрамя таго, такія класы працуюць у сталічных сярэдняй школе № 28 і гімназіях № 23 і № 30, у Бараўлянскай гімназіі, ва ўстановах адукацыі кожнага абласнога цэнтра, а таксама ў Бабруйску, Мазыры і Полацку.
— Мытныя класы — гэта профільныя класы прафесійнай накіраванасці. Сёння іх варта разглядаць як ваенна-патрыятычныя класы, якія арыентуюць вучняў на паступленне ва ўстановы вышэйшай адукацыі для падрыхтоўкі спецыялістаў у інтарэсах дзяржаўных органаў гарантавання нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь, — адзначыла кансультант Галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй, дашкольнай і спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Аляксандра Аляксеева.
Мытныя класы маюць сваю спецыфіку. У іх вучняў ёсць асаблівыя знакі адрознення ў элементах адзення, некаторыя носяць спецыяльную форму з шаўронамі і пагонамі. У такіх класах асобныя прадметы (па выбары дзяцей) вывучаюцца на павышаным узроўні, а прафарыентацыйная дзейнасць, у тым ліку і ўзаемадзеянне з прадстаўнікамі мытні, ажыццяўляецца ў рамках выхаваўчай работы. У планах — канчатковая распрацоўка і зацвярджэнне вучэбнай праграмы факультатыўных заняткаў з рабочай назвай “Уводзіны ў мытныя прафесіі”.
Выпускнікі мытных класаў маюць магчымасць атрымліваць мэтавыя накіраванні для паступлення ва ўстановы вышэйшай адукацыі на адпаведныя спецыяльнасці. Аднак яшчэ патрабуецца прапрацоўка сістэмы льгот пры залічэнні ва ўніверсітэты такіх абітурыентаў пры іншых роўных умовах.
У рамках круглага стала адбыліся экскурсія па спецыялізаваных кабінетах кафедры мытнай справы факультэта міжнародных адносін БДУ і прэзентацыя тэматычных кніжных фондаў бібліятэкі факультэта і тэматычнай прадукцыі “Белмытвыдат”.
Сёння атрымаць спецыяльнасць “Мытная справа” прапаноўваюць у БДУ, БНТУ, БелДУТ, ГрДУ імя Я.Купалы, ПДУ імя Еўфрасінні Полацкай і БрДТУ.
***
У 2013 годзе на базе сярэдняй школы № 13 імя У.Ц.Цабо Гродна быў адкрыты першы ў краіне спецыялізаваны мытны клас і падпісаны дагавор аб супрацоўніцтве з Гродзенскай рэгіянальнай мытняй.
— У мытныя класы нашай школы навучэнцы адбіраюцца па сярэднім бале пасведчання аб базавай адукацыі. Акрамя таго, праводзіцца субяседаванне з вучнямі аб матывах выбару названага профілю. Для юных мытнікаў уведзена адзіная форма адзення з шаўронамі і пагонамі (МК — мытны клас), — расказаў намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Мікалай Падручны. — Супрацоўнікі мытні запрашаюць нашых вучняў да ўдзелу ў сваіх мерапрыемствах, арганізоўваюць экскурсіі, знаёмяць з многімі аспектамі сваёй дзейнасці: работай пунктаў пропуску, прымяненнем тэхнічных сродкаў кантролю, сучаснымі інфармацыйнымі тэхналогіямі, кіналагічнай службай і г.д. Адным з найважнейшых мерапрыемстваў у школьным жыцці з’яўляецца прысяга. Юнакі і дзяўчаты ў прысутнасці ганаровых гасцей, педагогаў і бацькоў у адміністрацыйным будынку мытні абяцаюць з гонарам і годнасцю несці званне навучэнцаў мытных класаў.
Важнай падзеяй 2022 года ў школе стала сустрэча навучэнцаў мытных класаў са старшынёй Дзяржаўнага мытнага камітэта Рэспублікі Беларусь У.М.Арлоўскім і начальнікам Гродзенскай рэгіянальнай мытні А.К.Піхуном. Падчас той сустрэчы выдатнікам у вучобе і актывістам у грамадскім жыцці школы былі ўручаны заснаваныя беларускай мытняй значкі “За адзнаку. Мытны клас”. Адпаведны вопыт работы з дэманстрацыяй імправізаванага пункта мытнага кантролю вучні прадстаўлялі і міністру адукацыі А.І.Іванцу.
У гэтым годзе дзве каманды вучняў 10—11 класаў школы прынялі ўдзел у гульні-віктарыне, прысвечанай Дню Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, арганізаванай Гродзенскай рэгіянальнай мытняй. Каманда 11 класа “Вясёлыя мытнікі”, якая сапернічала з супрацоўнікамі мытні і трыма камандамі студэнтаў юрыдычнага факультэта, якія атрымліваюць спецыяльнасць “Мытная справа”, была ўзнагароджана дыпломам III ступені.
Яшчэ адной важнай падзеяй гэтага года ў 13-й школе Гродна стала ўрачыстае падпісанне дагавора аб супрацоўніцтве з Гродзенскай абласной калегіяй адвакатаў.
