Педагагічны калектыў гімназіі № 1 Навагрудка ў бягучым навучальным годзе папоўніўся выдатнікам адукацыі. Настаўніца біялогіі Святлана Новік атрымала запаветны нагрудны знак Міністэрства адукацыі з рук начальніка Галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Руслана Абрамчыка, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
У кожнага педагога — свой шлях да такой высокай узнагароды за працу. Для Святланы Васільеўны гэты шлях пачаўся на факультэце прыродазнаўства Мінскага дзяржаўнага педінстытута імя А.М.Горкага (зараз БДПУ імя Максіма Танка). Атрымаўшы спецыяльнасць “Настаўнік геаграфіі і біялогіі”, юная настаўніца па размеркаванні прыехала працаваць у Навагрудскі раён — у сельскую васьмігодку ў Брольніках. Працавала настаўніцай геаграфіі, біялогіі і хіміі. Пасля кароткага дэкрэтнага водпуску ўладкавалася на работу ў дзіцячы сад, а калі ў 1986 годзе ў Навагрудку адкрылася сярэдняя школа № 6 (зараз гімназія № 1), стала выкладаць там біялогію. І вось без малога 40 гадоў як адзін дзень…
Мы гутарым з выдатнікам адукацыі ў кабінеце біялогіі, а яе руплівыя дзесяцікласнікі старанна занатоўваюць новыя веды ў сваіх канспектах. Настаўніца і вучні раз-пораз пераглядваюцца і пасміхаюцца. Адным словам, атмасфера ў класе творчая.
— Як змяніліся навучэнцы за апошнія 10 гадоў? — задаю пытанне настаўніцы, якая вучыла дзяцей яшчэ тады, калі ў школах не было камп’ютараў і інтэрактыўных дошак.
— Дзеці не змяніліся, але змяніліся ўмовы для іх, — разважае настаўніца. — У дзяцей, якія вучыліся раней, не было столькі даступных крыніц інфармацыі. Раней навучэнцы рыхтавалі свае работы, шукаючы матэрыял у бібліятэцы. Зараз уся інфармацыя даступная для вывучэння, і гэта вялікі плюс. З іншага боку, раней дзецям было прасцей, чым сёння. Па-першае, праграмы для вывучэння былі лягчэйшымі. Па-другое, былі прасцей напісаны падручнікі. Праўда, зараз пайшла тэндэнцыя, што складаныя падручнікі спрашчаюць, аднак быў перыяд, калі падручнікі былі настолькі складанымі, што дзеці скардзіліся мне: “Не разумеем, што ў кнізе напісана”. А ў біялогіі шмат тэрміналогіі, якую неабходна запомніць.
Да таго ж раней з дзецьмі працаваць было лягчэй, прызнаецца Святлана Новік, бо яны былі больш назіральнымі і больш судакраналіся з прыродай, разумелі, як выглядаюць усе расліны, больш дапамагалі бацькам на прысядзібных участках. А сёння ёсць дзеці, якія не ведаюць, як расце тое, што яны ўжываюць у ежу. Гэта стала відавочным, калі ўвялі ЦТ па біялогіі. На тэсціраванні было пытанне па жыццёвай форме бульбы, і некаторыя з навучэнцаў, выбіраючы паміж травяністай раслінай, кустом і дрэвам, былі ўпэўнены, што бульба — гэта куст.
Святлана Васільеўна з асаблівым пачуццём расказвае пра любімых вучняў:
— Мая гордасць, пераможца рэспубліканскай алімпіяды Максім Валчок, пачаў сур’ёзна вывучаць біялогію з 8 класа. Зараз ён працуе хірургам-траўматолагам у Лідзе. На маю думку, чым раней дзіця пачынае глыбока вывучаць прадмет, тым лепш. Зацікавіць біялогіяй сучасных дзяцей нескладана: галоўнае, каб яны адчулі смак першага поспеху ў вывучэнні прадмета. Тады ім захочацца дасягнуць большых вынікаў. Вельмі люблю працаваць з профільнымі класамі і зацікаўленымі дзецьмі, такімі, як мае адзінаццацікласнікі Павел Мантуш, Настасся Сусла і Данііл Горбач. Яны сур’ёзна вывучаюць біялогію і мараць аб прафесіі ўрача.
Святлана Васільеўна пераканана, што школа можа не проста даць трывалыя веды па біялогіі, але і выхаваць экалагічна дасведчанага чалавека. Пытанні здароўезберажэння і абароны ад хвароб дзеці пастаянна вывучаюць на ўроках біялогіі. Акрамя таго, навучэнцы ведаюць, як сартаваць адходы, каб не забруджваць навакольнае асяроддзе.
У выдатніка адукацыі гімназісты не маюць маральнага права вучыцца дрэнна. За апошнія 3 гады сярэдні бал па прадмеце ў навучэнцаў Святланы Васільеўны складае адпаведна 7,9; 8,1 і 8,7. Яе навучэнка Юлія Грышко на ЦТ па біялогіі атрымала 100-бальны вынік і зараз вучыцца ў Беларускім дзяржаўным медыцынскім універсітэце. Дарэчы, у тым жа годзе аж 10 выпускнікоў Святланы Новік паступілі ва ўніверсітэты на медыцынскія спецыяльнасці. Вось гэта прафарыентацыя!
Навучэнцы Святланы Васільеўны — удзельнікі Рэспубліканскай прадметнай алімпіяды па біялогіі, творчых конкурсаў экалагічнай тэматыкі. Настаўніца кіруе работай гімназічнага метадычнага аб’яднання настаўнікаў біялогіі, праводзіць майстар-класы для калег з усяго раёна, дае змястоўныя адкрытыя ўрокі для маладых спецыялістаў. Таксама Святлана Новік кіруе аб’яднаннем па інтарэсах “Юныя эколагі”, прымае
ўдзел ва ўпрыгожванні прышкольнай тэрыторыі, стварэнні клумб, малых архітэктурных форм.
У 2021 годзе ў гімназіі з’явіўся этнаграфічны музей ільну і побыту. Святлана Васільеўна сумесна з настаўнікам беларускай мовы і літаратуры арганізавала яго работу. У рамках гімназічнай бізнес-кампаніі “Навагрудскія самаробкі” навучэнцы вырошчвалі расаду памідораў, якую потым рэалізоўвалі ў мікрараёне гімназіі.
Ідзе час. Падрастаюць дзеці. Шапацяць бярозы на двары першай навагрудскай гімназіі.
Прыродны, спрадвечны цыкл паўтарецца зноў і зноў.
Таму настаўніцы біялогіі выдатніку адукацыі Святлане Новік няма часу сядзець склаўшы рукі. На пытанне журналіста аб сакрэце педагагічнага поспеху Святлана Васільеўна адказвае проста: “Трэба працаваць”.
Наталля КАСТЭНКА
Фота Вольгі ПІСАР