На прэс-канферэнцыі ў Мінску сярод іншага атрымалі падказку, што падарыць пад Новы год настаўнікам і тым, хто збіраецца звязаць з педагогікай свой лёс.
Прэс-канферэнцыя была прысвечана выданням апошняга часу па гісторыі беларускай дзяржаўнасці, гісторыі Бацькаўшчыны, пра якія будзе напісана асобна. А пакуль звернемся да інфармацыі, якой падзялілася ў прэс-цэнтры Дома прэсы Міраслава Шавыркіна, першы намеснік дырэктара выдавецтва “Адукацыя і выхаванне”.
Як вядома, Мінадукацыі выступае заснавальнікам “АіВ”, таму ў першую чаргу выдавецтва працуе на патрэбы сістэмы адукацыі, для педагогаў і школьнікаў. Міраслава Шавыркіна падкрэсліла, што асвета і адукацыя шмат у чым вызначаюць далейшы лёс, развіццё грамадства і дзяржавы. Яна звярнула ўвагу: у складзе выдавецтва ёсць шэраг перыядычных выданняў, у тым ліку штомесячнік “Беларускі гістарычны часопіс” і двухмесячнік “Гісторыя і грамадазнаўства”. На іх старонках сувязь паміж навукай і педпрактыкай наймацнейшая, гэтыя інфарэсурсы задавальняюць надзённыя запатрабаванні педагогаў.
— Практычна ўсе выданні можна выкарыстоўваць як у вучэбным працэсе, так і ў пазаўрочнай дзейнасці, — адзначыла Міраслава Шавыркіна. — Мы атрымліваем станоўчыя водзывы ад тых, хто праводзіць класныя альбо інфагадзіны, пазакласныя мерапрыемствы. На іх у вучняў абуджаюцца высокія пачуцці — грамадзянскасці, патрыятызму. У выніку юныя грамадзяне могуць больш аргументавана выказвацца пра сваю маральную і грамадска-палітычную пазіцыю ў дачыненні да падзей і вынікаў Вялікай Айчыннай вайны, фундаментальных каштоўнасцей грамадства і агульнай гістарычнай памяці.
Як прыклад выступоўца прыгадала вучэбныя дапаможнікі “Генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны” (2023) для навучэнцаў 1—4, 5—9, 10—11 класаў: яны падрыхтаваны для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі. У іх аснову пакладзены вынікі расследавання Генпракуратурай крымінальнай справы па шматлікіх фактах учынення нацысцкімі злачынцамі, а таксама іх памагатымі генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны і ў пасляваенны перыяд. Мая калега Надзея Церахава пісала пра рэспубліканскі вочна-дыстанцыйны семінар-прэзентацыю кніг у народным музеі “Дзеці вайны” 137-й школы Мінска імя П.М.Машэрава. Звернем увагу: для атрымання дадатковай інфармацыі ў дапаможніках выкарыстоўваюцца QR-коды.
— Вельмі абачліва мы падбіралі для тэкстаў ілюстрацыйны матэрыял, там усё дакладна выверана, — звярнула ўвагу Міраслава Шавыркіна. — Тэма для дзіцячага ўспрымання складаная, і таму ў кнігах улічаны ўзроставыя асаблівасці.
З 2022 года ў выдавецтве выходзіць серыя навукова-папулярных кніг “Я горжусь!/Я ганаруся!” з аўдыяверсіямі для дзяцей малодшага школьнага ўзросту: выданні спрыяюць выхаванню ў іх глыбокай павагі да нацыянальнай культуры, гістарычнай памяці. А новыя выданні “Дзецям аб Канстытуцыі: проста аб галоўным” і “Выбары: будучаму выбаршчыку” павышаюць прававую дасведчанасць моладзі.
Значным па аб’ёме, шматколерным, багата ілюстраваным выйшаў вучэбны дапаможнік для студэнтаў УВА “Гісторыя беларускай дзяржаўнасці” пад агульнай рэдакцыяй Ігара Марзалюка.
— Сістэмна і глыбока выкладзены звесткі па гісторыі розных этапаў беларускай дзяржаўнасці, паказана іх эвалюцыя з улікам як унутраных фактараў, так і глабальных працэсаў, — звярнула ўвагу Міраслава Шавыркіна. — Мы рыхтуем аналагічны дапаможнік для моладзі з устаноў ССА: ён будзе меншым па аб’ёме і рускамоўным.
Асаблівай увагі заслугоўвае навукова-папулярнае выданне “Образование в Беларуси: истоки, история, современность”. Помніцца, як увесну Валянцін Навагродскі, дырэктар “АіВ”, анансаваў кнігу пад рабочай назвай “99 вядомых фактаў пра адукацыю ў Беларусі”. Ён казаў тады, што калектывам аўтараў кніга напісана вельмі цікава, у ёй прадстаўлены ключавыя моманты з гісторыі асветніцтва і педагагічнай думкі, знакавыя асобы. “Мы ўсе такой спадчынай можам ганарыцца! — сцвярджаў Валянцін Янавіч. — Бо і ў прасторы еўрапейскай асветы, адукацыі нашы асветнікі на вышыні”.
Кніга расказвае і пра найстарэйшыя навучальныя ўстановы краіны, ранейшыя выданні, па якіх вучыліся нашы дзяды і прадзеды. У ёй асвятляюцца працэсы зараджэння, станаўлення і развіцця нашай сістэмы адукацыі, апісаны рэформы, інавацыі, адлюстравана яе ідэйная скіраванасць. Гэта вельмі карысная кніга для будучых педагогаў і тых, хто займаецца ў педкласах.
Ці не зрабіць у школах краіны традыцыяй дарыць такое цудоўнае выданне на дзяржаўныя і навагоднія святы, адзначаючы дні нараджэння будучых педагогаў, іх поспехі ў вучобе, алімпіядным руху? А любімым настаўнікам — у Дзень ведаў ці на дзень нараджэння. Карацей, каштоўная кніга ёсць, а 99 цудоўных нагод, каб зрабіць яе падарункам, спадзяёмся, вы самі знойдзеце.
Іван ЖДАНОВІЧ
Фота аўтара