З 2013 года ў сярэдняй школе № 13 імя У.Ц.Цабо Гродна адбылося 9 выпускаў спецыялізаваных мытных класаў. Большасць выпускнікоў сталі студэнтамі спецыяльнасцей эканамічнай і юрыдычнай накіраванасці, а таксама спецыяльнасці “Мытная справа”. Выпускнікі школы сёння з’яўляюцца супрацоўнікамі розных мытных падраздзяленняў. У 2023 годзе заключаны тры дагаворы аб мэтавай падрыхтоўцы навучэнцаў па спецыяльнасці “Мытная справа”.
***
Першы спецыялізаваны мытны клас у сярэдняй школе № 46 Мінска быў адкрыты ў 2018 годзе, калі быў падпісаны дагавор аб супрацоўніцтве паміж школай, Мінскай рэгіянальнай мытняй і факультэтам міжнародных адносін БДУ.
— Мінская рэгіянальная мытня запрашае навучэнцаў да ўдзелу ў сваіх мерапрыемствах, конкурсах мастацкай творчасці. Традыцыйна ў школе праходзяць урачыстая лінейка і першы ўрок з прадстаўнікамі мытных органаў, — расказала дырэктар школы Людміла Зязетка. — Штогод навучэнцы мытнага класа наведваюць заняткі школы будучага мытніка на факультэце міжнародных адносін БДУ. Са школьнікамі займаюцца выкладчыкі кафедры мытнай справы, супрацоўнікі Мінскай рэгіянальнай мытні і Дзяржаўнага мытнага камітэта.
Сумесна з загадчыкам кафедры мытнай справы, доктарам гістарычных навук, прафесарам В.А.Астрогам штогод складаецца план сумесных пазакласных мерапрыемстваў са студэнтамі і навучэнцамі мытнага класа. Сярод іх экскурсія па факультэце і сустрэча са студэнтамі 1—4 курсаў, дзень адкрытых дзвярэй, дзень кар’еры на ФМА, удзел у міжнародных навукова-практычных канферэнцыях, дыпламатычныя чытанні, інтэлектуальная гульня “Дэбаты” на англійскай мове. Акрамя гэтага, выкладчыкамі кафедры “Мытная справа” праводзяцца анлайн-урокі па тэмах, якія выбіраюць самі вучні.
У сярэдняй школе № 46 Мінска вучні ва ўмовах профільнага навучання маюць магчымасць выбіраць яшчэ і прафесіі авіяцыйнай і эканамічнай спецыяльнасцей. З 2018 года школа супрацоўнічае з Беларускай дзяржаўнай акадэміяй авіяцыі. А ў маі гэтага года адбылася цырымонія падпісання пагадненняў паміж БДАА, сярэднімі школамі № 226 і № 46 і гімназіяй № 10 Мінска аб стварэнні авіяцыйных класаў. Да таго ж школа падпісала дагавор аб супрацоўніцтве з эканамічным факультэтам БДУ.
Інспектар мытнай службы, дэкларант, менеджар па рабоце з мытняй, спецыяліст знешнеэканамічнай дзейнасці, спецыяліст па мытным афармленні, мытны брокер — з гэтымі прафесіямі знаёмяцца сёння вучні.
***
Першы выпуск мытнага класа ў сярэдняй школе № 1 Брэста адбыўся ў 2020/2021 навучальным годзе. Яго выпускнікі, вельмі матываваныя і добра падрыхтаваныя, паступалі ва ўніверсітэты на “Мытную справу” або сумежныя спецыяльнасці, бралі мэтавыя накіраванні.
— Мытныя класы ў нашай школе функцыянуюць з 8 (у рамках дапрофільнага навучання) па 11 клас, у кожнай паралелі па адным, — паведаміла класны кіраўнік мытнага класа Ірына Ліцкевіч. — Профільныя прадметы, якія старшакласнікі вывучаюць у гэтых класах на павышаным узроўні, — гэта матэматыка і замежная мова, іх здаюць для паступлення на “Мытную справу”. Вучні 8-х класаў дадаткова асвойваюць другую замежную мову, нямецкую альбо іспанскую, класічны танец і ўсходнія адзінаборствы. Свае навыкі васьмікласнікі ў поўнай меры дэманструюць падчас урачыстага мерапрыемства пасвячэння ў навучэнцы мытнага класа.
Ва ўстанове праводзіцца вялікая колькасць сумесных з Брэсцкай мытняй мерапрыемстваў. Юных мытнікаў з брэсцкай школы лёгка пазнаць па цёмна-сіняй форме, якую яны з гордасцю носяць: кіцель і штаны ў хлопчыкаў і штаны ці спадніца ў дзяўчынак. Кашулі купляюцца асобна ў форменным магазіне — парадная белая і сіняя паўсядзённая. Формы хапае на два гады, а ў 10—11 класах, як правіла, яна перашываецца.
***
Удзельнікі круглага стала выказалі зацікаўленасць у пашырэнні супрацоўніцтва і абмене вопытам паміж установамі, дзе дзейнічаюць мытныя класы, правядзенні сумесных мерапрыемстваў. Знайшла падтрымку ідэя арганізаваць адпаведную тэматычную змену ў НДЦ “Зубраня”.
Надзея ЦЕРАХАВА