І прадаўжаецца Кіно

- 13:01Авторские колонки, Мнение

Нататкі з нагоды завяршэння XXIX Мінскага міжнароднага кінафестывалю “Лістапад”.

На вялікім рахунку, стварэнне кіно ёсць каштоўны вобраз таго, хто галоўны ў гэтым свеце. Хто, як кажуць, заказвае музыку: гук, святло, відэарад і шмат чаго яшчэ. Хто стаіць за раскад­раваным — на моманты, га­дзіны, дні, месяцы і гады — кінафільме Жыцця. І хто пры тым застаецца нябачным. А тлеюць жа сям-там з часоў атэізму і пустыя спрэчкі: ёсць Ён увогуле альбо не?..

Праз бляск і мітусню на цырымоніі закрыцця фестывалю ў Доме кіно праступала відавочнае: ён “за кадрам”. І ў той жа час — ва ўсім, што адбываецца. Хоць артысты нібыта ў цэнтры ўвагі: танцу­юць, разыгрываюць пантаміму, гратэскна паказваюць рытмы кінавытворчасці. І тыя, хто спявае і вядзе імпрэзу, і шаноўныя людзі, якія ўручаюць узнагароды шчаслівым дыпламантам і пераможцам, — усе ўваходзяць у кампазіцыю сцэнічнага кадра зусім не хаатычна. У адпаведнасці з кімсь­ці напісаным, дзесьці ўзго­дненым планам. І кожны іграе ў гэтай імпрэзе прадвызначаную яму ролю.

Але ж ёсць моманты, якія цяжка сыграць. У якіх падсвечваецца тое, што прынята называць душой. На прэс-канферэнцыі з нагоды заканчэння фэсту падзяліўся ўражаннем госць з Кітая Лэй Хань, акцёр кіно і тэлебачання, прадзюсар. Ён быў членам журы і трапіў на адкрыццё фестывалю. А там, калі Аляксандра Гайдук спявала шчымлівую песню пра па­мяць і тых, хто сышоў за кадр праяўленага жыцця, на экране ўсплывалі і знікалі твары. У знак павагі да тых дзеячаў беларускага кіно, якія адышлі, зала ўстала. “І вось гэты момант Лэй Ханя вельмі ўсхваляваў… — падбірала словы перакладчыца. — Бо такім чынам ён змог адчуць і ўбачыць адкрытасць душы беларусаў”.

Знакам нашай адкрытасці з’яўляецца і тое, што з Кітаем падчас кінафэсту быў падпісаны дагавор аб сумесных здымках фільма. У студзені яны пачнуцца. Лэй Хань у фільме хоча паказаць беларускіх рэжысёраў, сцэнарыстаў, акцёраў. Так што кітайская мова ў трэндзе, як гаварылі ў кулуарах кінафэсту. А яго дырэктар Юрый Аляксей, гендырэктар кінастудыі “Беларусьфільм”, на прэс-канферэнцыі падарыў партнёру з дружбай і любоўю, а таксама з глыбокім сэнсам  сімвалічны падарунак — майку з вядомым у нас мерчам Першага “Раздевайся и работай!”. Мяркую, працавітым кітайцам і тлумачыць не трэба, што да чаго.

На кінафоруме не толькі глядзяць кіно, шмат гавораць і прыемна бавяць час. Заключаны іншыя дагаворы аб супрацоўніцтве. Акцёр і рэжысёр, прадзюсар, народны артыст Расіі Ігар Угольнікаў зняў кінафільм “Падольскія курсанты” — ён ішоў у школах Беларусі. А цяпер запускаецца беларуска-расійскі праект. Будзе здымацца фільм “Бацька Мінай. Партызанская легенда”. Здымкі ўжо летам, выпуск фільма запланаваны да 80-годдзя Вялікай Перамогі: у маі 2025-га. І выбар рэжысёра, і сумеснасць праекта, і тэма, і час для работы над ёй (80-годдзе Вызвалення!) — сімвалічна ўсё, і ўсё мае вобразнае напаўненне.

У складзе журы конкурсу працаваў расійскі кінакрытык Аляксандр Семянюк. Ён лічыць фэст месцам, дзе адсочваюцца тэндэнцыі ў кінамастац­тве, кінаіндустрыі. Неяк ён пісаў, што любы фільм — гэта пэўны злепак часу, духоўнай сітуа­цыі эпохі ў выглядзе вобразаў і метафар. І на выніковай прэс-­канферэнцыі ён заўважыў: кіно адлюстроўвае карціну свету, якая мяняецца сёння вельмі хутка і катастрафічна. І каб трымаць руку на пульсе часу, важна назіраць і тое, як мяняецца кіно: “Практычна скончылася эпоха літаратурацэнтрычнага апавядальнага кіно. Тады расказвалі пра па­дзеі толькі пры дапамозе сюжэта, па прынцыпе “што бачу, тое і спяваю”. Цяпер надышла эпоха кіно сімвалічнага. І ў гэтым сэнсе кітайскае кіно, ві­даць, найбольш адпавядае нашаму часу. Бо іерагліфічная мова сімвалаў вельмі сугучная з сімвалічнай мовай кіно. А яно даўно спрабуе гава­рыць на мове міфаў і архетыпаў”.

Заўважым: і Той, Хто нібыта “за кадрам”, размаўляе з людзь­мі сімвалічнай мовай, прыпавесцямі, пададзенымі праз прарокаў, свяшчэнныя кнігі. То, магчыма, кіно ёсць якраз тая карысная забаўка, праз якую мы набліжаемся да Боскай мудрасці?

Аляксандр Семянюк лі­чыць добрым знакам, што стратэгічным партнёрам нашых кінематаграфістаў становяцца іх калегі з Кітая. Прадаўжаецца супрацоўніцтва і з Расіяй, дзе жывыя традыцыі сімвалічнага кіно Андрэя Таркоўскага. На думку кінакрытыка, найлепшы з сучасных фільмаў пра вайну — “Падольскія курсанты”: “Ёсць там яскравы і моцны вобраз пераадолення смерці жыццём. І адначасова вобраз пералому ў вайне, будучай Перамогі. У фінале курсанты пасля страшнага бою ідуць да сваіх… Іх няшмат засталося, і ўдарыў мароз, выпаў іней, у тым ліку на іх. Усе збялелыя, інеем пакрытыя шынялі — такое ўражанне, быццам выйшлі з холаду магільнага, з таго свету. А ім насустрач ідуць новыя сібірскія дывізіі. Воіны ў цёплага колеру карычневых паўкажушках, маладыя, ружовыя твары. Такая сустрэча і ёсць вобраз пералому ў вайне. І такое вобразнае кіно сёння вельмі запатрабавана”.

…Фестываль кіно ў Мінску завяршыўся. А кіно ствараецца і прадаўжаецца. Пад­рыхтоўка да ХХХ кінафоруму распачалася. І дзесьці ўжо лунаюць сімвалы і вобразы, каб увасобіцца ў новых фільмах, у нашай рэальнасці.

Іван ЖДАНОВІЧ
Фота аўтара